Островецкие волейболисты заняли седьмое место на областной спартакиаде
Зборная каманда Астравецкага раёна па валейболе сярод юнакоў 2000-2002 гадоў нараджэння заняла на спартакіядзе Гродзенскай вобласці “Каласок” сёмае месца.Астравецкая каманда складалася з юных спартсменаў Гервяцкай, Міхалішкаўскай і Кямелішкаўскай школ, якія прадэманстравалі добрыя вынікі падчас раённых спаборніцтваў.
Каманды-ўдзельніцы спартакіяды былі падзелены на 4 групы. Сапернікамі нашых валейбалістаў сталі зборныя з Ашмянскага, Свіслацкага і Ваўкавыскага раёнаў – пачалася цікавая і відовішчная гульня. Астравецкія юнакі ўпэўнена выйгралі з лікам 2:0 па суме партый у каманд са Свіслачы і Ваўкавыска, а саступілі камандзе з Ашмян. Аднак пройгрыш не перашкодзіў ім выйсці ў фінал.
У рашаючых спаборніцтвах нашы валейбалісты выйгралі ў смаргонцаў, але прайгралі сапернікам з Гродзенскага, Навагрудскага і Воранаўскага раёнаў.
У выніку зборная каманда юных валейбалістаў Астравецкага раёна на абласной спартакіядзе апынулася ў залатой сярэдзіне – заняла сёмае месца з шаснаццаці.
Марына БАРОК.
