Путешествуем с Антоном Мальшевским. Берлин-Амстердам-Патсдам
Заўсёды з цікавасцю чытаю артыкулы нашых аўтараў пра іх далёкія і не вельмі вандроўкі. Захацелася і самому падзяліцца ўражаннямі ад падарожжа па маршруце Берлін-Амстэрдам-Патсдам.
Дзень першы
Мы едзем-едзем-едзем...
Едзем мы ўдваіх – я і мой малодшы брат Арсеній.
Пяць гадзін раніцы. Апошнія абдымашкі, апошнія настаўленні – мы ў дарозе.
Жанчына-экскурсавод чытае нам правілы паводзінаў у аўтобусе і спрабуе пачаць экскурс прама тут: “Мінск – гэта сталіца нашай краіны…” Але ўсе недвухсэнсоўна пачынаюць пахрапваць, таму яна хутка замаўкае.
Прачынаемся на граніцы.
Польскую граніцу мы перасяклі ўсяго за паўтары гадзіны. Паверце, гэта вельмі хутка для вялікага аўтобуса.
Вось і яно – не такое ўжо далёкае замежжа! Ну, прывітанне, Рэспубліка Польшча!Пейзаж за акном не вельмі адрозніваецца ад нашага: такія ж лясы, рэчкі і палі. Адзінае, што выдае, што ты не ў Беларусі, – гэта домікі. Звычайныя вясковыя дамы – але ёсць у большасці з іх нешта еўрапейскае.
Невялікія гарадкі – назваць іх вёскамі язык не паварочваецца, няхай там усяго 20-30 дамоў – жывыя і ззяюць яркімі фарбамі. Хоць знайсці такія квітнеючыя вёскі можна і ў нас, калі з галоўных дарог не з’язджаць…
Палякі, як мне падалося, у горад не асабліва рвуцца. Хіба што “культурна адпачыць” ды дакрануцца да “велікасвецкага” жыцця. На кожным доме – рэкламныя шчыты і расцяжкі на польскай і рускай мовах (на апошняй, праўда, чым далей ад мяжы, тым радзей) – звычайна з памылкамі, але сэнс зразумець можна: “Фкусный и недарагой еда”, “Одешда. Качественно и дешева”… Кожны гаспадар мае ці краму, ці станцыю абслугоўвання, ці цырульню, ці аптэку, ці абменныя пункты. На вёску ў трыццаць дамоў у пяці-шасці працуюць “абменнікі”.Паўгадзіны паназіраўшы за нава-кольнымі пейзажамі, зноў засынаю.
Прачынаюся ўжо на канцавым прыпынку: нас чакае начлег у гатэлі. Мы з Арсеніем заскочылі туды літаральна на хвіліну. Не спаць жа мы прыехалі!
Гарадок Костшын-на-Одры (Kostrzyn nad Odra) – знаходзіцца на польскім беразе Одры, уваходзіць у Любускае ваяводства.Калі вы цікавіцеся гісторыяй, то смела можаце ехаць сюды: стары горад і крэпасць, зруйнаваны замак – ёсць дзе пахадзіць і што паглядзець.
Да мяжы з Германіяй – метраў васемсот па дарозе. А калі напрасткі, то дайсці да Одра можна было за дзве-тры хвіліны.
Пасля працяглага дня гарачы душ і мяккая пасцель – гэта шчасце, якое складана апісаць.
Дзень другі
Берлін турыстычны і невядомы
У Берлін мы прыехалі са спазненнем на дзве гадзіны. А там нас ужо чакала экскурсавод, якая пагнала нас сапраўдным “галопам па Еўропам”: “Бяжым, бяжым, паглядзіце налева, зірніце направа… Пабеглі хутчэй цераз дарогу… Паглядзіце ўніз... А вунь там справа… Бяжым вунь туды… А тут можна купіць сувеніры, іх прадае мой знаёмы, ён вам абавязкова зробіць зніжку…”
Нават са зніжкай у 50 адсоткаў за ўсё магніцікі для сяброў і знаёмых, цацачкі хроснікам і іншыя сувеніры лёгка развітваюся з сотняй еўра. Ё-маё, лічы, паўтара мільёны на падарункі!!! Дома жыць можна месяц за гэтыя магніцікі!.. Але ж – трэба...
