Путешествуем с Эмилией Комар. Кипр

Некаторыя нашы землякі, калі размова заходзіць аб падарожжах у краіны блізкага ці далёкага замежжа, уздыхаюць: маўляў, туды нам, з сярэднім заробкам – усе ведаем якім! – і сунуцца няма чаго: дорага і недасягальна. Пражыванне ў прыгожым атэлі з басейнам за некалькі метраў і смачным шведскім сталом, які ломіцца ад мясцовых дэлікатэсаў, безумоўна, каштуе немалых грошай. А калі ж браць за мэту вывучыць культуру краіны, пазнаёміцца з людзьмі і знайсці прыгод на “пятую кропку” – і пры гэтым не так важна, што есці і дзе спаць, – то варыянты такога падарожжа знайсці можна. І вось вам адзін з іх…

Ад самага пачатку нашай задумы – паляцець на Кіпр і жыць там “дзікунамі”: начаваць у палатцы дзе прыйдзецца, падарожнічаць аўтаспынам – нас перасцерагалі і палохалі. Маўляў, з’ядуць змеі, схопіць паліцыя, заблукаеце ў горах – такія і яшчэ больш страшныя варыянты нам прадказвалі амаль усе.

Аднак падарожжа гэтае ў выніку атрымалася неверагодным! Мы – я і мой сябар Андрусь – вярнуліся на радзіму жывымі, здаровымі і толькі злёгку пакусанымі невядомай нам машкарой. А галоўнае – з цвёрдым перакананнем, што любая краіна даступная для наведвання, калі гэтага моцна хацець.

Чаму выбралі востраў Афрадзіты?

Вабілі горы, мора, экзотыка і цікавая старажытная культура. Да таго ж некаторыя авіякампа-ніі на працягу ўсяго года прапануюць розныя зніжкі з вылетам з адносна недалёкіх ад нас Вільні і Варшавы. Добра паманіторыўшы сайт авіякампаніі, мы знайшлі прымальныя па кошце квіткі на Кіпр з Варшавы. Што ж, жаданні і магчымасці супалі – наперад!

…Востраў Кіпр ляжыць на перасячэнні марскіх шляхоў, якія аб’ядноўваюць тры кантыненты: Еўропу, Азію і Афрыку. Тры з паловай тысячагоддзі (паспрабуйце ўявіць сабе гэтую лічбу!)  таму сюды прыплылі мікенскія грэкі. Яны асіміляваліся з народам, які спакон вякоў жыў на Кіпры. Так на востраве пачала развівацца эліністычная цывілізацыя, якая назаўсёды звязала Кіпр з Грэцыяй.

Зараз востраў падзелены на дзве часткі. Адна з’яўляецца Рэспублікай Кіпр, другую ж у 1974 годзе акупіравала Турцыя. Тым не менш сталіца ў гэтых дзвюх частак Кіпра адна – Нікасія.

Яшчэ Кіпр называюць востравам Афрадзіты. Паводле легенды, менавіта ля берага Кіпра выйшла з марской пены грэчаская багіня кахання і прыгажосці.

Каб не аддаваць грошы тураператару як пасрэдніку, сваё падарожжа можна планаваць самому. Для гэтага квіткі на самалёт неабходна набываць у бю-джэтных авіякампаній-лоўкостараў. Іх перавага – значна меншыя кошты на пералёты. Мінусы не такія істотныя: на борце не кормяць і сядзенні не такія зручныя. Але хіба гэта так важна?

“Я не ведаю, куды іду, але я ўжо ў дарозе”

Мы прызямліліся ў буйнейшым аэрапорце Кіпра Ларнака. Калі памятаеце са школьных ці ўніверсітэцкіх заняткаў, там нарадзіўся вядомы старажытнагрэчаскі філосаф Зінон. Ларнака славіцца сваім салёным возерам, на якім зімуюць тысячы фламінга. (Вось, аказваецца, дзе ён знаходзіцца, той самы вырай, у які адлятаюць восенню птушкі!) Таксама горад знакаміты мячэццю, якая пабудавана менавіта там, дзе, паводле легенды, загінула сваячка прарока Махамеда падчас аднаго з першых арабскіх набегаў на востраў.

