Путешествуем по Беларуси
Падарожнічаць наша сям'я любіць. І няважна, як і на чым. Галоўнае – разам, тады гэта прыносіць задавальненне.
Сёлетні летні адпачынак наша сям'я вырашыла правесці ў Беларусі. Здавалася, кожны з нас многае ведае пра родную зямлю: вывучалі ў школе, нешта чыталі, штосьці бачылі. На самой жа справе аказалася, што ведаў не так шмат. І толькі падарожнічаючы па прыгожых куточках нашай краіны, можна спазнаць і яе гісторыю, і яе хараство.
Больш бліжэй пазнаёміцца з роднай зямлёй ужо колькі гадоў прапаноўваў муж. Ды толькі я адмаўлялася: не раз бывала ў многіх вядомых мясцінах нашай краіны.
І ўсё ж сёлета, дзякуючы склаўшымся абставінам – менавіта дзякуючы, аб чым я ніколькі не пашкадавала, – свой летні адпачынак мы правялі ў Беларусі.
Аказалася, што самастойна спланаваць маршрут, нягледзячы на ўсюдыісны інтэрнэт і вялікую колькасць сайтаў, якія рэкламуюць падарожжы, у тым ліку і па Беларусі, – задача не з лёгкіх.
Падарожнічаць вырашылі на машыне – гэта значна аблягчала задачу.
Ніхто не забыты, нішто не забыта…
Першым прыпынкам у нашым маршруце стаў Мінск. Менавіта тут прайшлі мае студэнцкія гады, ды і потым не раз даводзілася бываць у сталіцы нашай краіны, таму пра Мінск і яго знакамітыя мясціны мы ведалі многае. Па гэтай прычыне дзень вырашылі прысвяціць менавіта тым аб'ектам, якія атрымалі тут «прапіску» толькі ў гэтым годзе.
Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны нельга прамінуць не толькі таму, што яго будынак кідаецца ў вочы, але і таму, што гэта – наша гісторыя, і забываць яе нельга.
Жадаючых наведаць музей – хоць адбаўляй. Магчыма, таму, што адкрыты ён быў зусім нядаўна – 2 ліпеня бягучага года. За даволі невялікую цану ў параўнанні з іншымі беларускімі музейна-паркавымі комплексамі – дарослы білет у музей каштуе 40000 беларускіх рублёў – тут можна даведацца шмат новага.
Экспазіцыя пабудавана ў выглядзе сімвалічнай дарогі вайны, пачынаючы ад першых яе дзён. Асабліва прываблівае выкарыстанне ў музеі сучасных тэхналогій – мультымедыя, анімацыі, своеасаблівых інфакіёскаў, з дапамогай якіх можна паглыбіць свае веды і пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і па гісторыі нашай краіны ў цэлым.
Менавіта гэтыя электронныя сродкі больш за ўсё і прывабліваюць маладых наведвальнікаў музея – адцягнуць дзяцей ад мультымедыйных экранаў, на якіх можна складаць пазлы па выбранай тэматыцы, гартаць кнігі і праглядваць відэафільмы, проста немагчыма.
А ўвогуле тут уражвае ўсё. І так званы «туманны экран», які размешчаны на ўваходзе ў залу акупацыі і ад убачаных на якім надпісаў – назваў спаленых у гады вайны вёсак Беларусі – мурашкі бягуць па скуры.
Музей, яго экспанаты і створаная тут атмасфера захопліваюць – планавалі адвесці на яго дзве гадзіны, аднак правялі тут ажно чатыры. Падарожжа па залах, якія пераплятаюцца паміж сабой, пераключэнне ўвагі з адной экспазіцыі на другую зусім не стаміла – наадварот, з'явілася ўсведамленне таго, што ты, як і народ, які перажыў Вялікую Айчынную вайну, моцны духам і многае можаш.
Уразіў і парк, які знаходзіцца побач з будынкам музея, дзе таксама можна карысна і прыемна правесці час.
Акрамя таго, наведванне музея і ўбачаны ў ім «экран» з назвамі спаленных вёсак паспрыялі з'яўленню яшчэ аднаго накірунку ў маршруце нашага падарожжа: пасля наведвання музея мы адправіліся ў Хатынь – незвычайны мемарыял, які сімвалізуе даніну памяці ўсім, хто загінуў у спаленых вёсках у гады Вялікай Айчыннай вайны.
