Островецкие рыболовы защищали честь Гродненской области на республиканских соревнованиях и стали лучшими среди непрофессионалов

1
Астравецкія рыбаловы прадстаўлялі Гродзенскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах – і сталі лепшымі сярод аматараў.

“Кубак Рэспублікі Беларусь па спартыўнай лоўлі рыбы на паплавочную вуду” – такую сур’ёзную назву надалі спаборніцтву па рыбнай лоўлі яе арганізатары – дзяржаўнае грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” і шэраг прыватных фірмаў, якія займаюцца рэалізацыяй рыбалоўнага інвентару. Абараняць рыбалавецкі гонар Гродзенскай вобласці выпала камандзе Астравеччыны.
У Кубку, які на працягу двух дзён праходзіў на берагах возера Пятровіцкае (Смалявіцкі раён), прымалі ўдзел 11 каманд. Першыя пяць – “Таварыш Дунаеў”, “Выток”, “Tubertinі” і іншыя – складаліся з прафесійных рыбаловаў (аказваецца, існуе спартыўнае рыбалоўства, у якім ёсць свае майстры і кандыдаты ў майстры). Астатнія шэсць каманд можна назваць прадстаўнічымі – кожная з іх прадстаўляла адну з абласцей рэспублікі.
Абараняць рыбалавецкі гонар Гродзенскай вобласці выпала камандзе Астравеччыны ў складзе Уладзіміра Алізара, Уладзіміра Драгана, Андрэя Праскіна і Уладзіміра Скарульскага (усе – сябры раённага аддзялення БТПР).
Раздзел вадасховішча на ўмоўныя сектары, жараб’ёўка... А яшчэ – моцны вецер, і яго наступства – высокая хваля. У такіх ўмовах цяжка бывае падчапіць кручком вільготны хвост слізкаватай рыбацкай удачы. Асабліва калі па ўмовах спаборніцтва рыбачыць дазваляецца толькі з берага.
– Пры моцнай хвалі – гэтае правіла вядома кожнаму рыбаку – рыба адыходзіць ад берага, – тлумачыць сітуацыю старшыня раённага аддзялення БТПР Іван Мушніцкі. – І злавіць яе з дапамогай звычайнай вуды – задача амаль невырашальная.
Звычайнай, адзначым для сябе, – гэта вудай, даўжыня якой вар’іруе ў межах трох-пяці метраў. У той час, як даўжыня спартыўнага прыстасавання для лоўлі рыбы дасягае ажно дванаццаці метраў. Ясная справа, пры такіх умовах прафесіяналы аказаліся па-за канкурэнцыяй.
– Да пытанняў прыкорму спартсмены таксама падышлі прафесійна, – падзяліўся ўражаннямі Андрэй Праскін. – Кожны з іх прывёз с сабой па 20 кілаграмаў дарагога (за 200 долараў) корму для рыб. Гэта ў той час, калі мы ўсёй камандай набылі прыкормку за 60 тысяч рублёў. У іх наогул такія рыбацкія прыстасаванні, што люба-дорага глянуць (прычым слова “дорага” трэба ўспрымаць у літаральным сэнсе).
Прафесіяналы “адарваліся” ад аматараў ледзь не на старце, але апошнія не страцілі цікавасці да турніру – аматарскія каманды пачалі высвятляць адносіны паміж сабой.
У выніку каманда Гродзенскай вобласці стала лепшай сярод непрафесіяналаў і заняла агульнакубкавае шостае месца, прапусціўшы наперад толькі каманды профі.


-------------------
Ганна ЧАКУР.