Карацей, паглядзець было што – гэтым мы і заняліся найперш. А куды далей – вырашалі, разглядваючы карту. Узбярэжжа Кіпра адносна невялікае, і нам карцела аб’ехаць як мага больш. Мяне ж асабліва цягнула трапіць у горным масіў Троодас, вяршыня якога дасягае амаль дзвюх тысяч метраў над узроўнем мора.

Кожны раз мы начавалі ў новым месцы, новым горадзе. Мы не былі прывязаныя ні да шыкоўнага атэля, ні да сціплага хостэла, нас не абцяжарвалі цяжкія валізкі і чамаданы на калёсіках, як гэта звычайна бывае ў гасцей краіны. Таму – толькі імправізацыя і інтуітыўнае вызначэнне маршруту!

“Сапраўднае падарожжа не ў адкрыцці новых гарызонтаў, а ў знаёмстве з новымі людзьмі”

Ужо ў першы дзень, калі шукалі, дзе паставіць палатку, пазнаёміліся з кіпрыётамі – двума пажылымі дзядкамі і бабуляй. Варта было запытаць, ці ёсць паблізу кемпінг, як яны сталі хадзіць з намі па вуліцах, распавядаючы пра свой горад, людзей, нацыянальную кухню... Такой інтэрнацыянальнай кампаніяй мы шпацыравалі добрую гадзіну, пасля чаго яны вырашылі падвезці нас на ўскраіну горада, дзе было лягчэй знайсці месца для палаткі.

Мы толькі выйшлі з машыны кіпрыётаў – і адразу ж трапілі ў кампанію грузін. Яны ўжо даўно жывуць на Кіпры, і, адпаведна, лічаць сябе кіпрыётамі. Як заўсёды гасцінныя, грузіны запрасілі нас да стала. Мы доўга размаўлялі, елі шашлык… Ужо даволі позна пайшлі нарэшце ставіць палатку.

…Я дагэтуль успамінаю і  доўга буду ўспамінаць добрую Тэадору. Гэта мілая бабуля жыве амаль у цэнтры Нікасіі – горада, у якім паставіць палатку на пляжы альбо дзе-небудзь пад дрэвамі амаль немагчыма – усё забудавана. Тэадора дазволіла нам размясціцца ў сваім двары. Вечарам, калі мы вярнуліся са шпацыра, яна запрасіла нас на вячэру, дазволіла скарыстацца ваннай. Тэадора вось ужо дваццаць гадоў жыве адна, час ад часу наведваючы сваіх унукаў. Штораніцы яна ходзіць у царкву. Яе дом вялікі, з высокімі белымі сценамі, старой мэбляй, запоўнены абразамі, крыжыкамі, насценнымі календарамі з лікамі святых. Раніцай яна вельмі выбачалася за тое, што не запрасіла пераначаваць у дом, – у горадзе шмат турыстаў, людзі бываюць розныя, таму трэба асцерагацца. Мы выдатна яе разумелі і былі бясконца ўдзячны ёй за дабрыню і гасціннасць. Дарэчы, пра Беларусь Тэадора ніколі не чула. Толькі запытала, ці ёсць у нас мікрахвалевыя печкі.

Варта ўзгадаць і пра французаў – П’ера і яго сына Коко (так ён прадставіўся). З імі мы пазнаёміліся на лясной дарозе да вадаспаду ў гарах Троодас. Яны жылі ў атэлі і на арандаванай машыне падарожнічалі па Кіпры. Мы праехалі разам каля двухсот кіламетраў за два дні, пасля чаго яны запрасілі нас на вячэру з нагоды нашага знаёмства. Найбольш здзівіла іх лёгкая весялосць у любых сітуацыях, нават не самых прыемных. Напрыклад, калі мы ехалі па небяспечна-звілістай, вельмі вузкай горнай дарозе, у машыне прабіла кола. Мы вымушаны былі даць вялікі круг і доўга блукалі ў пошуках мантажнага пункта. Усё гэта магло раззлаваць, знерваваць альбо расхваляваць…Аднак французы ўсё гэтак жа весяліліся і называлі гэта чарговай прыгодай. Дарэчы, па-англійску добра размаўляў толькі Ко-ко. П’ер жа, увесь час забываючыся пра моўны бар’ер паміж намі, штосьці эмацыйна нам расказваў па-французку.