Шчыра кажучы, я не вельмі люблю хадзіць разам з турыстамі і слухаць часта далёкія ад сапраўднасці разважанні – кшталту “на гербе горада Берліна намаляваны мядзведзь (дарэчы, берлінскі мядзведзь – адзін у адзін смаргонскі, што мяне не магло не парадаваць), бо раней тут жыло шмат мядзведзяў, якіх любілі праславянскія плямёны…Я, канешне, магу і памыляцца, але Берлін, які пабудаваны на балотах, вельмі не падыходзіць для месца жыхарства бера (так раней звалі мядзведзя, адсюль і БЯРлога) – ён лясны драпежнік, а не балотны. Хаця і ёсць гэтае БЕР у слове Берлін, але я схіляюся да палабцкага БЕРЛ – “балота”.
Гістарычныя звесткі пра горад мяне зацікавілі мала – гэта я магу і ў Вікіпедыі пачытаць. Мяне больш цікавяць не “бліскучыя” і прыгожыя бакі еўрапейскага жыцця, якія мы бачым на прыгожых карцінках, а тыя, якія не прынята выносіць на першы план. Таму я перыядычна адставаў ад нашага экскурсавода.
Калі ж наша экскурсія нарэшце скончылася, я “заэсэмэсіўся” са сваёй знаёмай – і праз паўгадзіны былая смаргонская суседка Марыяна ўжо паказвала мне той Берлін, які мы не ўбачылі з экскурсаводам.
Нягледзячы на іншаземную гаворку, людзі навокал не звярталі на нас увагі. Дарэчы, моў у Берліне намяшалася немала: інтэрнацыяналізм тут зашкальвае.
І не толькі ён.
Берлінскія немцы, напэўна, адны з самых талерантных і цярпімых. Напэўна, з-за таго, што віна за Другую сусветную вайну ўкараняецца ў свядомасць з маленства.
А яшчэ немцы вельмі баяцца пакрыўдзіць каго-небудзь словам, ўчынкам ці нейкай забаронай. Праўда, калі вы на вачах паліцэйскага наўмысна кінеце недакурак на асфальт, то лёгка можаце заплаціць штраф у 20 еўра.
Пры гэтым каля ўніверсітэта Гумбальда на вуліцы дзядок у “прыкідзе” хіпі праводзіў нейкую акцыю: кідаў на зямлю ежу, потым падымаў яе і еў, рваў гламурныя часопісы і таптаў іх нагамі – і пры гэтым крычаў ва ўсю глотку. Час ад часу насупраць яго спыняліся мінакі, хвіліну-другую назіралі за гэтым “тэатрам аднаго акцёра” – і ішлі далей. Праз 15 хвілін “хіпан” пайшоў па сваіх справах, пакінуўшы пасля сябе гару смецця.
Некалькі слоў пра нямецкіх бамжоў – хаця называць іх так не паварочваецца язык. Гэта хутчэй “свабодныя мастакі”, хоць і не заўсёды пастрыжаныя і паголены і ад іх не пахне дарагой парфумай. Прытулкам яны абралі чыгуначную дарогу у парку Вялікі Ціргартэн, літаральна ў трохстах метрах ад чыгуначнай станцыі, побач з Берлінскім заапаркам. Пад бетоннымі апорамі чыгункі яны разбілі свой палатачны гарадок. Так, у кожнага бамжа – свая палатка, “спальнік” і, напэўна, у чатырох з пяці – сабакі. Тлумачыцца гэта не вялікай любоўю да братоў нашых меншых, а тым, што на іх утрыманне штомесяц кожны бяздомны атрымлівае дадатковыя грошы.Дарэчы, Берлін лічыцца адным з самых танных гарадоў у Германіі – нягледзячы на тое, што прыблізна тры чвэрці насельніцтва жывуць у здымных кватэрах і дамах. Мае знаёмыя Віталік і Марыянна, напрыклад, здымаюць двухпакаёвую кватэру непадалёк ад работы за 300 еўра, у гэты кошт, праўда, не ўваходзяць камунальныя паслугі.
