Прошел турнир по пляжному волейболу

Нягледзячы на дрэннае надвор’е, у мінулую суботу на Янаўскім вадасховішчы адбыўся міжраённы турнір па пляжным валейболе, прысвечаны памяці Іосіфа Гашкевіча.

Падобнае  спаборніцтва праводзілася  ў  нашым  раёне  ўпершыню.  І арганізатары  да  яго  старанна  падрыхтаваліся.
Усе    жадаючыя  маглі  не толькі  пагуляць  у  валейбол,  але  пачаставацца прысмакамі ў гандлёвых радах  райспажыўтаварыства, паспрабаваць шанцаванне ў атракцыёнах і пакаштаваць салодкую вату ад раённага аддзела культуры. Словам, усё  запрашала  прыемна правесці час.
Прадэманстраваць  свае здольнасці ў пляжным валейболе прыехалі дзесяць каманд.
Паколькі  турнір  міжраённы, акрамя  астраўчан,  на спаборніцтва прыехалі і госці – тры ашмянскія каманды. Дзесяць  каманд,  дзясяткі партый, сотні падач і ўдараў. І толькі адзін пераможца.
Ужо тыдзень назад па Астраўцы былі расклеены афішы, якія паведамлялі-запрашалі на міжраённы турнір па пляжным валейболе, які быў прысвечаны памяці Іосіфа Гашкевіча. Арганізаваць і правесці спаборніцтва вырашылі работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.
Толькі, падобна, лета не любіць спорт. Або не ўмее гуляць у валейбол. Ці проста пакрыўдзілася на штосьці і было без настрою… Бо напярэдадні расплакалася моцным ліўнем. Ды так, што ў арганізатараў і ўдзельнікаў турніру ўзнікла гамлетаўскае пытанне:  быць турніру ці не быць?
"Быць!" – пасля невялікіх ваганняў аднагалосна вырашылі ўсе. І сталі рыхтавацца да спаборніцтваў.
Дзе праводзіць пляжны валейбол, калі не на ўзбярэжжы водных прастораў? Таму турнір было вырашана правесці на Янаўскім вадасховішчы.  З самай  раніцы  ў дзень  спаборніцтва там  кіпела  работа. Арганізатары  наносілі апошнія  штрыхі падрыхтоўкі  на  гульнёвай  пляцоўцы, згладжваючы  і раўняючы наступствы дрэннага  надвор’я. Больш чым за паўтары гадзіны  да  пачатку ў  поўным  узбраенні падрыхтаваліся  сустракаць  гасцей работнікі  гандлю. Булачкі  з  макам  і карыцай,  пончыкі  з павідлам і згушчонкай, катлеты, адбіўныя, сокі  і  ліманад  –  у іх  палатках  можна было знайсці амаль усё, чаго жадалі душа і страўнік. А непадалёк ужо пачынаў казытаць нос водар будучых шашлыкоў.
Не адставалі ад гандляроў і работнікі культуры. Бы казачнікі, яны за кароткі час змянілі і ўпрыгожылі пляцоўку. Літаральна праз паўгадзіны на голым месцы выраслі палатка з цукровай ватай і попкорнам, з’явілася імправізаваная сцэна, запрашалі атракцыёны  і  гучала  музыка. Усё  было гатова да прыезду ўдзельнікаў і гасцей турніру. І толькі лета, скептычна гледзячы на гэтыя прыгатаванні, хмурылася цёмнымі хмарамі, фыркала злоснымі парывамі ветру, вельмі перашкаджаючы работнікам гандлю  і  культуры,  палохала  кароткачасовым  дожджыкам  –  хоць не-не,  ды праблісквала  зацікаўленым вочкам-сонейкам: няўжо тыя людзі, нягледзячы на дрэнны настрой  матухны  прыроды, сапраўды збіраюцца гуляць у валейбол?
А яны збіраліся. І чым менш часу заставалася да пачатку спаборніцтваў,  тым  больш аўтамабіляў пад’язджала на Янаўскае вадасховішча. Адны пераапраналіся і разміналіся, другія спрабавалі  босымі нагамі  пляжную  пляцоўку, трэція  цікавіліся  тэхнічнымі момантамі турніру.
Нарэшце  ўсе  заяўленыя каманды  пастроіліся  для ўрачыстага адкрыцця турніру.
Удзельнікаў спаборніцтва прывітаў першы  намеснік  старшыні  райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і  харчавання  Андрэй  Уладзіслававіч Янчэўскі,  які выказаў  спадзяванне, што,  нягледзячы  на  капрызы  надвор’я, спаборніцтва  атрымаецца  насычаным  і цікавым, а самі ігракі атрымаюць задавальненне ад гульні. Пасля гэтага Валянцін Часлававіч Далговіч растлумачыў умовы і правілы гульні. Пляжны валейбол некалькі адрозніваецца ад звычайнага: у камандзе іграюць двое ігракоў – у шортах і майках і босыя. Праўда, пры неабходнасці, калі іншая каманда не супраць, хтосьці мог гуляць і ў абутку. Гульня праводзіцца па дзве партыі, да 21 ачка. Калі яны заканчваюцца ўнічыю, пераможцу вызначае трэцяя партыя працягласцю да 15 ачкоў.
Загадзя  заяўкі  аб  удзеле  ў  турніры падалі дванаццаць каманд. Не спалохаліся дрэннага  надвор’я і  прыехалі  дзесяць: сем  –  астравецкіх  і тры – ашмянскія. Пары сапернікаў  вызначыла жараб’ёўка. І першая чацвёрка неўзабаве босымі нагамі ступіла на валейбольную пляцоўку.