У ноч перад адлётам нас гасцін-на прынялі англічанін Сціф і яго жонка-кіпрыётка Хаджыяні. Вечарам гэтая мілая пара адправілася на “паці”, а з раніцы Сціф адвёз нас у аэрапорт. Ён доўга нас абдымаў і чамусьці са слязьмі на вачах называў мяне дачкой. Сціф пабываў у 116 краінах свету: кожны год ён адпачывае ў розных кутках зямлі. Мы дамовіліся, што ён прыедзе да нас у госці наступным летам.

Не паверыце, але давялося сустрэць і землякоў. З беларускай Вольгай мы пазнаёміліся, калі “лавілі” машыну. Яна родам з Віцебска, выйшла замуж за амерыканца, і яны вырашылі жыць на Кіпры, бо ў гэтай краіне спакойна і хочацца тут гадаваць дзяцей. Вольга так была ўражана сустрэчай, што прапаноўвала нам усё, што было ў яе машыне – ад пляжнага парасона да пакета прадуктаў, каб хоць неяк дапамагчы нам. Нам жа было проста прыемна пагаварыць і адчуць радасць жанчыны ад сустрэчы з землякамі.

Каб хутчэй наладзіць кантакт з чалавекам, найперш трэба ўсміхацца яму. У большасці еўрапейскіх краінах гэта робяць усе і ўсюды. У нас жа на тварах больш сур’ёзнасці і насцярожанасці. Так што ўсміхаемся, сябры!)

Мясцовым асабліва падабаецца, калі госць ведае хаця б “дзякуй” на яго роднай мове, таму ўсім кіпрыётам мы казалі “эфхарысто”, пасля чаго яны станавіліся яшчэ лагаднейшымі.

Не баяцца пытаць, калі нечага не ведаеш. Чым больш пытаеш, тым лягчэй знайсці патрэбнае месца. І ёсць вялікая верагоднасць пазнаёміцца з чалавекам.

Аўтаспын: не такі страшны, як яго малююць…

Амаль усе нашы перамяшчэнні, за выключэннем гарадскіх, ажыццяўляліся даўно правераным і любімым многімі метадам аўтаспыну. Хаця трасы там небяспечныя – крутыя і са шматлікімі паваротамі, – на спадарожнікаў нам шанцавала. Бывала, мы лавілі машыну гадзіну, а то і болей – але, галоўнае, да патрэбных месцаў дабіраліся.

Едучы аўтобусам, можна любавацца пейзажамі, можна слухаць музыку, можна кімарыць…  Мінус пры гэтым адзін: усё прадказальна. А стоячы на трасе з паднятым уверх пальцам, ты ніколі не ведаеш, які чалавек зараз спыніцца, што ён раскажа, пра што запытае… А невядомае заўсёды вабіць. Амаль усе спадарожнікі падвозілі нас нават далей, чым ехалі самі – абы нам было зручней. Яны не  завучанымі фразамі, улюбёнымі гідамі-экскурсаводамі, расказвалі пра цікавыя месцы, пра ўклад жыцця, давалі парады, калі і што лепш наведаць. Гэта неацэнна!

Толькі аднойчы мы выбралі няправільную трасу – вялікую магістраль, небяспечную для спыну. Ужо потым наш спадарожнік сказаў, што мы маглі б мець сур’ёзныя праблемы з паліцыяй, калі б нас там заўважылі.

“Лавіць” машыну трэба ў месцы, дзе кіроўцы цябе ўбачаць здалёк. Зручнае месца – палова поспеху.

Вельмі добра лавіць машыну на выездзе з горада на светлафорах – машыны спыняюцца, і людзі могуць цябе выслухаць. Калі ім па дарозе, то абавязкова возьмуць.

У турыстаў карыстаецца папулярнасцю арэнда аўто. Такая паслуга каштуе прыкладна 15-25 еўра за суткі ў залежнасці ад маркі машыны і колькасці дзён, на якія яе арандуеш. Праезд у гарадскіх аўтобусах каштуе 1,5 еўра, у міжгародніх – 4.