Парк Вялікі Ціргартэн – гэта хутчэй вялікі лясны масіў у цэнтры Берліна. Тут спакойна жывуць і гадуюцца вожыкі, лісы і зайцы…
Быць у Германіі і не паспрабаваць нямецкага піва і знакамітых сасісак – гэтага мы сабе дазволіць не маглі. Зайшлі ў адзін са старэйшых рэстаранаў Берліна. Людзей было шмат, але для нас знайшоўся свабодны столік. Разліўное піва ў іх сапраўды смачнае і зусім не “б’е ў галаву”. А сасіскі!.. Такіх я ніколі не каштаваў. Самае галоўнае: калі робіце заказ, не забудзьцеся заказаць брэцэль – адмысловы абаранак з крупкамі солі (беларускага аналага я нават і не ведаю).
...Час праляцеў непрыкметна. Мы так захапіліся Берлінам, што ледзь паспелі на аўтобус. Наперадзе – начны пераезд да Амстэрдама.
Дзень трэці
Вольны вецер Нідэрландаў
Ранішні Амстэрдам сустракаў нас няветліва. Шэрыя аблокі сумна глядзелі на такія ж шэрыя непрыбраныя вуліцы, пранізлівы вецер гнаў паперкі і недакуркі, халодны дождж барабаніў па пустых размаляваных бляшанках з-пад піва, якімі засыпана прывакзальная плошча. За час, што мы ехалі да галоўнага чыгуначнага вакзала, я ўбачыў толькі некалькі чалавек. Настрой не ўздымалі нават ярка расфарбаваныя домікі.
– Ё-маё, ці варта было плаціць грошы і ехаць за столькі кіламетраў, каб пагуляць па сметніку?
Наш экскурсавод, які чакае нас на прыпынку, тлумачыць:
– Учора было вялікае свята (нешта накшталт нашага Дня Незалежнасці), а дворнікі выходзяць прыбіраць толькі ў 10 гадзін. І тое што вы бачыце, зрабілі не жыхары Амстэрдама, а турысты, якія тут весяліліся і адпачывалі…
Бліжэй пад паўдня горад і сапраўды пачынае выглядаць па-людску: на вуліцах становіцца больш чыста і людна.Пазнаць абарыгенаў лёгка. Па-першае, выдае рост: сярэдні рост нідэрландцаў складае каля метра дзевяноста і ў натоўпе іх відаць здалёк. Па-другое, мужчыны тут сочаць за сабой: лакі-гелі для прычосак, адэкалоны і, канешне, манікюр. Жанчыны – поўная процілегласць: рэдкая галандка можа пахваліцца макіяжам.
Тлумачыцца ўсё гэта проста. Да нядаўняга часу краіна была вельмі беднай і жанчыны цалкам залежалі ад мужчын. Але з таго часу, як Нідэрланды знайшлі ў Паўночным моры нафту і газ, фінансавае станові-шча многіх галандцаў палепшылася – толькі вось выхаванне працягвае граць сваю ролю.
Яшчэ крыху гісторыі. Нідэрландцы доўгі час крыўдавалі, калі іх называлі галандцамі, бо Паўночная і Паўднёвая Галандыі – гэта толькі дзве з дванаццаці правінцый, якія гістарычна славіліся сваімі фермерамі, маракамі, караблебудаўнікамі і іншым працоўным людам. Таму ўсе іншаземцы, якія прыязджалі сюды, у тым ліку расійскі імператар Пётр Першы, пачыналі ўсю краіну называць Галандыяй, а яе жыхароў – галандцамі. Зараз нідэрландцы ў сваёй большасці махнулі рукой і ўжо не так агрэсіўна выпраўляюць “неразумных” турыстаў: “Не Галандыя, а Нідэрланды!”Ёсць у нідэрландцаў свой кароль Віллем-Аляксандр, які прыняў карону ад сваёй маці каралевы Беатрыкс у 2013 годзе. Але нідэрландцы з большай павагай адносяцца да яго маці, якую яны вельмі любяць. Хаця ўлада каралеўскай сям’і носіць фармальны характар, бо выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў. Усе рашэнні прымае парламент, які выбіраецца на прамых выбарах, ён мае вялікі ўплыў на рашэнні ўрада. Увогуле, Нідэрланды сталі адной з першых краін у Еўропе, якія зрабілі пераход ад абсалютнай манархіі да канстытуцыйнай манархіі і парламенцкай дэмакратыі яшчэ ў 1848 годзе.
