Путешествуем с Ниной Рыбик. Лучше, чем горы, могут быть только... замки в горах!
Немагчыма ўявіць Баварыю без Альп. Аднак Альпы – гэта не толькі Германія, а яшчэ і Аўстрыя, Швейцарыя, Францыя, Cлавенія, Італія і нават Манака і Ліхтэнштэйн.З усіх бакоў разгледзець гэтую буйнейшую еўрапейскую горную сістэму не давялося, але тое, што бачыла ў Баварыі, Аўcтрыі, Італіі, – заварожвае. Калі мяне просяць сказаць у двух словах, што больш за ўсё ўразіла ў гэтай паездцы, я адказваю, што гэта Рым і Альпы. Пра Рым – крыху пазней, а пра горы… Шчыра кажучы, цяжка пра іх расказваць. Гэта нейкая магічная, заварожваючая сіла, якая бярэ цябе ў палон на першых подступах – і не адпускае, пакуль ты сам не адступішся. Мусіць, нездарма самыя дужыя, мудрыя, высакародныя людзі жывуць у гарах…
…Напэўна, я зноў рассмяшу некага з нашых чытачоў, куды больш дасведчаных, чым я, якая “паўсюль катаецца, а затым яшчэ і піша пра гэта”, але так зблізку горы я бачыла ўпершыню. І засталася ў шчырым, безумоўным захапленні ад іх велічы і прыгажосці, ад іх магутнай стоенай сілы, што хаваецца ў высакароднай шэрані скалістай ці парослай густым лесам (як, за што ён там трымаецца?) вяршыні! Зараз я разумею сапраўдны сэнс слоў Высоцкага “Лепш чым горы, могуць толькі горы, на якіх ты яшчэ не бываў”.
Хоць, калі па праўдзе, то і ў Альпах я, па вялікім рахунку, не была (і не трэба хмыкаць паблажліва: маўляў, знайшла горы – Альпы, вышэйшыя бачылі. Вы бачылі, а я – не. Таму і захапляюся!) Іх веліч і сілу разам з іншымі турыстамі сузірала ў асноўным з асфальтаванага добраўпарадкаванага падножжа ці з акна аўтобуса. І вельмі шкадавала, што праграма тура не прадугледжвае магчымасць узняцца на якую-небудзь, хай сабе і невысокую, для пачынаючых, “дзіцячую” ці “пенсіянерскую” вяршыньку (вось чаму падарожнічаць самастойна, пры наяўнасці тых умоў, пра якія я гаварыла ў папярэднім артыкуле, лепш). Я б у гэтым выпадку, напэўна, забылася пра народную мудрасць пра разумнага, які ў горы не ходзіць…
А альпійскія азёры! Такога насычанага цёмна-зялёнага, малахітавага колеру вады я не бачыла ніколі і не ўяўляла, што ён можа быць. Дасведчаныя патлумачылі, што вада, пакуль збіраецца ў возеры, праходзіць горныя пароды і насычаецца ўсімі мікраэлементамі. І што яна вельмі халодная ад мноства крыніц, што харчуюць сілу азёр (не правяралі). І вельмі чыстая і смачная. (Пэўна ж: цяжка ўявіць, што вада такога колеру і празрыстасці, калі на дне праз шматмятровую глыбіню бачны кожны каменьчык, можа быць не чыстай і не смачнай…)
Аднак трошачкі, самую крышачку, мне ўсё ж удалося дакрануцца да Альпаў, адчуць іх – на дотык, на водар… І нават паспрабаваць расчытаць таямнічыя пісьмёны ў хітраспляценнях каранёў цяністага альпійскага лесу, расслухаць музыку ў пералівістым ці то смеху, ці то плачы імклівага горнага ручая, раз гледзець абрысы балетных пачак ў карагодах аблокаў, што няспешна, мяняючы аблічча, праплывалі над казачна прыгожым белым замкам Нойшванштайн… Магчыма, тая ж музыка альпійскага ручая і адажыо аблокаў разгледзеў некалі і Пётр Ільіч Чайкоўскі – гісторыкі сцвярджаюць, што менавіта пасля наведвання баварскага замка Нойшванштайн (у даслоўным перакладзе – “новы лебядзіны камень”) і нарадзілася ў яго ідэя балета “Лебядзінае возера”.Баварскія замкі – асобная спакуса для вандроўніка, нават распешчанага еўрапейскімі цікавосткамі. Гэта – дэсерт для турыстычных гурманаў, якія ўжо “аб’еліся” Парыжам, Прагай, Венай… Канешне ж, нам – тым, хто “галопам па Еўропах”, – дастаўся толькі кавалачак гэтага дэсерту, але які! Замак Нойшванштайн – сапраўдная жамчужына, нездарма ж менавіта ён быў узяты за прататып пры ўзвядзенні замка Спячай Прыгажуні ў Парыжскім дысней-лэндзе. І калі вы не наведалі яго, то можна лічыць, што баварскіх замкаў вы не бачылі.
А калі вы не ведаеце гісторыю яго будаўніцтва, то ўсё роўна, што і ў замку не былі, нават калі вам удалося ўбіцца ў натоўп турыстаў, якіх тут поўна з раніцы (нам пашанцавала – мы былі амаль што першымі!) і да самага закрыцця, і абышлі з аўдыёгідам яго знізу даверху.