У  чарговы  раз упэўнілася, што глядзець штосьці па тэлевізары і бачыць  гэта  ўвачавідкі –  дзве  вялікія  розніцы. Прызнаюся  шчыра:  да валейболу адношуся досыць  раўнадушна.  Але калі  назіраеш  за  гульнёй, дзе галоўнае нават не тэхніка ігракоў, не іх удалыя падачы, блокі і ўдары, а эмоцыі і перажыванні – гульня захоплівае ў палон.
Магчыма, на мае ўражанні паўплывала і тое, што ўжо з самай першай сустрэчы гульня атрымалася  напружанай  і  непрадказальнай, за кожны мяч змагаліся, не шкадуючы сіл і адзення. Не менш відовішчнымі былі і астатнія матчы. Рэдка які з іх заканчваўся дзвюма партыямі: звычайна барацьба ішла на роўных, і ўсё вырашала трэцяя. За гульнёй на пляцоўцы пільна сачылі суддзі з аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. Гледачы абмяркоўвалі і каменціравалі  між  сабой  падачы і ўдачы і ставілі стаўкі, хто ж выйграе. А балельшчыкі горача і шчыра падтрымлівалі свае каманды. Асабліва вылучаліся ў гэтым плане  ашмянцы,  якія  прыехалі на турнір цэлымі сем’ямі. А ў перапынках паміж матчамі ўсіх прысутных радавалі прыгожымі песнямі работнікі культуры. І ўсё гэта – нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор’е.
У  выніку  пасля  першай серыі гульняў у наступны этап спаборніцтваў выйшлі пяць каманд:  дзве  астравецкія  і  тры ашмянскія. Такім чынам, адной камандзе не хапала пары сапернікаў. Іх вызначылі  з  дапамогай  жараб’ёўкі;  пашанцавала ашмянскай камандзе.
Першымі  на  пляцоўку  змагацца  за выхад  у  фінал  выйшлі  ашмянскі  дуэт бацькі і сына – Пётр і Арцём Давідовічы, і  астравецкія  валейбалісты  –  Валерый Перка і Вадзім Федаровіч. Ізноў – падача, блок, удар, аут… Дзве партыі скончыліся нічыёй.  Інтрыгу  павінна была  вырашыць  трэцяя. Ніводная  з  каманд  не збіралася здавацца, гульня ішла ачко ў ачко. На табло 15:15 – пры такім раскладзе  трэба  выйграваць  два ачкі. 16:16, 17:17… “Гульня, дастойная  фіналу”,  –  чую чыйсьці  каментарый.  Нервы  нацягнутыя,  бы  струны, не толькі ў ігракоў, але і ў балельшчыкаў. Падача, удар і… Жаданую перамогу вырываюць астраўчане!
Крыху менш відовішчным, але  таксама  цікавым атрымаўся  і  матч  паміж астраўчанамі  Русланам Юргелянцам  і  Віталем Мацкевічам  і  ашмянцамі Сяргеем  Вашкелем  і Віктарам Шымкусам. Нашы валейбалісты змагаліся да апошняга,  але  сапернікі аказаліся мацнейшымі.
Такім  чынам,  у  фінал выйшлі  дзве  каманды  з Ашмян і адна з Астраўца. Ці  трэба  казаць,  што  асноўная  маса нешматлікіх  гледачоў  перажывала  за нашых? Аднак Валерый Перка і Вадзім Федаровіч  “вылажыліся”  ў  папярэднім матчы – Валерый нават атрымаў траўму нагі. А на пляцоўцы іх чакалі адпачыўшыя “шчасліўчыкі”, да таго ж, сапраўды моцныя сапернікі – Андрэй Вашкель і Віктар Галамбоўскі, якія на справе даказалі сваё майстэрства: 2:0 пасля дзвюх партый на карысць ашмянцаў .
У выніку ў фінальным паядынку на пляжнай пляцоўцы сышліся дзве пары з Ашмян. Без асаблівага намагання  Андрэй  Вашкель і Віктар Галамбоўскі выйгралі ў сваіх землякоў і сталі пераможцамі турніру.
Справа заставалася за сустрэчай за другое і трэцяе месцы. І тут лета не вытрымала. Калі да гэтага яно палохала смельчакоў-валейбалістаў  лёгкім  дожджыкам,  то зараз    абрынулася  ліўнем  з  парывамі шквалістага ветру і незадаволеным бурчаннем грому. А можа, яно проста моцна перажывала за нашу каманду? Праўда, ні астраўчане, ні ашмянцы не спалохаліся надвор’я і выйшлі гуляць пад дажджом.
Дзве партыі – і ашмянцы Сяргей Вашкель і Віктар Шымкус становяцца “сярэбранымі” прызёраміспаборніцтва. Астраўчане  Валерый  Перка  і  Вадзім Федаровіч занялі трэцяе месца.
Пасля перажыванняў  і хваляванняў  падчас гульняў  надышоў самы  ўрачысты  і прыемны момант –  узнагароджванне  пераможцаў і  прызёраў.
Спонсарамі  на турніры  выступілі СВК “Гудагай” і райвыканкам.  Кожная з  каманд-удзельніц атрымала па 200 тысяч рублёў. “Бронзавыя” прызёры былі ўзнагароджаны  медалямі  і  грашовай прэміяй у памеры 400 тысяч. Каманда, якая заняла  другое  месца,  акрамя  медалёў, атрымала прэмію ў 500 тысяч. Пераможцы міжраённага турніру па пляжным валейболе былі ўзнагароджаны медалямі, спецыяльным кубкам і матэрыяльным дадаткам у 600 тысяч рублёў.
Акрамя гэтага, быў вызначаны і лепшы ігрок спаборніцтва – ім названы Андрэй Вашкель. Ён атрымаў спецыяльны прыз.


____________________


Марына МАЦКЕВІЧ.