Островецкие боксёры достойно выступили на первенстве республики
Поўны камплект пераможна-прызавых медалёў прывезла шасцёрка астравецкіх баксёраў з першынства Рэспублікі Беларусь па боксе сярод юніёраў 1999-2000 гадоў нараджэння.Бліскуча прадэманстраваў сваё майстэрства на рынгу Аляксандр Філіповіч, які выступаў у вагавой катэгорыі 60 кілаграмаў. Хлопец правёў чатыры баі, у якіх упэўнена перамог, стаўшы пераможцам спаборніцтва.
Вадзім Мароз, вагавая катэгорыя 75 кілаграмаў, таксама паказаў добрую баксёрскую форму. Праўда, у фінале ён усё ж саступіў саперніку – і ў выніку заняў другое месца.
У вагавой катэгорыі 70 кілаграмаў на рынгу выступаў Іван Стэх. Юнак правёў тры баі, два з якіх выйграў. У паўфінале ж астраўчанін сустрэўся з неаднаразовым пераможцам першынства Беларусі, які быў на галаву вышэй за Івана. Тым не менш наш баксёр дастойна трымаў бой, хоць і ўступіў саперніку. Астраўчанін – бронзавы прызёр спаборніцтва.
Не пашанцавала з сапернікам і Арцёму Каспяровічу, які выступаў у вагавой катэгорыі 54 кілаграмы. У першым жа баі ён скрыжаваў пальчаткі з неаднаразовым пераможцам першынства Беларусі, сярэбраным прызёрам Еўропы Даніілам Сярэдзічам з Пінска. Але ганаровыя званні саперніка насцярожылі нашага Арцёма толькі ў першым раундзе – другі і трэці астраўчанін правёў упэўнена і дастойна. Аднак перамогу суддзі ўсё ж аддалі саперніку.
Яшчэ больш не пашанцавала на спаборніцтве Мікіце Ромашу, вагавая катэгорыя 54 кілаграмаў. Упэўнена выйграючы бой, хлопец атрымаў траўму і не змог працягваць выступленне.
Цікавая, але, на жаль, нярэдкая сітуацыя ўзнікла і падчас бою, дзе выступаў наш Дзмітрый Хадорскі, вагавая катэгорыя 70 кілаграмаў. Хлопец добра правёў паядынак, у выніку якога суддзі аднагалосна прызналі лепшым астраўчаніна. Аднак камп’ютар, разлікі якога і выносяць канчатковы вердыкт, аддаў перамогу саперніку.
Такім чынам, Аляксандр Філіповіч прайшоў на першынства Еўропы па боксе, якое пройдзе ў маі ў Львове. Астатнія ж нашы баксёры яшчэ пазмагаюцца на дадатковых адборачных турнірах за права скласці Аляксандру дастойную кампанію.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