Уся гісторыя замка Нойшванштайн непарыўна звязана з імем баварскага караля Людвіга ІІ, асобай неардынарнай, высокаадукаванай – і пры тым вельмі адзінокай, незразуметай сучаснікамі, драматычны лёс якога ўрэшце скончыўся трагічнай загадкавай смерцю, прычыну якой землякі да гэтага часу так і не вызначылі дакладна – ці не схацелі вызначыць? Ён ведаў і цаніў мастацтва, абагаўляў Рыхарда Вагнэра і яго музыку – і ненавідзеў вайну, якая несла смерць, разбурэнне. Ён пачаў будаваць новы прыгожы рамантычны замак Нойшванштайн непадалёк ад бацькоўскага замка Хоэншвангау, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады – і яго ніхто не разумеў: навошта такія траты для знясіленай пасля прайгранай вайны краіны? А для Людвіга гэты казачны замак быў своеасаблівай “схованкай” ад свету, які не разумеў свайго караля, – і з жорсткасцю, сквапнасцю, здрадамі, інтрыгамі, няшчырасцю якога не мог змірыцца ён, усёўладны правіцель краіны…Зрэшты, калі турыстычныя шляхі-дарогі занясуць вас у Баварыю, да падножжа замка Нойшванштайн, і ў вас будзе выбар – экскурсія па замку ці вандроўка па яго ваколіцах – мая вам парада: выбірайце апошняе. Хай даруе мне кароль Людвіг ІІ, але ўнутранае ўбранства замка не асабліва ўражвае – хіба што здзіўляе мноствам самых разнастайных выяў лебедзя (нездарма ж замак мае такую назву) і багатымі роспісамі сюжэтаў з опер Рыхарда Вагнэра. Ну так, раскоша – а якім яшчэ быць каралеўскаму замку? Праўда, раскоша па тым часе сучасная (замак Нойшванштайн у еўрапейскай іерархіі – можна сказаць, “навадзел”: яму ўсяго толькі крыху больш за сотню гадкоў): тут побач з незвычайнай прыгажосцю, якую стваралі лепшыя мастакі і скульптары таго часу ўжо ў далёкім 19-ым стагоддзі суседнічалі электрычныя званкі і нават тэлефоны, падагрэў вады, паветранае ацяпленне – усе выгоды цывілізацыі.
Але наваколле… Я ўжо казала вам пра першае спатканне з Альпамі, якое чакае яшчэ па дарозе да замка. Канешне, можна за тры еўра ўсесціся ў жывапісную павозку і пераадолець гэтыя тры кіламетры да замка хутчэй і з большым камфортам – але тады і пісьмёны каранёў, іерогліфы якіх вырваліся з палону магутнай гары, застануцца непрачытанымі вамі, і музыка горнага ручая – непачутай. А калі вы знойдзеце час, сілы і жаданне, каб прайсціся па горнай сцяжынцы да моста Марыебрукэ, які быў пабудаваны ў гонар маці Людвіга ІІ каралевы Марыі – незабыўныя ўражанні вам гарантаваны… З аглядавай пляцоўкі, што каля замка, мост здаецца сплеценымі нейкай невядомай майстрыхай казачнымі карункамі, невядома як прылепленымі паміж дзвюма стромкімі скаламі, а людзі, што шчоўкаюць фотаапаратамі на сярэдзіне яго – маленькія, як мурашы, – патэнцыяльнымі самазабойцамі. Аднак ужо праз паўгадзіны ўзыходжання па горнай сцежцы ты добраахвотна далучаешся да гэтых аматараў адрэналіну, стараючыся не заўважаць, як злёгку калышацца пад нагамі драўляны насціл, і не думаць, што ўнізе – цясніна глыбінёй 95 метраў і 45-мятровы вадапад… Затое з гэтага матчынага моста Марыебрукэ атрымліваюцца самыя цудоўныя і непаўторныя здымкі сынавага замка! Ну і мы – на фоне…
…Людвіга ІІ у свой час пераконвалі ў неабходнасці пабудаваць да яго любімага дзецішча – замка Нойшванштайн – чыгунку. На што ён адказаў: “Ідылію адзіноты нельга парушаць будаўніцтвам чыгункі і фабрык. Як для мяне сёння, так і для многіх людзей настане час, калі яны будуць страсна шукаць месцы, дзе ў час сучаснай культуры, тэхнікі, сквапнасці і спешкі яшчэ існуюць куточкі без шуму, мітусні, дыму і пылу”. Празарліўцам быў кароль!Канешне, у замку Нойшванштайн ідылію адзіноты зараз не адчуў бы нават кароль – гэта адзін з самых папулярных у турыстаў усяго свету “аб’ект”. Але вось парадокс: замак, за будаўніцтва якога сучаснікі дакаралі караля, расходы на які ставілі яму ў віну, зараз, разам з іншымі замкамі, у тым і тымі, якія насуперак супраціўленню, яўнаму і тайнаму, тагачаснай знаці будаваў у Баварыі Людвіг ІІ, цяпер “кормяць” з кашалькоў турыстаў усю Баварыю, якая, нагадаю, з’яўляецца адной з самых багатых зямель Германіі.
Такія вось парадоксы гісторыі!
-------------------
Ніна РЫБІК.
