Познай Беларусь. Беловежская пуща (+видео)

БеловежскаяЧамусьці так павялося, што ў Белавежскую пушчу большасць беларусаў прыязджае менавіта зімой – каб, як кажуць, адным ударам забіць двух зайцаў: палюбавацца неапісальна прыгожым зімнім лесам, некранутым рукой чалавека, і з гаспадаром беларускай зімы Дзедам Марозам сустрэцца.

Думаецца, зразумела, як адрэагавалі на прапанову паехаць у Белавежскую пушчу восенню журналісты нашай газеты: якое задавальненне можна атрымаць там цяпер – ні снегу, ні Дзеда Мароза?!
Аказалася, вялікае. Прычым не толькі ад самой пушчы, яе непаўторнасці і прыгажосці, якая захапляе ў любую пару года, але і ад экскурсіі ў маёнтак Дзеда Мароза, які, як ён потым нам паведаміў, сустракае тут гасцей круглы год.

Беловежская1Ці ведаеце вы, што...
► асобы рэжым у пушчы быў устаноўлены князем Вітаўтам яшчэ ў 17 стагоддзі;
► сёння ў Белавежскай пушчы налічваецца каля 2 000 дрэў-волатаў і больш за 460 зуброў;
► зубр – равеснік маманта, у дзікай прыродзе яго можна сустрэць толькі ў Беларусі і ў некаторых рэгіёнах Каўказа.

У пошуках прыгажосці


Многае пра гісторыю і сённяшні дзень Белавежскай пушчы можна даведацца, наведаўшыся ў музей прыроды, які знаходзіцца недалёка ад вальераў з ляснымі жыхарамі, што, нягледзячы на высокую агароджу, жывуць тут у прывычных для іх умовах дзікай прыроды.
Аднак экскурсія па тэрыторыі Белавежскай пушчы – цудоўная магчымасць яшчэ раз упэўніцца, што наша прырода непараўнальна прыгожая ў любую пару года.
…Асеннюю санлівасць, ляноту і нават абыякавасць як рукой зняло, як толькі наш вялікі аўтобус павярнуў на адну са шматлікіх вузенькіх сцежак, што частай сеткай маршчын накрылі ўсю Белавежскую пушчу, – шмат соцень гадоў па іх хадзілі дзікія звяры ў пошуках ежы і месца для стойбішча, і людзі – на паляванне.
Беловежская5Дарэчы, вы ведаеце, што такое пушча? Так, гэта цяжкапраходны лес прыроднага паходжання, дзе нават сёння ўздзеянне чалавека на ўсю экасістэму мінімальнае. Ад гэтага здаецца, што ты патрапіў у чароўнае месца, дзе пад упаўшай ад старасці сасной жывуць маленькія гномы, пад вывернутым коранем вялізнага дрэва спіць, укрыўшыся зялёным мохам, лесавік, а па-казачнаму хітрая ліса нахвальвае ласункі, якімі частуе яе “зайчык-пабягайчык”, і кажа яму чалавечы “дзякуй”…
У Белавежскай пушчы прыгожа нават позняй восенню. Дух захапляе ад чыстага, насычанага цішынёй і вечным спакоем паветра – і ты разумееш, што ўсё тут ідзе так, як павінна быць, а не так, як хочацца самазванцу – “цару” прыроды – чалавеку.
Беловежская4…Ідзеш па карычневым, падпрэлым ад сырасці і дажджоў дыване, які надзейна ўкрыў зямлю ад зімовай сцюжы, дзесьці кукуе сонная зязюля, патрэскваюць ад нахабнага ветру верхавіны дрэў – і адчуваеш: вось яно, тое сапраўднае і патрэбнае кожнаму чалавеку шчасце, амаль пад носам, толькі трэба яго разглядзець… Менавіта тут пачынаеш разумець, што такое вечны кругазварот жыцця: дрэвы, як і людзі, растуць, дужэюць, старэюць – і паміраюць, а на іх месцы з'яўляюцца новыя, маладыя і прыгожыя. Дарэчы, сярэдні ўзрост дрэў у Белавежскай пушчы 100 гадоў – так мала для дрэва і так шмат для чалавека!
Беловежская2

Беловежская3У нямым здзіўленні гляджу на вялізны дуб-патрыярх, якому ўжо больш за 600 гадоў. А непадалёк яго малодшы брат – 300-гадовы дуб дыяметрам 1,5 метра. Сваімі моцнымі каранямі ён надзейна трымаецца за матухну-зямлю, а скурчанымі няўмольным часам галінамі, здаецца, упіраецца ў самае неба. Вялізнае дупло, якое з'явілася пасля ўдару маланкі, яшчэ раз пацвярджае, што вялікую ролю для кожнага – кволай кветачкі, магутнага дуба ці безабароннага перад “рукой лёсу” чалавека – адыгрывае жаданне жыць…
Своеасаблівымі шрамамі на душы Белавежскай пушчы сталі вялікія “лысыя” паляны, якія засталіся пасля таго, як на іх складзіравалі вырублены лес, каб потым адправіць яго на перапрацоўку.