“Падарожнічаць, не ведаючы англійскай, – усё роўна, што нарадзіцца глуханямым”

Вядома, можна падарожнічаць,  не ведаючы англійскай мовы, карыстаючыся невербаль-нымі сродкамі ў стасунках з замежнікамі. Да таго ж у такіх папулярных курортных месцах, як Кіпр шмат рускамоўных.

Але! Глыбей спазнаць краіну могуць дапамагчы толькі яе жыхары, носьбіты яе культуры. Не маючы магчымасці з імі кантактаваць, заведама губляеш шмат каштоўнай, ні чым не замяняльнай цікавай інфармацыі.

Большасць кіпрыётаў выдатна ведае англійскую мову, таму кзначна прасцей наладзіць моўны кантакт, чым спрабаваць растлумачыць штосьці “на пальцах”.

Калі вы марыце пра падарожжы, якія не абмяжоўваюцца маршрутам атэль-пляж, брацца за вывучэнне англійскай мовы трэба прама сёння. Так-так, менавіта сёння! І нават зараз!

Калі на дасканалае вывучэнне мовы не стае часу або жадання – вывучыце мінімальны набор папулярных слоў, якія выкарыстоўваюцца найчасцей. Гэта значна дапаможа ў стасунках з абарыгенамі.

“Чым менш ясі, тым больш думаеш”

Паесці так, каб наесціся, у звычайнай кавярні на Кіпры каштуе мінімум 7 еўра. Нятанна, праўда? Кожны дзень не пашыкуеш... Аднак не пакаштаваць знакамітае кіпрскае рыбнае мезэ мы проста не мелі права, хаця яго кошт – палова маёй месячнай стыпендыі! “Мэзе” абазначае маленькія кавалачкі, асарці – усяго патроху. Такое адчуванне, што нам прыносілі ўсе морапрадукты і ўсю рыбу, якая была на кухні. Гэта 10-15 маленькіх талерачак, і на кожнай новая страва: крэветкі, мідыі, рыбнае суфле, кальмары, васьміногі, каракаціцы... Усё гэта падавалася з грэчаскім салатам, белым хлебам і асарці з мясцовых соусаў і алівак. Варта прызнаць – вельмі смачна! Але “пераплюнуць” любімыя мной маміны дранікі ніякае мезэ не здольнае!

Аднойчы падчас нашых блуканняў па ўзбярэжжы мы выпадкова знайшлі вялікія кавунныя і дынныя плантацыі. Ніякіх агароджаў не было, і мы, вядома ж, у іх залезлі. О-о-о, такіх салодкіх, такіх сакавітых кавуноў і дыняў я не ела ніколі! Нажа мы не мелі, таму нашы “трафеі” разрэзаліся вострым чаранком ліста пальмавага дрэва.

Мы сядзелі на гарачым беразе Міжземнага мора, глядзелі на блакітныя хвалі, якія разбіваліся аб дробныя каменныя выступы, і наміналі кавуны і дыні…

На гэтае “смачнае” месца мы вярталіся яшчэ не раз. Такім жа чынам на наш “стол” траплялі персікі, слівы памерам амаль з кулак, апельсіны і лімоны. Мы рызыкавалі пакаштаваць усё, што расло на дрэвах. Але, шаноўны чытач, не трэба глядзець на мяне з такім асуджэннем: вялікага ўрону мы не прынеслі і з’елі не так ужо і многа.

Пітная вада на Кіпры дарагая – амаль еўра за паўтара літры. На вуліцах стаяць невялікія будкі, дзе мясцовыя набіраюць у пяцілітровыя бутлі ваду.

Найлепшым варыянтам для тых, каму не так істотна папіць, чым падсілкавацца, застаюцца прадуктовыя крамы. Знайсці там можна ўсё што заўгодна, а кошт адрозніваецца ад рэстарацыйных шматразова.

“Няўжо гэтая велічная прыгажосць змесціцца ў квадрацік плёнкі!? Пастарайся захаваць усё ў сэрцы!”

І мы стараліся як маглі!

Моцна ўразіў мыс Грэка і дарога да яго – а гэта з дзясятак кіламетраў, – якую мы прайшлі пешшу. Цяжка было адвесці вочы ад скалістага ўзбярэжжа і празрыстай вады, падсвечаных вячэрнім сонцам. Паводле мясцовай легенды, у водах, якія абмываюць  мыс Грэка, жыве Айя-Напская пачвара.