Нідэрландцы – вельмі працалюбівы народ. І вынаходлівы. Абставіны прымушаюць: многія землі Нідэрландаў знаходзяцца ніжэй узроўню мора на 2-3 метры. Утрымліваць наступаючае мора ім дапамагаюць шматлікія помпы і дамбы. За стагоддзі барацьбы з прыродай, як мне здаецца, у мясцовых выпрацаваўся “мурашыны” інстынкт: яны ўжо проста не могуць сядзець без справы: увесь час нешта рамантуюць, капаюць, чысцяць, абнаўляюць…Дамы ў сваёй большасці трох-чатырох павярховыя. Будуюцца шчыльна адзін да аднаго. Раней, калі за будаўніцтва дома браўся падатак, хітрыя амстэрдамцы ўзводзілі іх так, што кожны наступны паверх быў крыху большы, чым папярэдні, па памеру якога падатак і плацілі. Таму часта можна ўбачыць дамы, якія “навісаюць” над вуліцай ці стаяць “абапёршыся” на суседнія. Лесвіцы ў дамах настолькі вузкія і крутыя, што па іх немагчыма ўзняць на верхні паверх тэлевізар ці халадзільнік. У кожным доме пад дахам есць спецыяльная балка, з дапамогай якой амстэрдамцы зацягваюць у дамы бытавую тэхніку.
Збудаваны дамы ў сваёй большасці квадратамі з агульным дворыкам унутры. Вы ніколі не зможаце ўбачыць, што знаходзіцца ў амстэрдамца ў дварэ, калі ён сам вам гэтага не пажадае паказаць. Уваход – толькі з самога дома – ніякіх варот. Мо таму і аўтамабіляў там няшмат? Прынамсі, я бачыў выключна рабочыя “бусікі”, якія займаюцца аптовай дастаўкай.Затое веласіпедаў!.. Калі вы думаеце, што кожны амстэрдамец мае два-тры шыкоўныя веласіпеды, то вы маеце рацыю. Аднак для паўсядзённага жыцця яны выкарыстоўваюць самыя простыя – рама і два колы. Затое не шкада, калі такі “звядуць”: крадзеж веласіпедаў – адзін з галоўных пунктаў у крымінальным жыцці Амстэрдама.
Веласіпедысты тут карыстаюцца ўсімі прывілеямі. Нават трамваі саступаюць ім дарогу – я сам бачыў!
Пасля Другой сусветнай, калі з жыллём было напружана, улады прынялі рашэнне сяліць людзей на старых баржах. З цягам часу іх замянілі сучасныя “плавучыя дамы”, якія зараз каштуюць вельмі дорага. Затое яны падключаны да ўсіх выгод цывілізацыі: інтэрнэт, каналізацыя, святло. І заўсёды можна адключыць гэта ўсё – і пераехаць на новы адрас.Зайшлі мы і на фабрыку брыльянтаў. Ведаеце, упершыню зразумеў, чаму менавіта яны лічацца лепшымі сябрамі дзяўчат… Жанчын ад стэндаў было не адцягнуць: жоўтыя, ружовыя, блакітныя, чорныя, празрыстыя брыльянты, здаецца, зачаравалі прыгожую палову нашага аўтобуса… Ну і, зразумела, кошт… Не, пры жаданні можна было знайсці брыльянцік у дыхтоўнай аправе еўра за 200-300, аднак…
На адной з галоўных плошчаў Амстэрдама стаяць медныя выявы з карціны “Начны дазор” Рэмбрандта. Дарэчы, Рэмбрандт ван Рэй быў той яшчэ жук: калі камандзір гэтага самага дазору заказаў у яго карціну, мастак, як і належыць, узяў з яго аванс. Пасля ён узяў аплату яшчэ і з памочніка камандзіра. Але гэтага яму падалося мала: і ён сабраў грошы з людзей, чые твары ён вырашыў увекавечыць на палатне.
Усё было б добра, аднак нехта з яго канкурэнтаў пусціў чутку, што Рэмбрандт увогуле не ўмее маляваць і намаляваў зусім “левых” людзей, а не “Начны дазор”. Пасля гэтага мастак так і не здолеў прадаць сваю карціну і праз нейкі час, так і не знайшоўшы сабе новых заказаў, быў вымушаны прадаць дом і выехаць з Амстэрдама. А не трэба быць такім сквапным!
