Путешествуем с Эмилией Комар. Шри-Ланка

Эмилия Шри-ЛанкаМарка Пола назваў Шры-Ланку найпрыгажэйшым востравам у свеце. І хаця мне пакуль што не давялося пабываць на ўсіх-усіх астравах, але знакамітаму падарожніку я веру.

Шры-Ланка – гэта тысячы розных фарбаў і іх адценняў, безліч самых розных пахаў, чароўны водар непаўторнай лёгкасці і шчасця. Краіна багатая на флору і фауну, каштоўныя камяні, будысцкія святыні, гістарычныя помнікі – і на цёплыя воды Індыйскага акіяна, плаваць у якім, здаецца, можна, пакуль не ператворышся ў якую-небудзь марскую істоту. Беларусь і Шры-Ланку раздзяляюць тысячы кіламетраў – каб пераадолець іх, неабходна двое амаль бяссонных сутак. Але гэта таго варта!

Эмилия Шри-Ланка1…Ніякіх тураў, ніякіх гідаў, ніякіх загадзя забраніраваных атэляў: мы з Андрусём традыцыйна набываем квіткі ў два бакі, збіраем два заплечнікі, не забыўшыся пакласці туды нож, ліхтарык, лекі – і адпраўляемся ў экзатычную азіяцкую краіну. Дарога доўгая, маршрут няпросты: Гродна-Мінск-Масква-Доха (сталіца Катара) – і, нарэшце, сталіца Шры-Ланкі Каломба. Катар, дарэчы, знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Аравійскага паўвострава, абмываецца водамі Персідскага заліва і лічыцца адной з найбагацейшых краін у свеце. Шкада толькі, што падчас шасцігадзіннай перасадкі мы не маглі нават выйсці з аэрапорта Дохі – не мелі візаў, і таму не пабачылі буйнейшы горад гэтай цікавай арабскай дзяржавы.

Эмилия Шри-Ланка2На Шры-Ланцы жывуць сінгалы. Да набыцця незалежнасці краіна называлася Цэйлонам. Гісторыя рэспублікі няпростая: спачатку землі былі пад акупацыяй партугальцаў, потым – галандцаў, затым – англічан. Апошняе сінгальскае каралеўства было ліквідавана англічанамі ў 1815 годзе – уся тэрыторыя вострава стала калоніяй Брытанскай імперыі. І толькі ў 1972 годзе Цэйлон быў перайменаваны ў Шры-Ланку і перастаў быць дамініёнам Велікабрытаніі.

Паляцець на Шры-Ланку і жыць там некаторы час – справа не толькі прыемная, але і адносна простая. Прынамсі, у параўнанні з дарагімі еўрапейскімі краінамі. Тут ўсё наадварот: калі ў Беларусі квіткі на самалёт куды-небудзь у Еўропу каштуюць нядорага, а жыццё там вылеціць у капеечку, то ў падарожжы на Шры-Ланку самае дарагое – гэта пералёт. А вось жыць там – асалода!

Ланкійцы – народ небагаты. Як расказваў нам наш сябар са Шры-Ланкі, сярэдні памер іх заробку – 200-250 долараў, таму мясцовыя кошты і беларуса не б’юць па кішэні, калі не ўлічваць турыстычныя месцы.

Перасоўваліся па востраве мы на цягніках, аўтобусах і тук-туках – гэта адмысловае таксі, маленькая будка на трох колах. Каштуе адносна нядорага, асабліва калі патаргавацца з кіроўцам.

Эмилия Шри-Ланка3Помнікі Юнэска – і прыгажосць прыроды


Восем аб'ектаў сусветнай спадчыны на Шры-Ланцы падзяляюцца на сем культурных і адзін прыродны аб'ект. Два культурныя аб'екты прызнаны шэдэўрамі чалавечага генія. Адна з прычын, чаму мы набылі квіткі, а не тур (хаця розніца ў кошце невялікая) – тое, што на Шры-Ланцы шмат розных помнікаў, вадаспадаў, храмаў, гор. Усе яны раскіданы па востраве (а ён немаленькі). Хацелася аб’ехаць і пагля-дзець як мага больш і не быць прывязанымі да аднаго месца, бо ў краіне, дзе столькі прыгожых мясцін, проста грэх валяцца на пляжы пад пякучым сонцам.

