Островецкие боксёры заняли пятое место на республиканской спартакиаде
Пяцёрка юных астравецкіх баксёраў заняла пятае агульнакаманднае месца з дзевятнаццаці каманд на рэспубліканскай спартакіядзе выхаванцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ 1999-2000 гадоў нараджэння, якая праходзіла ў Пінску.У вагавой катэгорыі да 54 кілаграмаў нашу каманду прадстаўляў уладальнік першага юнацкага разраду па боксе Арцём Каспяровіч з Гудагайскай сярэдняй школы. Арцём на рынгу – не навічок, яго прозвішча неаднойчы было сярод пераможцаў і прызёраў розных турніраў. Юнак правёў два баі, першы з якіх упэўнена выйграў. У другім жа лёс звёў астраўчаніна на рынгу з даўнім сапернікам з Пінска Даніілам Сярэдзічам. Данііл – чатырохразовы пераможца першынства Рэспублікі Беларусь, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы – словам, моцны і вопытны баксёр. Бой атрымаўся цікавым і напружаным, Арцём змагаўся да апошняга, але астраўчаніну ўсё ж крыху не хапіла майстэрства. У выніку Арцём Каспяровіч стаў бронзавым прызёрам спартакіяды.
Аляксандр Філіповіч выступаў у вагавой катэгорыі да 57 кілаграмаў. Першы бой юнак выйграў, але падчас паядынку атрымаў траўму рукі. Нягледзячы на гэта астраўчанін усё ж выйшаў другі раз на рынг, аднак доўга працягваць паядынак не змог. Тым не менш, за мужнасць, цярпенне і прагу перамогі юнак заслугоўвае як мінімум павагі.
Не пашанцавала і Дзмітрыю Хадорскаму, які выступаў у вагавой катэгорыі да 66 кілаграмаў. У чвэрцьфінале юнак правёў дастойны бой з лікам 2:1, але перамогу аддалі саперніку.
Напружаным і непрадказальным аказалася выступленне на рынгу ўладальніка першага юнацкага разраду Івана Стэха, вагавая катэгорыя да 66 кілаграмаў. Першы яго бой завяршыўся тэхнічным накаўтам саперніка. У другім астраўчанін сустрэўся з баксёрам з Бабруйска Уладам Хамяковым, з якім яны неаднойчы высвятлялі адносіны на рынгу. Як адзначыў трэнер па боксе Аляксей Зянонавіч Маргуж, гэта быў сапраўдны мужчынскі бой, дастойны фіналу. І гэта – не толькі яго меркаванне. Гледачы літаральна застылі ў напружанні – хто каго? А баксёры, якія абменьваліся адзін з адным на рынгу дакладнымі ўдарамі і прыёмамі, не спяшаліся з развязкай: упарта баксіравалі і прымусілі балельшчыкаў пачакаць і пахвалявацца. На жаль, бой скончыўся з лікам 2:1 на карысць саперніка. А Іван Стэх заняў трэцяе месца.
У вагавой катэгорыі да 75 кілаграмаў сваё баксёрскае майстэрства дэманстраваў кандыдат у майстры спорту Вадзім Мароз. І калі спачатку юнак паводзіў сябе на рынгу з пэўнай асцярожнасцю, то пасля пасмялеў, адчуў смак перавагі, і паказаў на што здольны. Чым яшчэ раз пацвердзіў сваё званне і папоўніў уласную калекцыю перамог яшчэ адным залатым медалём.
У выніку астравецкая каманда заняла пятае агульнакаманднае месца. Віншуем нашых баксёраў з удалым выступленнем і чакаем новых перамог!