У многіх Амстэрдам асацыіруецца з горадам, дзе дазволена ўжываць лёгкія наркотыкі. Але на самой справе распіваць алкагольныя напоі і курыць “траўку” ў грамадскіх месцах у Амстэрдаме забаронена гэтак жа, як і ва ўсіх іншых краінах. Проста некалі ўлады вырашылі жорстка змагацца з курэннем лёгкіх наркотыкаў. Але яны сустрэлі такую хвалю супрацьстаяння з боку матросаў і турыстаў, якія дзеля гэтага прыязджаюць сюды, што вымушаны былі пайсці на паслабленне. Зараз ўлады глядзяць на “траўку” скрозь пальцы, але курыць можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах – у так званых “Кафэ-шопах”. Хаця забарону на вырошчванне марыхуаны ніхто не адмяняў. Адзін-два кусцікі для асабістага ўжывання – калі ласка! Больш – ужо артыкул! Растлумачыць гэта можна проста: для кожнага нідэрландца “забіць касяк”, тое самае, што для рускага “бахнуць” сто грамаў.
Яшчэ адна памылковая думка, што ўсе нідэрландцы ходзяць пад “вясёлкавым” сцягам. На самой справе, “блакітных” там не больш, чым у астатніх краінах, – проста ў іх там больш свабоды і менш абмежаванняў. Аднак для пераважнай большасці нідэрландцаў сямейныя каштоўнасці значацца на першым месцы, а жаданне “быць не такім” не знаходзіць паразумення.Пацікавіўся я і вуліцай “чырвоных” ліхтароў. Знаходзіцца гэты квартал непадалёк ад вакзала, галоўны кантынгент “кліентаў” – маракі і турысты. У цэнтры квартала знаходзіцца дзеючая царква, а ў адным з дамоў знаходзіцца дзіцячы садок. Амстэрдамцы нават жартуюць: мама дзіця ранкам адвяла ў садок, сама – на працу, а вечарам – на споведзь. Распутніцы тут гэта такія ж працаўніцы сферы аказання паслуг і знаходзяцца пад аховай дзяржавы: плацяць арэнду, праходзяць медыцынскі агляд, а па дасягненні пэўнага ўзросту атрымліваюць пенсію.
І яшчэ некалькі слоў пра Амстэрдам. Час на шлях з кропкі А ў кропку Б, тут амаль ніколі не бывае роўны часу на шлях з Б у А. Не магу растлумачыць чаму, але гэта так. Прамых дарог там не існуе. Нават інтэрнэт-карта, і тая памыляецца з перыядычным пастаянствам. Не заўважылі нейкі завулак – плюс пятнаццаць хвілін, бо будзеце абыходзіць цэлы квартал, прайшлі па мосце, а не пад ім – яшчэ дваццаць хвілін, думалі “зрэзаць па прамой” – увогуле ўперліся ў тупік.
За час, што мы блукалі па Амстэрдаме, чамусьці разы чатыры выходзілі на галоўную плошчу – хаця кожны раз мы ішлі ў іншым накірунку.
Тым не менш мы прыклалі немалыя намаганні і знайшлі некалькі магазінаў цацак і кніжных крам. Першыя – каб нешта прыкупіць хроснікам, а другія – каб паглядзець, якой літаратурай цікавяцца ў Еўропе? Адзначыў для сябе, што цэны на цацкі і кнігі ў большасці сваёй меншыя, чым у нас, – хаця ёсць і вельмі дарагія экзэмпляры. Прыгадаліся словы нейкага разумнага чалавека: “Краіна да таго часу будзе ў заняпадзе, пакуль кнігі ў ёй каштуюць даражэй за гарэлку”.
З-за гэтай блытаніны ў вуліцах і завулках мы хвілін на пятнаццаць спазняемся. Супакойвае адно: мы – не апошнія.
Далей у нас па плане наведванне яшчэ дзвюх вёсачак Валендаам і Заансэ Сханс.
Валендаам – невялікая рыбацкая вёска на беразе ўнутранага мора. Некалькі дзесяцігоддзяў таму ўлады адрэзалі з дапамогай насыпаў частку мора, па памерах кшталту нашага Мінскага. Аднак тут да гэтага часу займаюцца рыбалоўствам, хаця рыбы стала менш – у многім з-за неабмежаванага рыбалоўства мінулых гадоў. У кожнага паважаючага сябе рыбака тут ёсць свая яхта. Упершыню бачыў столькі прыгожых “жвавых” лодак у адным месцы!