Пасля прылёту мы не затрымліваліся ў сталіцы. Рабіць там няма чаго – Каломба падаўся цесным, шумным, брудным горадам, дзе пануе хаос. Цягніком мы накіраваліся ў глыб востра- ва, дзе, можа, і не атрымаеш такі суперзагар, як на пляжы, але дакладна спазнаеш штосьці цікавае.

Эмилия Шри-Ланка4Царская крэпасць і прытулак манахаў


Першае, што мы зрабілі на Шры-Ланцы, – пакаталіся на слане. Якія ж гэта адчуванні, калі пад табой такая махіна! Сланы, між іншым, самыя буйныя наземныя жывёлы, якія насяляюць Зямлю.

Наступны цуд, у які мы трапілі, – гэта Сігірыя, па-іншаму – львіная скала. Гэта разбураная старажытная крэпасць з рэшткамі каралеўскага палаца, якая сёння з’яўляецца адным з сімвалаў Шры-Ланкі. Скала ўзвышаецца на 360 метраў над узроўнем мора, яе відаць на шмат кіламетраў ва ўсіх напрамках. З вышыні бачныя бяскрайнія сады, у якіх калісьці білі ледзь не першыя ў свеце фантаны. Спачатку Сігірыя была горным манастыром-прытулкам для манахаў, пазней цар Касапа пабудаваў тут свой палац, зрабіўшы крэпасць непрыступнай. І хаця было гэта ў V стагоддзі, пра яго існаванне еўрапейцам стала вядома толькі ў  1907 годзе. На сценах скалы дагэтуль захаваліся шматлікія фрэскі, якія прасціраюцца на 140 метраў у даўжыню і 40 – у вышыню. На іх адлюстраваны пераважна аголеныя жанчыны-наложніцы.

Падчас наведвання Сігірыі мы пазнаёміліся са школьнікамі-ланкійцамі. Відаць, яны прыехалі на экскурсію. Усе як адзін у белай школьнай форме, з аднолькавымі заплечнікамі. І ўпершыню мы адчулі да сябе такую ўвагу мясцовых жыхароў. Спачатку яны доўга пазіралі на нас, а калі я памахала ім рукой, прапанаваўшы сфатаграфавацца, яны ад нас не адступаліся. Для іх, дзетак, белы чалавек – істота вельмі цікавая, таму наступныя дні мы зноў і зноў знаёміліся з ланкійскай дзетварой, якая не стамлялася махаць нам рукамі і ўвесь час вітацца. Мы нават пачаставалі іх беларускім зефірам, які прывезлі для нашага каўчсёрфера.

Эмилия Шри-Ланка5Наш новы сябар Лакшыта


З вялікім уражаннем ад Сігірыі мы накіраваліся ў старажытны горад Кандзі. Трапілі туды толькі вечарам, давялося адразу ехаць на месца начлегу. Ім, на наша вялікае шчасце, стаў дом звычайнай ланкійская сям’і. Яны не імкнуліся нажыцца на турыстах, як значная частка насельніцтва, не спрабавалі выцягнуць з нас як мага больш грошай – проста гасцінна нас прынялі. З Лакшытам, гэта дваццаціпяцігадовы хлопец, мы пазнаёміліся на сайце “Каўчсёрфінг”. Гэта сусветная сетка людзей, якія гатовы бясплатна прыняць вандроўнікаў з іншых краін. Вось і Лакшыта шмат гадоў з радасцю запрашае да сябе падарожнікаў – так ён даведваецца пра іншыя краіны, вучыць англійскую мову і знаёміць гасцей краіны са сваёй культурай.

У гасцях у Лакшыты мы правялі два цудоўныя дні. Ён адвёз нас на чайную фабрыку, дзе нам паказалі працэс вытворчасці чаю на ўсіх этапах, з ім мы наведалі самыя прыгожыя і каларытныя вёсачкі, ён навучыў нас рабіць смачныя кактэйлі з садавіны і марозіва, частаваў традыцыйнымі стравамі. Хлопец падчас развітання вельмі прасіў знайсці яму дзяўчыну ў Беларусі. Тым не менш на пытанне “А ці хочаш ты жаніцца?” з усмешкай і хітрынкай у вачах адказаў, што не – так ён пазбавіцца свабоды.

