Островецкие боксёры заняли первое место на областном первенстве
Хто сказаў, што лічба трынаццаць – нешчаслівая? Астравецкія юныя баксёры не вераць у прыкметы, разлічваюць на свае сілы і на рынгу дэманструюць сваё майстэрства. Каманда астраўчан з трынаццаці ўдзельнікаў заняла на першынстве Гродзенскай вобласці па боксе сярод юніёраў 1999-2000 і 1997-98 гадоў нараджэння агульнакаманднае першае месца і вярнулася з цэлым арсеналам узнагарод.Мікіта Ромаш, Аляксандр Філіповіч, Дзмітрый Хадорскі, Вадзім Мароз, Арцём Іваніцкі, Арцём Рагавенка, Марк Маргуж – кожны ў сваёй вагавой і ўзроставай катэгорыі стаў бясспрэчным пераможцам. Дарэчы, Вадзім Мароз і Марк Маргуж закончылі свае фінальныя баі тэхнічным накаўтам. Акрамя гэтага, Марк атрымаў прыз лепшага байца турніру.
Іван Стэх стаў сярэбраным прызёрам спаборніцтва. У фінале ён сустракаўся са сваім жа таварышам Дзмітрыем Хадорскім.
Аляксандр Стаскойць, Яўген Красоўскі, Артур Боўша і Дзмітрый Юцкевіч заваявалі на рынгу бронзавыя медалі. Крыху менш пашанцавала Арцёму Каспяровічу – юнак заняў пятае месца.
У выніку – сем залатых, адзін сярэбраны і чатыры бронзавыя медалі – і першае агульнакаманднае месца нашых баксёраў. А Мікіта Ромаш, Арцём Каспяровіч, Аляксандр Філіповіч, Іван Стэх, Дзмітрый Хадорскі, Вадзім Мароз рыхтуюцца да ўдзелу ў першынстве рэспублікі.
Віншуем!
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