А яшчэ тут можна паспытаць сапраўдны галандскі селядзец. Шчыра кажучы, не знайшоў я нейкіх асаблівых смакавых адрозненняў… Відаць, не гурман…
Тут жа, на беразе мора, знаходзіцца і дом састарэлых. На той момант там нікога амаль не было. Справа ў тым, што кожны нідэрландзец, нават калі ён ніколі не працаваў, па дасягненні пэўнага ўзросту атрымлівае пенсію ў 950 еўра, а калі працаваў – то большую. І жывуць старыя тут не таму, што іх сюды саслалі дзеці, а таму, што ім весела сярод сваіх аднагодкаў і пад кваліфікаваным медыцынскім даглядам. Знаходзяцца яны ў гэтым доме састарэлых месяцы 3-4 на год, увесь астатні час – вандруюць.
Заансе Сханс – вёска, быццам перанесеная ў наш час з 17-18 стагоддзя. Ніякіх новых дасягненняў навукі і тэхнікі, за выключэннем, канешне, электрычнасці. Млыны працуюць ад ветру, нацыянальныя касцюмы і абутак адпавядаюць таму часу і вырабляюцца па той жа тэхналогіі, што і некалькі стагоддзяў назад. Нават свае сакрэты вытворчасці сыру мясцовыя жыхары захавалі ад сваіх пра-прадзедаў.
Усё проста і зразумела. Ніякіх шыкоўных наваротаў і прыбамбасаў. Усё, што ёсць у гаспадарцы, павінна працаваць, а калі не – значыць, не так яно і патрэбна. Запавет “Хто не працуе – той не есць” не згубіў тут сваёй актуальнасці дагэтуль.
Дзень чацвёрты
Цюльпанавы рай
Радзіма цюльпана – зусім не Нідэрланды, а Асманская імперыя. Аднак менавіта нідэрланд-цы зрабілі гэтую кветку знакамітай на ўвесь свет. Гэта галандцы, да якіх кветка прыйшла ад французаў і немцаў, на працягу амаль стагоддзя праводзілі яе гібрыдызацыю, каб вывесці новыя віды. Менавіта ў Галандыі ў 1634-1636 гадах за адну цыбуліну цюльпана можна было набыць дом (не пакой, не кватэру, а дом!) у цэнтры Амстэрдама. І менавіта галандскія цюльпаны знакамітыя на ўвесь свет – сюды едуць кветкаводы-аматары і прафесіяналы, каб убачыць гэты восьмы цуд свету.
Сад Кёкенхоф, які мы наведалі ў чацвёрты дзень нашага падарожжа, размешчаны амаль на самым узбярэжжы паміж Амстэрдамам і Гаазэ ў невялікім мястэчку Лісэ – гэта, напэўна, самае яркае і пярэстае месца на Зямлі. Каралеўскі парк кветак, вядомы яшчэ пад назвай Сад Еўропы, размешчаны на 32 гектарах і знакаміты сваімі кветкамі і вялікімі цюльпанавымі палянамі. Тут высаджана 4,5 мільёна цюльпанаў больш чым сто разнавіднасцяў, а ў цэлым тут расце і квітнее больш за 7 мільёнаў розных кветак: цюльпанаў, лілей, геацынтаў і нарцысаў. Яшчэ тут пабудаваны тры аранжарэі: з цюльпанамі, залатымі нарцысамі і пышным бэзам у адной, пунсовымі ружамі – у другой, архідэямі – у трэцяй.
Парк штогод адкрываецца для наведвальнікаў прыкладна з 20-га сакавіка і працуе да 20-х чыслаў мая. Тут праходзіць парад кветак “Блоэмэнкорсо Боленстрык”. Сёлета галоўнай тэмай параду быў Ван-Гог – яго вялікі партрэт быў выкладзены на адной з галоўных палян парка, а шматлікія рэпрадукцыі з карцін віселі ў самых розных кутках Кёкенхофа.
