Педагоги Гудогайской школы посетили музей Огинского в Залесье
Хуткаплынны час, нібы вецер восенню, зрывае лісткі календара, не дазваляючы азірнуцца, удосталь нарадавацца таму, што маеш. Здаецца, не так даўно мы – настаўнікі Гудагайскай сярэдняй школы – вярнуліся з цудоўнага падарожжа па Санкт-Пецярбурзе. Тады лета толькі бралася ў сілу, радуючы шчодрым цяплом і сціраючы ўражанні ад багатай гістарычнай спадчыны аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў свету.І вось ужо восень палае яркімі колерамі клёнаў ды рабін, святкуючы Дзень настаўніка. Прафсаюзны камітэт, які ўзначальвае Вольга Іванаўна Бараноўская, паклікаў настаўнікаў у новую вандроўку. На гэты раз мы наведалі музей Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі.
Што і казаць, “паўночныя Афіны” не могуць уразіць пасля Санкт-Пецярбурга…. Але не наведаць залесскі музей хоць аднойчы – не годна любога грамадзяніна, а што ўжо гаварыць пра настаўніка. Не за сотні кіламетраў, а побач з намі распавядаюць аб выдатным дзяржаўным дзеячы і кампазітары, які ў свой час ператварыў глыбінку “паўночна-заходняга краю” ў эпіцэнтр культуры і пакінуў пасля сябе прыгожы маёнтак. Сёння толькі словы ўлюбёнага ў сваю справу экскурсавода ды копіі малюнкаў тагачасных мастакоў дазваляюць уявіць важнасць зробленага Агінскім.
Палац рэстаўраваны: кожны пакой, маючы сваё прызначэнне, паступова раскрывае перад наведвальнікам не толькі постаці гаспадара і членаў яго сям’і, але і дух эпохі. Стылізаваная мэбля, музычныя інструменты, більярдны стол, друкаваныя копіі партрэтаў, зімовая аранжарэя – не дацягнуцца нам па якасці да сусветных музеяў… Аднак, калі ўзгадаць лёс, напрыклад, палаца Мінэйкаў у Дубніках, то застаецца толькі пажадаць, каб кожны з нас пабываў у залесскім музеі і парадваўся таму, як распараджаліся сваім багаццем і талентам лепшыя з нашых продкаў.
Немалыя дзяржаўныя грошы спатрэбіліся, каб стварыць яго. І чарга экскурсійных аўтобусаў, што ў адзін з суботніх дзён стаяла каля сядзібы ў Залессі, а таксама паведамленні ў сродках масавай інфармацыі аб канцэртах, выставах, канферэнцыях і сустрэчах у сценах музея сведчаць аб значнасці таго, што там зроблена, і запатрабаванасці такой установы.
А мы, задаволеныя, яшчэ больш з’яднаныя і акрыленыя, вярталіся дадому, гатовыя з новымі ведамі і сіламі працаваць, тварыць, ствараць.
Марыя ВАСІЛЁНАК, Гудагайская сярэдняя школа.