Будызм – не рэлігія, а Буда – не Бог


Яшчэ падчас знаёмства з Лакшытам, я адзначыла, наколькі для ланкійцаў важны будызм. З Лакшытам на гэтую тэму мы размаўлялі амаль чатыры гадзіны. Будызм вызнаюць 70 працэнтаў насельніцтва. Але ланкійцы не лічаць Буду Богам. Сам Буда ніколі не заклікаў нікога ў штосьці верыць. Больш таго – ён забараняў паглыбляцца ў пытанні існавання і прыроды Бога, бо такія пошукі амаль бессэнсоўныя. Ён вучыў толькі аднаму – як вызваліцца ад пакут. Галоўнае – канцэпцыя сярэдняга шляху, інакш кажучы – не варта кідацца ў крайнасці. І важна ўмець быць тут і цяпер. Гэтаму дапамагае медытацыя.

Помнікі Буду, яго выявы можна знайсці паўсюль – пачынаючы ад храмаў і заканчваючы мясцовым транспартам. У Кандзі, бадай, самай вядомай святыняй з’яўляецца храм Зуба Буды. Нам пашанцавала: мы трапілі на вячэрнюю цырымонію, калі можна ўбачыць скрыню з тым самым зубам. У храм заходзіш босым, адчуваеш прыемную прахалоду, лёгкі водар лотаса – нацыянальнага сімвалу Шры-Ланкі і будызму. Яго падносяць Буду мясцовыя жыхары ў белым адзенні і некаторыя турысты. На працягу ўсёй цырымоніі гучыць музыка – юнакі выстукваюць рытм на барабанах. І хаця людзей так шмат, што не праціснуцца, – адчуваецца неверагодная атмасфера і абвастраюцца ўсе адчуванні.

Чатыры зубы Буды дасталі з вогнішча пасля яго крэмацыі і развезлі па ўсім свеце. Ланкійцы вераць, што зуб можа здзяйсняць цуды і надзелены магутнай сілай. Знішчыць будыйскую святыню спрабавалі не раз: у 1998 годзе ісламісты залажылі бомбу ў адзін з храмаў, дзе знаходзіўся зуб. І хоць храм быў моцна пашкоджаны, зуб ацалеў.

Эмилия Шри-Ланка6Жыццё – асалода


У нетурыстычных месцах, дзе жывуць і харчуюцца мясцовыя, добра паесці ў кавярні каштуе прыкладна 2 долары. Адпаведна адзенне, прадукты (асабліва садавіна) вельмі танныя. Нашмат даражэйшыя розныя салодкія прысмакі, шакалад і печыва, вельмі дарагі алкаголь. Ён, дарэчы, у звычайнай прадуктовай краме не прадаецца – толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, таму п’янага ланкійца мы бачылі толькі аднойчы.

Што датычыцца ежы, то ў гэтым разнастайнасці на Шры-Ланцы мала. Базавы прадукт амаль для ўсіх страў – гэта рыс: чырвоны, жоўты, белы… – які заўгодна і з чым заўгодна. І абавязкова – шмат спецый! Ежа ну проста невыносна вострая! Нават калі папросіш зрабіць табе што-небудзь не вельмі вострае, то наўрад ці гэта атрымаеш. А порцыі падаюцца як для веліканаў. Для мяне гэта дзіва: здаецца, людзі пераважна хударлявыя, сярэдняга целаскладу, а столькі ежы ў іх змяшчаецца! Мы бралі адну порцыю на дваіх, і нам хапала. Рыс, дарэчы, ланкійцы ядуць рукамі – відовішча цікавае, але паспрабаваць гэтак жа мы не адважыліся.

Самым прыемным і смачным для нас былі сокі: з манга, папая, авакада, ананасаў, апельсінаў – салодкія, натуральныя, іх хацелася піць і піць. Зараз, пасля вяртання на радзіму, цяжка піць сокі з магазіна – настолькі адчуваецца гэтая розніца ў смаку.