З таго часу, як мы тут былі ў апошні раз, мінула не менш дзесяці гадоў. Наша дарослае ўсведамленне вайны з таго часу не змянілася, а сын падрос – і цяпер глядзеў на ўсё, што паўстае ў Хатыні, зусім іншымі вачыма. «Няскораны чалавек», брацкая магіла, наказ мёртвых жывым, помнікі-зрубы і імёны, імёны, імёны – тых, чыё жыццё забрала вайна…
Кроў стыне ў жылах, калі пачынаеш не толькі разумець, але на скуры адчуваць тыя жахі, якія тварылі фашысты. Здаецца, імі напоўнена паветра Хатыні.
І каб крыху развеяцца і пазбавіцца сумнага настрою, мы вырашылі акунуцца ў прамым сэнсе гэтага слова.
Замкі Беларусі
Асобным шляхам мы праехалі і па знакамітых гістарычных мясцінах нашай краіны.
Крэва – Гальшаны – Навагрудак – Мір – Любча – Шчорсы – Нясвіж – Паставы – Відзы – Опса – Браслаў. Усе гэтыя гарады і мястэчкі нечым падобныя – і ўсё ж адрозніваюцца. А аб'ядноўвае іх тое, што тут знаходзяцца больш-менш вядомыя гістарычныя збудаванні.
Сёння Мірскі замак і Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс – своеасаблівыя брэнды Беларусі. Пра гэтыя архітэктурныя помнікі ведаюць многія. Таму і наведвальнікаў тут таксама шмат – нягледзячы на тое, што ў Мір мы прыехалі сярод тыдня, давялося пастаяць у чарзе за білетамі. Гэта і зразумела, бо па колькасці наведвальнікаў знакамітых мясцін Беларусі Мір трапіў у пяцёрку лідараў. І нездарма.
Лічу, што наведаць яго павінен кожны беларус. Хаця б для таго, каб глыбей зазірнуць у гісторыю, прайсціся па старажытным будынку, няхай і адноўленым, паглядзець на калекцыі рыцарскіх даспехаў і жаночых убораў далёкіх часоў, проста дакрануцца да старых каменных сцен, каб адчуць повязь з нашай гісторыяй і Радзімай.
Электронныя сродкі «дайшлі» і да Міра. Сёння тут можна не заказваць экскурсію, а разам з білетам набыць аўдыёгід, якія замест экскурсавода даволі падрабязна раскажа вам пра найбольш цікавыя экспанаты, што захоўваюцца ў Мірскім замку. Словам, правесці час тут можна цікава і пазнавальна.
Гэтаксама як і ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе, які зацягвае цябе ў свае нетры надоўга. Ды так, што іх не хочацца пакідаць.
Адназначна, што гэтым двум знакамітым гістарычным помнікам нашай краіны пашанцавала – яны трапілі ў спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і таму, напэўна, сёння паўсталі перад намі ў адноўленым выглядзе.
Чаго не скажаш пра менш вядомыя, але не менш прыгожыя і важныя для гісторыі, мясціны нашай краіны. Да прыкладу, замак у Любчы. Была тут некалькі гадоў назад. Тады на месцы былога замка ўзвышаліся дзве напаўразбураныя вежы, якія бясслоўна малілі-прасілі аб дапамозе. І, пэўна, вымалілі – ужо некалькі гадоў у замку вядзецца рэканструкцыя. Менавіта 2003 год стаў пачаткам рэстаўрацыі замка, якую вядзе дабрачынны фонд «Любчанскі замак». І гэта не можа не радаваць. Працуюць тут і валанцёры, якія некалькі месяцаў у год, звычайна летам, праводзяць на рэстаўрацыі замка.
За гэтыя гады вежы злучылі паміж сабой, над імі ўзняліся адноўленыя купалы. Работы працягваюцца і сёння, што сведчыць пра тое, што, магчыма, у хуткім часе, і гэты гістарычны аб'ект зможа парадаваць турыстаў.
Змяненні адбыліся і на тэрыторыі Навагрудскага замка. Але сюды прыйшлі не валанцёры, а спецыялісты – генеральным падрадчыкам рэканструкцыі гісторыка-культурнай каштоўнасці Навагрудскага замка з'яўляецца ААТ «Белрэстаўрацыя».
Але нельга сказаць, што на час рэстаўрацыі пра Навагрудскі замак забыліся турысты. Наведвальнікі тут ёсць – іх не так шмат, як ў Міры ці ў Нясвіжы, але і нямала. Затое ўбачанае тут прымусіла яшчэ раз задумацца пра культуру нашых паводзінаў. На ўваходзе на тэрыторыю замка мы размінуліся з работнікамі камунгаса – яны выцягвалі некалькі вялікіх мяхоў… з пустымі бутэлькамі! Добра адпачываем…
У не вельмі дагледжаным стане знаходзіцца і сядзіба ў Опсе, якую заклаў, Фелікс Плятэр у 1903 годзе. Сядзіба захавалася да нашых дзён. За больш чым сто гадоў існавання пра яе не раз забывалі – а потым зноў успаміналі. Пасля Першай Сусветнай вайны тут размяшчалася земляробчая школа, а пасля Вялікай Айчыннай – школа-інтэрнат. У дзевяностыя гады сядзіба была перададзена на баланс Беларускага таварыства інвалідаў: і гэта выратавала ёй жыццё – тут планавалася зрабіць санаторый. Ды толькі планы так і засталіся планамі. Адзінае, што ўдалося адрамантаваць, – гэта дах. І дзякуючы гэтаму сцены ўцалелі да нашага часу.
