Победы островчан на межрайонном турнире по карате кекусинкай
Юныя каратысты з Ашмян, Смаргоні і Астраўца сустрэліся на міжраённым турніры па кёкусінкай каратэ ў Ашмянах. Астравецкія каратысты вярнуліся дадому з першым агульнакамандным месцам.
Падобнае спаборніцтва ў мінулым годзе праходзіла ў Астраўцы, сёлета ж свае здольнасці каратысты дэманстравалі на татамі ў Ашмянах. Адметна і тое, што на гэты раз усе ўдзельнікі турніру з’яўляюцца выхаванцамі аднаго трэнера – Дзмітрыя Куцько.
– Чаму нецікава? – адказвае на мае здзіўленне Дзмітрый. – Наадварот, мне было вельмі цікава паглядзець, як дэманструюць свае ўменні мае вучні, якім прыёмам аддаюць перавагу і як дзейнічаюць у непрадказальных сітуацыях. Кожны з іх, калі гэта сапраўды цікава і патрэбна, прапускае ўсё, чаму я вучу, праз сябе – а вынік бачны падчас бою. Таму мне было вельмі цікава паглядзець на спаборніцтвы. Тым больш, што большасць рабят з розных раёнаў не ведаюць адзін аднаго, і на татамі яны – сапернікі.
Як і належыць, паядынкі праходзілі па розных узроставых і вагавых катэгорыях. Аднак і шасцігадовыя дэбютанты, і іх старэйшыя таварышы па каратэ да паядынкаў падыходзілі з сур’ёзнасцю і адказнасцю – і дэманстравалі на татамі ўсе таямніцы каратэ.
У выніку, пасля ўсіх баёў, адзінаборства вылучыла лепшых: пераможцамі турніру сталі астраўчане Руслан Скурко (вагавая катэгорыя да 30 кілаграмаў, узрост 8-9 гадоў), Арцём Шасцялінскі (да 36 кілаграмаў, 10-11 гадоў) і Данііл Махневіч (да 41 кілаграма, 12-13 гадоў).
Другое месца ў турніры ў сваіх узроставых і вагавых катэгорыях занялі Алег Коласаў, Кірыл Скурко, Кірыл Вярбовіч, Ігар Улан, Рауф Ломаўцаў, Канстанцін Пятровіч, Канстанцін Юркойць, Аўгустын Вярбовіч і Анастасія Новікава.
Шматлікай атрымалася і астравецкая група бронзавых прызёраў – на трэцюю прыступку падняліся Яраслаў Шасцялінскі, Артур Шлыковіч, Данііл Урбановіч, Эрнэст Сіраш, Анатоль Вялінец, Максім Скіруць, Мікіта Спірыдонаў і Дзмітрый Грыва.
У выніку, астравецкія прыхільнікі кёкусінкай каратэ занялі на міжраённым турніры “Кубак Ашмян-2015” першае агульнакаманднае месца.
Віншуем юных каратыстаў і іх трэнера.
----------------------------------------------------
Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.
