Островецкие спортсмены посетили город-побратим Островца
Горад-пабрацім Астраўца Сасновы Бор на слыху ў многіх астраўчан. Некаторыя нават паспелі туды наведацца. Дайшла чарга і да нашых спартсменаў: аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама заключыў пагадненне са сваімі таварышамі з Сасновага Бору аб супрацоўніцтве. І яно не прымусіла сябе доўга чакаць – першай ластаўкай стала запрашэнне ў расійскі горад-пабрацім нашых спартсменаў. І хутка астравецкі «дэсант» у складзе дзіцячай каманды па боксе разам з трэнерам і дарослай камандай па міні-футболе высадзіўся на сасноваборскай зямлі.Падзяліцца ўражаннямі ад падарожжа мы папрасілі саміх удзельнікаў спартыўнага падарожжа.
Аляксей Зянонавіч Маргуж, трэнер па боксе Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы:
– Паездка была цікавай, насычанай і пазнавальнай. Асабліва для рабят. Сустрэлі нас гасцінна, размясцілі добра, на ўмовы пражывання і адносіны да нас грэх скардзіцца – усё было на ўзроўні. Для астравецкіх спартсменаў арганізавалі экскурсію па горадзе: паказалі атамную электрастанцыю, асноўныя славутасці. Самыя яркія і незабыўныя ўражанні засталіся ад наведання Андэрсэнграда – вельмі арыгінальная задумка і цудоўнае яе ўвасабленне – і Фінскага заліву – тут ужо, што называецца, без каментарыяў. Словам, лепш адзін раз пабачыць, чым шмат пачуць.
Вядома, былі арганізаваны і спаборніцтвы – мы ж не толькі паглядзець, але і сябе паказаць прыехалі. Ды і вопыт пераняць. Развіццю спорту ў Сасновым Боры надаецца вялікая ўвага – пра гэта сведчаць пяцьдзясят «працуючых» відаў спорту.
Спаборніцтвы па боксе прайшлі цікава. Добрая школа, тэхніка, майстэрства бою, дастойныя сапернікі. Мы ж, у сваю чаргу, таксама паказалі на што здатныя. Са мной прыехала трынаццаць рабят, восем з іх занялі першыя месцы, чацвёра – другое. У розных узроставых і вагавых катэгорыях пераможцамі спаборніцтваў сталі Максім Каспяровіч, Раман Гродэль, Дзмітрый Відута, Яўген Красоўскі, Іван Стэх, Алег Батура, Арцём Рагавенка, Мікіта Ромаш. Сярэбраную прыступку занялі Аляксандр Філіповіч, Арцём Каспяровіч, Аляксандр Стаскойць і Марк Маргуж. А Дзмітрый Лабэцкі, паколькі яму не змаглі падабраць саперніка ў адпаведнасці з вагавой і ўзроставай катэгорыямі, правёў добры паказальны бой.
Ці спадабалася паездка? Ну канешне! Гасцінны прыём, экскурсіі, падарункі, баі. Падчас турніраў даводзіцца бываць у розных краінах і гарадах, праўда, не заўсёды атрымліваецца паглядзець іх славутасці. Але ў любым выпадку гэта новыя ўражанні, эмоцыі і вопыт. Спадзяюся, што наша паездка перарасце ў цеснае супрацоўніцтва. А пакуль будзем рыхтавацца да візіту сасноваборцаў у Астравец.
Вадзім Анатольевіч Лебядзевіч, супрацоўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму:
– У Сасновы Бор паехалі дзве каманды: дзеці-баксёры разам са сваім трэнерам і дарослая каманда па міні-футболе ў складзе васьмі чалавек. З самага пачатку паездка абяцала быць цікавай і, забягаючы наперад, скажу, што чаканні поўнасцю апраўдаліся. Адзінае – чатырнаццаць гадзін дарогі, але вынік каштаваў такіх нязручнасцей.
Сустрэлі нас вельмі добра. Астравецкую дэлегацыю шчыра прывітаў мэр горада Дзмітрый Вітальевіч Пуляеўскі і прадстаўнікі адміністрацыі. Працавала СМІ, тэлебачанне – ужо на наступны дзень пра наш візіт можна было даведацца ў сусветнай павуціне. І дзеці, і дарослыя атрымалі цудоўныя падарункі. У сваю чаргу мы таксама прыехалі не з пустымі рукамі – мы таксама пакінулі памяць аб Астравеччыне ў Сасновым Боры.
Незабыўныя ўражанні засталіся ад экскурсіі па горадзе, асабліва ад Андэрсенграда – вельмі прыгожа. Ну і вядома ж, Фінскі заліў! Ён зачароўвае і прыцягвае. Некаторыя нашы рабяты ўпершыню пабачылі мора. Эмоцый і ўражанняў засталося шмат.
На наступны дзень прайшоў таварыскі матч па міні-футболе паміж астраўчанамі і камандай гаспадароў – дарэчы, чэмпіёнам Ленінградскай вобласці. Сустрэча ў выніку скончылася з лікам 11:3 на карысць гаспадароў. Аднак ні ў каго з нашых рабят не было ні кроплі злосці ці сораму за тое, што прайгралі, – мы гулялі на ўзроўні з сапраўднымі прафесіяналамі. Малайцы нашы баксёры – выступілі проста класна, прадэманстраваўшы высокі ўзровень майстэрства.
Ну а пасля на некалькі гадзін мы рванулі ў Санкт-Пецярбург. Хоць і пабылі там літаральна паўтары гадзіны, але ўражанняў хопіць надоўга.
Словам, паездка была цікавай, плённай і спадабалася ўсім. Пастараемся, каб візіт нашых рускіх сяброў у Астравец аказаўся не менш насычаным і карысным.
---------------------------------------------------
Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.