Па Кёкенхофу нам па праграме належала “экскурсаводзіцца” ўсяго паўтары гадзіны, а затым патрэбна было выязджаць у Дельфт, Гаагу і Схэвенінген. Аднак палічыўшы, што лепш толкам усё разгледзець у адным парку, чым аб’ехаць тры кропкі, але ў выніку нічога не ўбачыць, мы засталіся ў Садзе Еўропы. Аднак, паверце, нават сем гадзін гэта вельмі мала, каб зазірнуць у кожны куток і ўбачыць усе кампазіцыі, якія тут стварыў чалавечы розум, праца і талент. Нават я, чалавек далёкі ад кветак, магу сцвярджаць: калі вы не бачылі кветак у парку Кёкенхоф – вы не бачылі іх увогуле! Застацца раўнадушным тут проста немагчыма. А водар! Так, напэўна, пахла ў Эдэмскім садзе. І людзі, якія трапляюць сюды, няважна з якой яны краіны, сапраўды становяцца братамі і сёстрамі – ва ўсіх аднолькавыя лагодныя ўсмешкі, задуменне ў вачах і захапленне ў сэрцы. Сапраўды: прыгажосць уратуе свет.
Дзень пяты
Хутчэй, хутчэй, яшчэ хутчэй…
Апошні дзень “еўрапейскіх канікулаў”, а планаў – вышэй галавы!
Мы з Арсеніем хутка снедаем і выпытваем у экскурсавода, дзе знаходзяцца бліжэйшыя магазіны – трэба ж затарыцца “на дарожку”.
Ого! У гарадку накшталт Варнян ажно тры крамы памерам з Еўраопт! У адной прадаюць ежу, у другой – сельскагаспадарчы інвентар і розную тэхніку, а ў трэцім – адзенне.
Спачатку закупляем харчы. У другі “опт” проста заглядваем для цікавасці. А ў трэцім, “падбіўшы” еўрыкі, вырашаем: гуляць, дык на ўсе!
І тут у нас здараецца непрыемная нечаканасць: майкі, якія мы з братам “на памяць” бралі ў Берліне па 20 еўра за штуку, тут каштуюць усяго 3! З сумам падлічваем: за дзве берлінскія майкі тут узялі б трынаццаць, і яшчэ на шкарпэткі б засталося! Казалі ж разумныя людзі: калі будзеш што купляць з адзення, то бяры ў невялікіх гарадках.Затое магніцікі тут каштуюць столькі ж – ну хоць на гэтым “выйшлі на нуль”!
Выязджаем у Патсдам.
Горад прыгожы! Але, як звычайна, разгледзець нешта падрабязна, няспешна прайсціся па гістарычных мясцінах не дазваляе абмежаванасць у часе. Толькі па палацу Сан-Сусі Фрыдрыха Вялікага, які занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, можна гуляць некалькі гадзін. А яшчэ – вінаградныя тэрасы, батанічны сад, ставок з люстэркавымі карпамі… А ў нас на ўсё пра ўсё – паўгадзіны!
Ну вось і ўсё – вандроўка набліжаецца да свайго фіналу! Наперадзе – дванаццаць гадзін паездкі да радзімы.Нарэшце – Брэст, Мінск. Пасля разгрузкі ў нас літаральна пятнаццаць хвілін, каб купіць квіток на цягнік і ускочыць у апошні вагон. Яшчэ некалькі гадзін “палірытміі вагонных колаў” – і мы дома!
Як жа я па табе сумаваў, родны мой край!
Магчыма, некаму мае думкі і разважанні могуць падацца неабгрунтаванымі ці легкадумнымі. Але памятаеце народную мудрасць? “Той, хто выйшаў з хаты і абышоў вакол свайго дома, – ужо разумнейшы за таго, хто ўсё жыццё прасядзеў на печы”.
Так што маё вам пажаданне: калі вы ніколі і нідзе не былі, акрамя сваёй вуліцы-вёскі-горада, абавязкова знайдзіце час і грошы і паедзьце куды-небудзь – хаця б у суседні горад. Паверце, у нашай роднай Беларусі хапае цікавых, гістарычных і прыгожых мясцін.
Калі ж вам так хочацца замежжа, а грошай мала, то можна і на цягніках ці “папутках” “дзёшава і сярдзіта” з’ездзіць хаця бы ў Смаленск, Санкт-Пецярбург, Маскву, Кіеў.
Калі ёсць “шэнген”, то непадалёк таксама хапае прыгожых гарадоў: Вільнюс, Каўнас, Беласток, Рыга…
Вандруйце! Назірайце! Вучыцеся! Сябруйце! Наладжвайце сувязі і стасункі! І на пытанне, адкуль вы, з гонарам адказвайце: “З Беларусі!” І абавязкова пакідайце пра сябе добрую памяць! Бо мы ж – беларусы!
---------------------------------------
З павагай да вас Антон “Чык” Мальшэўскі.