Эмилия Шри-Ланка7Адам быў выгнаны з раю – і трапіў на Шры-Ланку


Паводле легенды, Адам пасля таго, як быў выгнаны з раю, трапіў на Шры-Ланку, а дакладней – на гару, якую зараз называюць Пікам Адама. Там жа можна ўбачыць вялікі адбітак, след нагі. Гэтая гара святая як для будыстаў, так і для мусульман, хрысціян, індусаў. Будысты вераць, што сам Гаутама Буда наведаў гэтае месца. Індуісты сцвярджаюць, што адбітак належыць Шыве. Мусульмане настойваюць на тым, што тут упершыню ступіў на зямлю Адам. Хрысціяне вераць, што пакінуў гэты след святы Томас – хрысціянскі апостал, які прапаведаваў у паўднёвай частцы Індыі.

Паводле легенды, менавіта сюды трапляюць матылькі, якім пасля смерці наканавана трапіць у рай, таму гара мае яшчэ адну назву – гара матылькоў.

На вышыні 2 243 метры тут знаходзіцца невялікі храм, але падняцца да яго каштуе немалых высілкаў. Мы, як і многія турысты і паломнікі, пачалі пад’ём у 2 гадзіны ночы. Чым вышэй падымаліся, тым цяжэй даваўся кожны крок і кожная наступная прыступка. Нешырокая дарога асвятлялася ліхтарамі, а па баках стаялі палаткі, дзе можна было перавесці дух, папіць вады ды перакусіць. Пад’ём у нас заняў прыкладна тры гадзіны, аднак тое, што мы ўбачылі, крыху расчаравала. Людзей было так шмат, што мы папросту баяліся згубіцца, усім карціць паглядзець на той самы след, а яшчэ сустрэць світанак на такой вышыні – кажуць, ён вельмі прыгожы. Да таго ж на пляцоўцы, як і ля любой іншай святыні, неабходна разувацца – за гэтым пільна сочаць ахоўнікі. Але зямля была такая халодная, а натоўп такі шчыльны, што доўга чакаць і стаяць не хацелася. Мы адправіліся ўніз. Падчас спуску зразумелі, што самае прыгожае, яркае і цікавае – гэта і быў пад’ём (хаця праз цемру ўбачыць штосьці было цяжка), а таксама спуск – тут і бяскрайнія зялёныя прасторы ўбачыць можна, і непраходныя джунглі.

Эмилия Шри-Ланка8«Дзе чай, там і надзея» сэр Артур Пінэра, англійскі драматург


Скарбам Шры-Ланкі з’яўляюцца вядомыя на ўвесь свет чайныя плантацыі. Шры-Ланка – адзін з галоўных імпарцёраў чаю на сусветны рынак.

Асабліва шмат плантацый каля горада Нувара-Элія. Уплыў англічан у гэтым горадзе адчуваецца больш, чым у астатніх: тут ёсць іпадром, гольф-клуб, вялікі парк “Вікторыя” для пікнікоў і прагулак.

Штодня на чайных плантацыях працуюць сотні жанчын. Чай збіраецца толькі ўручную, за дзень трэба сабраць прыкладна 30-35 кілаграмаў. Для атрымання 1 кілаграма чаю патрэбна 4 кілаграмы чайнага ліста. Кажуць, што найлепшы чай – а гэта верхнія лісты чайнага куста – адпраўляюць на экспарт у еўрапейскія краіны, найперш – у Англію, дзе моцны чай любяць піць з малаком. На Шры-Ланцы чай з малаком таксама вельмі папулярны, аднак нам падалося, што з малаком ён не такі смачны. Ці можа, гэта з непрывычкі?

Лісты чаю з сярэдзіны куста таксама экспартуюць – ён лічыцца даволі якасным. А вось з самых ніжніх лістоў куста робяць чай для звычайных ланкійцаў – несправядліва і крыўдна, але так ёсць.

