Островецкие футболисты заняли первое и третье места на фестивале массового футбола

З перамогай і трэцім месцам вярнуліся юныя футбалісты Астравеччыны з фестывалю масавага футбола, які быў арганізаваны грамадскім аб’яднаннем “Ліга дзіцячага футбола ў Беларусі” і праходзіў у Мінску.
На спаборніцтва паехалі дзве зборныя каманды 2000-01 і 2002-03 гадоў нараджэння са Спондаўскай школы, Варнянскага НПК і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Нашы малодшыя футбалісты адразу пачалі з перамогі – сустрэча з мінскім “Стымулам” скончылася з лікам 1:0 на карысць нашай каманды. Унічыю 0:0 астраўчане сыгралі з камандай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Заслаўль”. “Стымул” жа выйграў у “Заслаўля” – 1:0. Такім чынам колькасць ачкоў у мінчан і астраўчан выйшла аднолькавая. Пераможцу вызначаў фінальны матч. І тут нашы футбалісты без асаблівых цяжкасцей выйгралі – 2:0. Першае месца – і радасныя эмоцыі рабят ад перамогі. Лепшымі ігракамі былі прызнаны Яўген Фалевіч і Герман Куцько.
Старэйшая каманда паехала на спаборніцтва ў паслабленым складзе – атрымалі траўмы і не змаглі ўдзельнічаць у матчах моцныя ігракі. Аднак на полі рабяты трымаліся дастойна і ў выніку занялі трэцяе месца. А лепшымі ігракамі нашай каманды сталі варатар Мар’ян Васілеўскі і Вадзім Русенчык.
Пасля камандных сустрэч было арганізавана спецыяльнае спаборніцтва для трэнераў – ім трэба было забіць як мага больш мячоў у вароты. І лепшым “бамбардзірам” стаў трэнер нашых рабят Казімір Леанардавіч Бабіч.
Каманды былі ўзнагароджаны кубкам, а таксама дыпломамі за першае і трэцяе месцы. Іх трэнер таксама не застаўся без прыза. Дарэчы, па яго словах, для нашых футбалістаў гэта была добрая трэніроўка перад абласнымі занальнымі спаборніцтвамі, якія адбудуцца ў чэрвені ў Ашмянах.
Віншуем рабят з дастойным выступленнем і жадаем удачы ў будучым.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.