На ўсходнюю частку мыса мы трапіць не змаглі – там знаходзіцца радыёлакацыйная станцыя брытанскай ваеннай базы.

Дабраліся мы і да самай буйная горнай сістэмы Кіпра – Троодас. Як жа гэта велічна, як прыгожа і жывапісна: бурлівыя горныя рэкі і вадаспады, візантыйскія манастыры і храмы, маленькія вёсачкі ля падножжа гор… У лясах гэтай мясцовасці водзіцца кіпрскі горны баран – муфлон, аднак, на жаль, мы яго не бачылі.

Затое нам пашанцавала тра-піць у адзін з самых вядомых і багатых манастыроў Кіпра – Кікос. Ён заснаваны ў XI стагоддзі візанційскім імператарам. Зараз унутры манастыра зна-ходзіцца музей, у якім захоўваецца вялікая калекцыя антыкварыяту, іконы, вышыўкі, рукапісы, разьба па дрэве…

…А яшчэ ў памяці назаўсёды захаваецца наш першы світанак на Кіпры… Мы начавалі ў палатцы на беразе мора. Прачнуліся рана-рана, сонца яшчэ толькі пачынала ўзыходзіць. Праз пальмавае лісце мы ўглядаліся ў аранжава-ружовае далёкае неба, вуха прыемна лашчыў шум марскога прыбою. Мора, здаецца, таксама толькі прачнулася і разам з намі захоплена сустракала світанак. І дарма я спрабавала сфатаграфаваць гэтую прыгажосць – яе не перадаць нават самым лепшым фотаапаратам і самымі вопытнымі рукамі. Толькі захаваць у сэрцы…

“Самае цудоўнае ў падарожжы – вяртанне дадому”

Як бы насычана і ярка ні віравала жыццё ў падарожжы – думкі пра вяртанне дадому заўсёды грэюць.

…Шпацыруючы па вуліцы аднаго з гарадоў Кіпра, мы праходзілі каля вялікай су-венірнай лаўкі. Жанчына-прадавец, невядома як пазнаў-шы “сваіх”, выгукнула звонкае “здрасьте”. І такім блізкім, амаль суседскім было гэтае “здрасьте”, што ногі самі панеслі нас у тую лаўку.

Ганна наліла нам для дэгустацыі па кілішку салодкага дэсертнага віна галоўнага алкагольнага брэнда Кіпра – “Камандарыі”, аднаго з самых старых у свеце. Яго пачалі вырабляць рыцары ордэна гаспітальераў у XIII стагоддзі. А наогул падобнае густое дэсертнае віно рабілі на Кіпры яшчэ 3 000 гадоў таму.

Ганна, як аказалася, родам з Піцера. На Кіпры жыве вось ужо дваццаць гадоў. Пасля лёгкай размовы я запыталася, ці не шкадуе яна, што з’ехала калісьці на Кіпр. І зусім не чакала пачуць у адказ горка-роспачнае, амаль балючае: “Шкадую!” Пазней яна з такім жа непадробным сумам у вачах, дадала вельмі важную фразу: “Колькі б гадоў ты ні правёў у іншай краіне і як бы добра там ні жылося – яна ніколі не стане табе роднай”.

…Падарожжа – гэта заўсёды захапляльна. Краявіды, людзі, падзеі, што з табой адбываюцца, могуць цалкам змяняць мысленне, могуць натхняць, могуць перайначваць цябе. І адчуваць усё гэта проста неверагодна! Аднак тое непаўторнае, што цябе атачае падчас падарожжа, у шмат разоў больш уражвае, запамінаецца і захапляе, калі ты не адзін. Калі ёсць з кім падзяліць гэтыя моцныя неверагодна прыемныя эмоцыі. Таму бярыце з сабой сябра-сяброўку, каханага-каханую – і гайда спазнаваць свет!

Бо, як казаў хтосьці з вялікіх, свет – гэта цэлая кніга, і той, хто не падарожнічае, чытае толькі адну старонку.

-----------------------

Эмілія КОМАР.

Фота з уласнага архіва.