У краіне шмат чайных фабрык, на адну з якіх нам удалося трапіць. Нас гасцінна сустрэла маладая дзяўчына-ланкійка, якая па-руску правяла экскурсію і расказала пра ўсе этапы вырабу гэтага чароўнага напою. Ураджай збіраюць кожныя шэсць тыдняў – пупышкі і дватры верхнія маладзенькія лісцікі. Чайны куст плоданосіць 35 гадоў, калі правільна і своечасова яго абразаць. А ці ведалі вы, што сыравіна для зялёнага і чорнага чаю збіраецца з аднаго куста? Прынцыповае адрозненне у тым, што чайныя лісты па-рознаму апрацоўваюць. Для падрыхтоўкі чорнага чаю лісты ферментуюць, а для зялёнага іх адразу пасля збору сушаць, пры гэтым лісце захоўвае свой зялёны колер, прыродныя ўласцівасці і прыемны спецыфічны смак.

Пасля экскурсіі нас чакала дэгустацыя смачнага цэйлонскага чаю – і пасля кубачка стала так прыемна і  лёгка, што тут жа захацелася гэты чай набыць, што мы і зрабілі.

Нас сустракае акіян


Час, які застаўся пасля наведвання месцаў, якія нас цікавілі, мы вырашылі правесці каля акіяна. Акіян! Ён, здаецца, мала чым адрозніваецца ад мора – але які ж ён цёплы, хвалісты, чароўны! Асабліва на захадзе сонца і на світанні.

Мы жылі ў курортным гарадку Унаватуна, арандаваўшы там дом, які стаіць блізка да акіяна, але разам з тым знаходзіцца воддаль ад атэляў, сярод густой расліннасці. Дарэчы, уласніца дома – украінка, якая жыве на Шры-Ланцы ўжо дзевяць гадоў. Тут яна мае некалькі гэстхаусаў і рэстаран. Мы пацікавіліся, ці не цягне яе на Радзіму. Наталля спакойна адказала, што няма ў яе настальгіі – гэтага пачуцця, калі хочацца вярнуцца дахаты, абняць бярозкі. Тут ёй спакойна, цёпла, яна прыкармлівае розных жывёлаў: то бяздомным катам дае прытулак, то параненых птушак даглядае… І на радзіму вяртацца не хоча.

Мы арандавалі скутар, правоў на язду на якім, дарэчы, Андрэй не мае, і штораніцы аб’язджалі розныя пляжы і суседнія гарады. На адным з такіх пляжаў узялі сёрферныя дошкі і першы раз у жыцці паспрабавалі “злавіць хвалю”. Забава, варта сказаць, нашмат цікавейшая, чым я дагэтуль уяўляла.

Узбярэжжы Шры-Ланкі – гэта больш за тысячу кіламетраў пляжаў з мяккім жоўтым пяском, какосавымі пальмамі, каралавымі рыфамі і рознакаляровымі рыбкамі ў прыбярэжных водах. Загараць і плаваць у такіх месцах – асалода.

Аднак любая асалода перастае такой быць, калі ператвараецца ў аднастайнасць. Прайшло некалькі дзён спакойнага адпачынку – і закарцела рухацца, захацелася прыгодаў.

І такой чарговай прыгодай стала тая ж до-о-оўгая, няпростая, але адначасова прыемная дарога дадому.

Шры-Ланка пакінула моцнае ўражанне. Гэта адна з самых каларытных, яркіх і багатых на розныя цікавосткі краін, у якіх мне даводзілася бываць. Не ведаю, ці выпадзе магчымасць трапіць туды яшчэ раз, аднак жа на гэты чароўны востраў, акружаны водамі Індыйскага акіяна, востраў будызму, чайных плантацый і мілых ланкійцаў, хочацца вярнуцца. І не на тыдзень ці два – а на столькі, каб паспець паглыбіцца ў яе, яшчэ лепш спазнаць старажытную культуру цікавага самабытнага народа.

А самае важнае, і гэта я не стамляюся паўтараць: пазнанне і адкрыццё новых гарызонтаў нашмат больш прыемнае і яркае, калі ты маеш з кім раздзяліць гэтае шчасце!

-------------------------


Эмілія КОМАР


Фота з уласнага архіва.