Островецкие боксёры помогли команде Гродненской области стать второй на спартакиаде

З новымі перамогамі заканчваюць асенні сезон астравецкія баксёры.

Дэманстраваць уменне ўдару левай і правай на алімпійскіх днях моладзі Беларусі паехалі Дзіма Юцкевіч і Дзіма Лабэцкі. Праўда, першаму на рынгу не вельмі пашанцавала: юнак правёў добры бой, але ў роўным паядынку перавагу аддалі саперніку.
Дзіма Лабэцкі першы бой упэўнена выйграў, а вось другі… Убачыўшы, што астраўчанін умела і спрытна паводзіць сябе на рынгу, у фінал яго вырашылі не пускаць. У выніку юнак стаў бронзавым прызёрам.
У складзе зборнай каманды Гродзенскай вобласці ў спартакіядзе па боксе сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Беларусі ўдзельнічалі таксама і трое астраўчан.
Мікіце Власенку, вагавая катэгорыя да 70 кілаграмаў, на спаборніцтвах крыху не хапіла майстэрства і ўпэўненасці, але юнак правёў добры бой.
А вось яго цёзка Мікіта Ромаш, вагавая катэгорыя да 46 кілаграмаў, выйграў тры баі, стаў чэмпіёнам Беларусі і выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па боксе. Акрамя гэтага, юнак трапіў у рэзерв нацыянальнай зборнай Беларусі.
Крыху менш пашанцавала Арцёму Рагавенку, вагавая катэгорыя да 50 кілаграмаў. Юнак годна правёў тры баі, у двух з якіх выйграў. А ў трэцім суддзі перамогу аддалі саперніку. У выніку Арцём Рагавенка стаў сярэбраным прызёрам спартакіяды.


Як адзначыў трэнер Астравецкай ДЮСШ А.З. Маргуж, раней каманда Гродзенскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах звычайна займала сёмае месца. У апошні час, калі там пачалі выступаць астраўчане, якія займаюць прызавыя ці пераможныя месцы, зборная цвёрда трымалася на пятым месцы. Сёлета ж на спартакіядзе каманда Гродзеншчыны стала другой. У гэтым ёсць заслуга і нашых рабят.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.