Островецкие спортсмены помогли областной команде одержать победу на республиканском чемпионате по легкой атлетике
З 23 па 25 ліпеня ў Гродна прайшоў адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. Астравецкія спартсмены паказалі цудоўныя вынікі на спаборніцтвах і дапамаглі камандзе Гродзенскай вобласці заваяваць перамогу ў агульнакамандным заліку.Адкрыты чэмпіянат Беларусі сёлета праходзіў у новым фармаце: па-першае, разам з беларускімі спартсменамі на старт выходзілі і замежныя ўдзельнікі з Расіі, Турцыі, Азербайджана і Кітая; па-другое, беларускія лёгкаатлеты сваімі перамогамі заваёўвалі сабе ліцэнзіі на Чэмпіянат свету, які ў канцы жніўня адбудзецца ў кітайскім Пекіне.
У сталіцу Паднябеснай абараняць гонар нашай краіны напрыканцы лета паедзе наш зямляк, ураджэнец вёскі Варняны, Аляксандр Ляховіч (першы трэнер Андрэй Уладзіслававіч Блашкевіч). Лёгкаатлет у спартыўнай хадзьбе на 20 кіламетраў паказаў бліскучы час і, адпаведна, вынік: 1 гадзіна 21 хвіліна і 58 секунд спатрэбіліся спартсмену для залатога медаля і звання чэмпіёна Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага, Аляксандр выканаў нарматыў майстра спорту міжнароднага класа.
Яшчэ адна ўраджэнка Варнян Алеся Блашкевіч паказала добрыя вынікі ў скачках у вышыню. Лёгкаатлетка “ўзяла” 180 сантыметраў і ІІІ прыступку спартыўнага п’едэсталу.
Кінутае Аляксандрам Казлоўскім на 64,78 метра кап’ё прынесла спартсмену 5 месца ў агульным заліку.
У рамках чэмпіянату адбыліся дзіцячыя лёгкаатлетычныя эстафеты. Астравецкая каманда заняла шостае месца. Усе юныя спартсмены былі ўзнагароджаны юбілейнымі медалямі чэмпіянату Рэспублікі Беларусь.
Віншуем нашых спартсменаў з заслужанымі перамогамі, а Аляксандру Ляховічу жадаем поспехаў на Чэмпіянаце свету!
----------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.
