Островецкие боксёры продемонстрировали свои силы на республиканской спартакиаде

На рэспубліканскай спартакіядзе па боксе сярод школьнікаў 2000-01 гадоў нараджэння свае сілы на рынгу паспрабавалі дэбютанты і аксакалы бокса Астравеччыны.

Упершыню на такім спаборніцтве ўдзельнічалі Дзмітрый Відута і Алег Батура, вагавая катэгорыя да 38,5 кілаграмаў. Хлопцы дастойна дэманстравалі ўсе навыкі ўдараў і правялі добрыя баі. Нягледзячы на тое, што яны не ўвайшлі ў лік пераможцаў і прызёраў, іх трэнер Аляксей Маргуж адзначыў годны дэбют юнакоў на рэспубліканскім рынгу.
Арцём Каспяровіч, вагавая катэгорыя да 50 кілаграмаў, выходзіў на рынг тройчы. Два баі ён упэўнена выйграў, а вось у паўфінале, хоць астраўчанін па меркаванні многіх быў мацнейшым, суддзі аддалі перамогу саперніку. У выніку Арцём стаў бронзавым прызёрам.
Падобная ж сітуацыя склалася яшчэ ў двух астраўчан: Яўгена Красоўскага, вагавая катэгорыя да 52 кілаграмаў, і Івана Стэха, які выступае ў вагавай катэгорыі да 65 кілаграмаў. Юнакі годна дэманстравалі майстэрства падчас паядынкаў, дзякуючы гэтаму дайшлі да паўфінала, аднак далей іх не прапусцілі. Затое скарбонку Яўгена і Івана папоўнілі бронзавыя медалі рэспубліканскай спартакіяды.
У вагавай катэгорыі да 72 кілаграмаў на рынгу выступаў Вадзім Мароз. Юнак выйграў два баі і выйшаў у фінал. І вось тут атрымалася цікавая і крыўдная сітуацыя. Па ачках суддзяў астраўчанін выйграў бой, аднак канчатковы вынік выносіў камп’ютар, які таксама фіксуе памылкі ўдзельніка. І па ачках тэхнікі Вадзім прайграў фінал. Астраўчанін – сярэбраны прызёр.
Затое за сваіх таварышаў на рынгу “адпомсціў” Аляксандр Філіповіч, вагавая катэгорыя да 54 кілаграмаў. Юнак упэўнена выйграў усе баі і стаў пераможцам.
Але найлепшы падарунак за ўдзел у спаборніцтве атрымаў Арцём Іваніцкі. Як паведаміў трэнер, юнак не вельмі верыў у свае сілы, пагэтаму ўдзельнічаць у спаборніцтве жадання ў яго было мала. Аднак у Арцёма верылі бацькі і трэнер. Адчуваючы падтрымку і спадзяванні, хлопец не мог падвесці блізкіх – ён сабраўся і выступіў на спартакіядзе дастойна. За што атрымаў ад бацькоў у падарунак скутар. Аднак нават не гэта стала для юнака галоўным – Арцём паверыў у сябе, свае сілы і здольнасці. І, значыць, ён паверыў у бокс.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.