Даведка
У нацыянальным парку “Белавежская пушча” 50% ад колькасці ўсіх дрэў складае сасна, 30% – елка. Толькі 15% пушчы – лес, пасаджаны рукамі чалавека на месцах былых вырубак.

Равеснікі маманта


Не толькі флора пакутавала ад здзекаў чалавека, але і фауна: калі перад Першай сусветнай вайной у пушчы налічвалася 757 зуброў, то ў 1919 годзе была забіта апошняя зубрыца – а значыць, перарваўся род беларускіх лясных асілкаў. І ў 1920-х гадах у Беларусь з заапарка Германіі прыйшлося завезці 4 асобіны зуброў, якія і сталі продкамі сённяшніх гаспадароў пушчы. Перад Вялікай Айчыннай вайной іх налічвалася 19.
…Бачыць зубра ў вальеры і назіраць за яго паводзінамі на волі – зусім не адно і тое ж. Гэта сапраўдныя дзеці дзікай прыроды. Адразу ўспомнілася “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, і стала зразумела, чаму менавіта гэтую жывёлу паэт лічыў сімвалам Беларусі. Смелы і спакойны, упэўнены ў сабе і велічны – такім прадстае зубр перад тымі, каму пашчасціць убачыць яго ў зацішку невялікага лугу, дзе ён пасвіцца ў махровым акружэнні вечназялёных сасновых бароў, якія з усіх бакоў ахоўваюць гэтую велічную жывёлу не толькі ад ветру, але і ад злых вачэй і помыслаў чалавека.
Беловежская6Зубры не падпускаюць да сябе нават тых, хто з году ў год наглядае за імі, клапоціцца аб іх, падлічвае і вывучае асаблівасці іх паводзін.
Аляксей Мікалаевіч Буневіч, навуковы супрацоўнік нацыянальнага парка “Белавежская пушча”:
– Звычайна зубры не нападаюць на чалавека – калі, канешне, не адчуваюць пагрозы. Зімой яны збіраюцца разам – здараецца, можна ўбачыць статак больш за 150 галоў. А вясной зноў разыходзяцца ў розныя бакі. Ёсць у зуброў і ворагі – мядзведзі, ваўкі і, безумоўна, чалавек. Да слова, паляванне на зубра дазваляецца, але толькі на “выбракоўку” – асобіну, якая хварэе ці ўжо аджыла свой век.
Важаком статка зуброў заўсёды выступае самая вялікая самка, а самцы часцей за ўсё адзіночкі.
Вельмі шкада маленькіх цялятак, якія нарадзіліся позняй восенню і таму не паспяваюць да зімы набрацца сілы і падрасці, – часцей за ўсё яны не выжываюць. Але тут вінаваты не людзі і не драпежнікі, а сама прырода.
…Восем гадзін раніцы. Толькі пачынае віднець. Мы ціхенька прабіраемся па лясной сцежцы – туды, дзе сілкуюцца зубры. Цішыня… І толькі ціхае і спакойнае “фырканне” гаспадароў Белавежскай пушчы падказвае нам правільную дарогу. Іх шмат, і яны розныя. Углядаючыся ў смутныя постаці зуброў, якія спакойна займаюцца прывычнымі для іх справамі, лаўлю сябе на думцы: сапраўды, сіла, моц і першабытная прыгажосць беларускага зубра – гэта наша спадчына, маленькая, але важная частачка вялікага і прыгожага пазла пад назвай “Мая Радзіма Беларусь”. І адразу на душы стала лёгка, на вачах заблішчалі слёзы замілавання, а сэрца напоўнілася шчымлівым пачуццём гонару і любові – да тых, хто падарыў нам гэтыя цудоўныя імгненні, – зуброў; да тых, хто дбае пра нашу спадчыну і пра тое, каб ва ўсім свеце ведалі, хто такія мы – беларусы; да тых, хто, як і я, хаваў няпрошаныя слёзы радасці і замілавання; да ўсёй нашай краіны…

https://youtu.be/jKewEwgt8g4

Белавежская пушча вытрымала многае: перажыла вайну, і не адну; “выжыла” пасля падзелу, калі большая частка адышла да Польшчы; выстаяла пад павальнымі вырубкамі… І засталася жыць – у сваёй неперадавальнай чысціні, велічы і натуральнасці. Пазнаёміцца з яе неабсяжнымі прасторамі, якія хаваюць у сабе вялікія багацці, за адзін раз немагчыма – як немагчыма перадаць пачуцці, якія накрываюць з галавой тут, у шматвекавым беларускім лесе з найцікавейшай гісторыяй, сваімі адметнасцямі і сваім укладам жыцця – людзей і звяроў.
Ну што ж, гэта важкая нагода, каб вярнуцца сюды, на ўлонне беларускай прыроды – і зноў адпачыць душой.
Абавязкова прыеду – цяпер ужо летам.

-------------------------------
Вольга ХАЦЯНОВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.