А некалькі гадоў назад сядзіба была выкуплена ТАА «Сядзібы і замкі» – да 2015, калі верыць расцяжцы, якая размешчана на будынку, тут будзе адкрыты гасцінічна-рэстаранны комплекс. Ды толькі рэстаўрацыя зацягваецца, на агароджы вісіць таблічка з надпісам «Прыватная ўласнасць. Уваход забаронены», а на варотах – велізарны замок. Нам пашанцавала – якраз праходзіла экскурсія, да якой далучыліся і мы.
А вось старажытная сядзіба Храптовічаў у Шчорсах сёння знаходзіцца ў запушчаным стане. Яе тэрыторыя зарасла крапівой і дрэвамі, праціснуцца праз якія вельмі складана. Вось ужо сапраўды: «што маем – не захоўваем, а губляем – плачам»…
Парк водных забаў
Людзей сёння цяжка здзівіць. У тым ліку і аквапаркамі. Няхай гэта і першы такога маштабу аквапарк у нашай краіне. І тым не менш жадаючых наведаць яго сёння шмат. Магчыма, гэтаму спрыяла і тое, што надвор'е стаяла па-сапраўднаму летняе. І ад спёкі хацелася схавацца ў вадзе.
Аквапарк «Лябяжы» быў адкрыты зусім нядаўна. Як сцвярджаюць рэкламныя буклеты, забаўляльны комплекс «Аквапарк «Лябяжы» – першы сапраўдны парк водных забаў у Беларусі, адзін з буйнейшых у СНД і пяты па велічыні ў Еўропе.
Размешчаны ён недалёка ад транспартнай развязкі мінскай кальцавой аўтадарогі і праспекта Пераможцаў і прываблівае ўвагу ўсіх, хто праязджае міма.
Адкрытыя і закрытыя басейны, водныя горкі, бары і кафэ, лазні, сауны – словам, тут ёсць забавы на любы кошт і густ. Мінімальны час знаходжання на тэрыторыі аквапарка абмяжоўваецца трыма гадзінамі. З панядзелка па чацвер кошт білета за тры гадзіны знаходжання ў воднай зоне для дарослага складае 170 тысяч беларускіх рублёў. Усё астатняе – за дадатковую плату.
І тым не менш яно таго каштуе: хочаш – катайся з горак, хочаш – плавай, атрымлівай асалоду ад джакузі ці фантанаў з цёплай і халоднай вадой. Няма жадання быць у вадзе – загарай: на вуліцы, гэтаксама, як і ў памяшканні, выстаўлены лежакі.
Словам, час і тут можна правесці цікава і запамінальна. Хто яшчэ не з'ездзіў – рэкамендую. Праўда, варта помніць пра час: кожная лішняя хвіліна, праведзеная ў аквазоне, патрабуе дадатковай аплаты.
Блакітныя пацеркі Беларусі
А мора нам сёлета замянілі прыгожыя азёры і рэкі Беларусі.
На Нёмане мы сустрэлі групу турыстаў з Мінска – рабяты штогод падарожнічаюць на самаробным плыце і атрымліваюць ад гэтага вялікае задавальненне.
Возера Свір уразіла чыстай вадой, а яшчэ – маляўнічай прыродай, якая, на жаль, стараннямі адпачываючых паступова ператвараецца ў смеццезвалку…
Парадавала Нарач, у якой сёлетнім летам вада «не кусалася»…
І Блакітныя азёры – непаўторныя, прыгожыя, адметныя…
І, канешне, Браслаўскі край – дзясяткі маляўнічых азёр, прырода і незвычайны рэльеф ледавіковага перыяду зрабілі гэтыя мясціны адным з самых цудоўных куткоў Беларусі. І я ў гэтым упэўнілася – гэтаксама як і падарожнікі з Расіі, Украіны, Літвы і нават Латвіі, якія адпачывалі побач з намі.
Сёлетні адпачынак яшчэ раз напомніў, што нідзе так добра не бывае, як на роднай зямлі.
Прыгожай, гістарычнай, любімай...
------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.
