Принять участие в соревнованиях островецкие каратисты смогли благодаря поддержке своих родителей

Працягваюць удасканальваць і развіваць сваё майстэрства і моц духу астравецкія каратысты. На адкрытым першынстве вобласці ў Гродне ў чарговы раз яны прадэманстравалі свае навыкі бою.
Паколькі спаборніцтва насіла адкрыты характар, то, акрамя каратыстаў Гродзеншчыны, на першынства прыехалі ўдзельнікі з іншых абласных цэнтраў і Мінска.

Астравецкая дэлегацыя юных каратыстаў складалася з дзесяці юнакоў і адной дзяўчынкі. Карына Захарэўская пачала займацца гэтым відам спорту толькі ў гэтым годзе і адразу ўзяла добры старт. Дзяўчынка была першай падчас турніру, які праходзіў у Астраўцы. На абласным першынстве яна таксама не засталася без узнагарод – у Гродне Карына стала сярэбранай прызёркай.
Сур’ёзна прыйшлося пазмагацца Даніілу Махневічу: хлопец выступаў у самай шматлікай узроставай і вагавой катэгорыі. І за выхад у фінал ён правёў нямала складаных і напружаных баёў. Але стараннасць, напорыстасць і вера ў свае сілы дапамаглі астраўчаніну дастойна паказаць сябе і ў выніку заняць другое месца.
Яраслаў Бароўскі стаў трэцім. А Дзмітрый Грыва, Мікіта Спірыдонаў і Аўгустын Вярбовіч занялі чацвёртыя месцы, якія таксама адзначаліся ўзнагародамі. Рауф Ломаўцаў, Ігар Улан і Кірыл Грамбоўскі, якія ўпершыню выступалі на выязных спаборніцтвах, па словах трэнера Дзмітрыя Куцько, прадэманстравалі добрыя баі і нядрэнныя перспектывы на будучыя спаборніцтвы.
А вось Канстанціну Пятровічу і Сяргею Кандратовічу, магчыма, не хапіла цярпення, вытрымкі і ўпэўненасці ў сваіх сілах.
Удзел у спаборніцтве быў бы немагчымым без падтрымкі бацькоў – не толькі маральнай, але і матэрыяльнай. Таму трэнер па каратэ Дзмітрый Куцько выказвае падзяку сем’ям Пятровіч і Спірыдонавых.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ
.