Островецкие боксёры блестяще продемонстрировали своё мастерство на ринге

Дзмітрыі на рынгу

Два цёзкі, два Дзмітрыі – Юцкевіч і Лабэцкі – дэманстравалі сваё майстэрства на першынстве Беларусі па боксе сярод удзельнікаў 1996-97 гадоў нараджэння.

Дзмітрыю Юцкевічу, які выступае ў вагавой катэгорыі да 60 кілаграмаў, на спаборніцтве не пашанцавала – юнак правёў добры бой, але перамог сапернік.
Да Дзмітрыя Лабэцкага, вагавая катэгорыя да 69 кілаграмаў, удача была больш літасцівай. З першых хвілін на рынгу юнак паказаў, што будзе змагацца да канца. Астраўчанін правёў пяць баёў, у чатырох з якіх упэўнена перамог. А вось у фінале суддзі прызналі мацнейшым саперніка. Наш Дзмітрый – сярэбраны прызёр.



Дзесяць баксёраў – дзесяць медалёў

Майстэрства бою на рынгу прадэманстравалі і дзесяць юных астравецкіх баксёраў на першынстве Гродзенскай вобласці сярод удзельнікаў 2002-03, 2000-01 і 1998-99 гадоў нараджэння.

Як заўсёды, астраўчане прадэманстравалі добрыя баі і забралі сваю колькасць медалёў. У першай, самай малодшай, узроставай катэгорыі Яўген Гасюлевіч, вагавая катэгорыя да 34 кілаграмаў, па волі лёсу ў фінальным паядынку сустрэўся на рынгу з земляком – астраўчанінам Дзмітрыем Відутам. У выніку Яўген заняў другое месца, а Дзмітрый – пераможца спаборніцтва.
Падобная ж сітуацыя здарылася і ва ўзроставай катэгорыі 2000-01 гады нараджэння. Астраўчанін Яўген Красоўскі, вагавая катэгорыя да 52 кілаграмаў, у фінале сустрэўся са сваім земляком Аляксандрам Філіповічам. Добрую тэхніку дэманстравалі абодва, але ў выніку мацнейшым аказаўся Яўген. Саша – на другім месцы.
У вагавой катэгорыі да 48 кілаграмаў пераможцам стаў Арцём Каспяровіч. А Іван Стэх, вагавая катэгорыя да 62 кілаграмаў, па словах трэнера, выйграваў па ўсіх правілах, але перамогу прысудзілі саперніку. Астраўчанін – бронзавы прызёр.
А вось у старэйшай узроставай групе інтрыгі і сюрпрызаў не атрымалася – усе астравецкія ўдзельнікі выступілі абсалютна роўна. І Мікіта Ромаш, і Дзмітрый Хадорскі, і Арцём Рагавенка, і Марк Маргуж у сваіх вагавых катэгорыях сталі пераможцамі. Малайцы!
Дарэчы, гэтая “залатая” чацвёрка ў сярэдзіне мая будзе ўдзельнічаць у першынстве Беларусі, на якім будзе праходзіць адбор і на чэмпіянат свету. Жадаем хлопцам удачы!


------------------------------
Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.