Отдыхаем с пользой и осваиваем зимние виды спорта
З першых дзён новага года зіма ўступіла ў законныя правы і працягвае гаспадарыць, не даючы асабліва раслабіцца: то прыцісне кусачым марозам, то сыпане ахапкамі снегу. Аднак народная мудрасць сцвярджае, што ў прыроды няма дрэннага надвор’я, а значыць трэба атрымліваць задавальненне ад кожнага дня. Напрыклад, спалучыць прыемнае з карысным і асвоіць зімнія віды спорту. А як і дзе гэта можна зрабіць у Астраўцы, мы папрасілі расказаць намесніка загадчыка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяну Мікалаеўну Букель.– Некаторыя скардзяцца, што зімой, акрамя распаўсюджанага занятку “канапаляжанне” няма чым заняцца. Якія паслугі для занятку зімнімі відамі спорту можа прапанаваць Астравецкі фізкультурна-спартыўны клуб?
– Пачнём з таго, што заўсёды можна знайсці сабе занятак – было б толькі жаданне. Сёлета зіма радуе нас адпаведным надвор’ем, пагэтаму варыянтаў для добрага і карыснага адпачынку нямала: лыжы, канькі, санкі – выбірай на любы густ. І фізкультурна-спартыўны клуб стараецца спрыяць гэтаму. Напрыклад, каля сярэдняй школы №2 штогод, і сёлета таксама, нашымі сіламі заліваецца каток – любы жадаючы можа прыйсці сюды і ўдосталь пакатацца. Акрамя гэтага, побач дзейнічае хакейная каробка, дзе трэніруюцца нашы юныя аматары клюшкі і шайбы – выхаванцы трэнера па хакеі Яўгена Міхайлавіча Яфімава. Дарэчы, калі ў кагосьці з’явілася жаданне таксама паспрабаваць сябе ў камандзе “цудоўнай пяцёркі і варатара” – калі ласка, можна запісвацца ў секцыю па хакеі. Яўген Міхайлавіч – не толькі добры і адказны трэнер, але і апантаны сваёй працай і хакеем чалавек. Думаю, многія яго выхаванцы могуць пацвердзіць мае словы.
Акрамя гэтага, заліты каток ля гімназіі №1 и многіх школ раёна, рашчышчаны пляцоўкі на вадасховішчах у Астраўцы, Варнянах, Гервятах, Альхоўцы. І жадаючыя прыходзяць, катаюцца і атрымліваюць толькі пазітыўныя эмоцыі.
– Абсталяваныя каткі – гэта, канешне, добра. Але што рабіць, калі няма на чым катацца?
– З гэтай праблемай таксама можам дапамагчы. На базе Астравецкага ФСК працуе пункт пракату. У нас ёсць 26 пар канькоў для масавага катання і 49 – хакейных. Кошт за гадзіну – 15 тысяч, за суткі – 60 тысяч рублёў. Хачу адзначыць, што гэты спартыўны інвентар вельмі запатрабаваны, асабліва ў выхадныя дні. Дарэчы, пракат працуе ў працоўныя дні – з 8.00 да 19.00, а ў выхадныя – з 10.00 да 15.00. Пагэтаму, калі хтосьці хоча паспытаць лёд на трываласць, але не мае на чым – звяртайцеся.
– А калі, скажам, я аддаю перавагу менш экстрымальным, чым катанне на каньках, відам спорту, што можаце прапанаваць?
– Акрамя канькоў, у нас можна ўзяць напракат яшчэ і камплекты бегавых лыжаў. Кошт амаль такі ж, як і канькоў. А вось ва ўсіх навучальных установах раёна дзеці могуць узяць пакатацца лыжы бясплатна, а іх бацькі – за сімвалічную плату.
У нашым аддзеле ёсць людзі, якія адказваюць за пракладку лыжных трас, расчыстку каткоў і падтрымліваюць іх у належным стане. Такім чынам, супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму робяць усё магчымае, каб зіма для астраўчан праходзіла карысна, насычана і здарова.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Юрыя ГОРЫДА.
