Островецкие каратисты тренировались и отдыхали в международном лагере в Болгарии

Вось ужо не першы год на ўзбярэжжы Чорнага мора ў Балгарыі арганізоўваецца міжнародны лагер па каратэ кёкусінкай, дзе збіраюцца прыхільнікі гэтага адзінаборства з розных краін. Сёлета там пабывалі і астравецкія каратысты.

Усё пачыналася на розных спаборніцтвах-турнірах, дзе завязваецца знаёмства спартсменаў з розных рэгіёнаў і краін. Менавіта там падчас стасункаў з аднадумцамі па кімано прадстаўнікі беларускага каратэ атрымалі запрашэнне наведаць міжнародны лагер. Сёлета ў склад Гродзенскай вобласці ўвайшлі і два астравецкія каратысты – Саша Верамейчык і Сяргей Кандратовіч, якія разам са сваім трэнерам Дзмітрыем
Куцько адправіліся ў курортнае балгарскае мястэчка Камчыя, дзе і размясціўся міжнародны лагер па каратэ кёкусінкай. Акрамя беларускай дэлегацыі, там сабраліся каратысты з Сербіі, Ізраіля, Германіі і, вядома ж, Балгарыі.
Аднак не толькі адпачываць прыехалі прыхільнікі кёкусінкай. Праўда, своеасаблівыя зборы насілі больш інфарматыўны, навучальны і пазнавальны характар, чым спаборніцкі. Дарэчы, у лагеры сабраліся каратысты рознага ўзросту – ад 10 гадоў і старэйшыя.
Двойчы на дзень яны трэніраваліся, спасцігаючы таямніцы каратэ і абменьваючыся вопытам тэхнікі бою. А ўжо вольны час усе, у асноўным, праводзілі на моры.
Дарэчы, праграма лагера была самай разнастайнай і не абмяжоўвалася толькі каратэ. Напрыклад, праводзіўся таксама турнір па футболе, дзе беларуская каманда падзяліла трэцяе і чацвёртае месца разам з камандай Сербіі.
Запомнілася рабятам і выязная экскурсія ў Варну з аглядам мясцовых славутасцей і вячэрняй прагулкай па горадзе. Аднак самыя яркія ўспаміны і незабыўныя эмоцыі пакінулі незвычайныя і арыгінальныя трэніроўкі, як у вадзе, так і вячэрняя, на беразе мора ля кастра. Словам, некалькі дзён праляцелі непрыкметна, у вясёла-пазнавальным тэмпе. І дадому астраўчане вярнуліся з пазітыўнымі ўражаннямі, а таксама спадзяваннямі, што ў наступным годзе зноў наведаюць балгарскі лагер на ўзбярэжжы Чорнага мора.


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.