Островецкие каратисты выступили на открытом первенстве и чемпионате спортивного клуба "Сэйман"

Каратысты Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей дэманстравалі майстэрства бою на адкрытым першынстве і чэмпіянаце спартыўнага клуба “Сэйман”. Сваё слова на татамі сказалі і астраўчане.


У спаборніцтвах удзельнічалі шасцёра нашых каратыстаў. Ігар Улан (катэгорыя 10-11 гадоў) па вазе павінен быў выступаць у групе да 30 кілаграмаў. Аднак у гэтай катэгорыі не набралася дастатковая колькасць удзельнікаў, таму хлопец трапіў у цяжэйшую групу – да 35 кілаграмаў. Нягледзячы на гэта, астраўчанін выйграў першы бой і прайшоў у адну восьмую фіналу. У наступным паядынку Ігар таксама ўпарта змагаўся за перамогу, але розніца з сапернікам у вагавых суадносінах усё ж была відавочнай – і бой астраўчанін прайграў. Аднак яго старанне было заўважана, і суддзі ўзнагародзілі Ігара Улана дыпломам “За волю да перамогі”.

У гэтых жа ўзроставай і вагавой катэгорыях выступалі Арцём Шэсцялінскі і Канстанцін Пятровіч. Арцём правёў чатыры няпростыя баі. Дзякуючы старанню і настойлівасці, астраўчанін іх выйграў і стаў пераможцам спаборніцтва. Як адзначыў трэнер Дзмітрый Куцько, Арцём толькі другі раз удзельнічаў у выязных спаборніцтвах, і такі высокі вынік – найлепшая ўзнагарода за старанныя трэніроўкі і работу над сабой.

А вось яго таварышу Канстанціну Пятровічу не пашанцавала. Хлопец выйграваў бой, але за 15 секунд да яго завяршэння крыху расслабіўся і прапусціў удар, які падвёў вынік паядынку, – на жаль, не на карысць астраўчаніна. Косця заняў чацвёртае месца.

Мікіта Спірыдонаў – 12-13 гадоў, вагавая катэгорыя звыш 45 кілаграмаў – па ўважлівых прычынах у гэтым годзе не заўсёды наведваў трэніроўкі, пагэтаму да сур’ёзных баёў і вынікаў яму не хапала падрыхтоўкі і вынослівасці. Прызавога месца хлопец не заняў, але праведзеныя баі былі карыснымі як вопыт, які спатрэбіцца ў далейшым.

Першае месца ў спаборніцтвах заняў Сяргей Кандратовіч, які выступаў у старэйшай узроставай катэгорыі 14-16 гадоў.

Адзінаццацікласнік Яраслаў Бароўскі стаў бронзавым прызёрам. Першы бой ён выйграў датэрмінова. А вось у другім сапернік, выкарыстаўшы момант, нанёс эфектны і выйгрышны ўдар – наш Яраслаў стаў трэцім.

Дарэчы, Яраслаў Бароўскі прыйшоў у адзінаборства ў 12-гадовым узросце і, як адзначае яго трэнер, заўсёды вызначаўся добрасумленным падыходам да заняткаў, стараннем і работай над сабой. Гэта пацвярджалася і на спаборніцтвах – амаль на кожным турніры астраўчанін займаў прызавыя месцы. Спадзяёмся, што, развітаўшыся са школай, якую ён заканчвае сёлета, Яраслаў не развітаецца з каратэ.


--------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.