Островец славится боксёрами

боксёрские перчаткиЕўрапейскі дэбют


Астравецкі баксёр Яўген Красоўскі паспрабаваў свае сілы на еўрапейскім рынгу.
Наш спартсмен увайшоў у зборную каманду Беларусі па выніках рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў, дзе заняў першае месца. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, звязаныя з затратамі на дарогу, за кошт прыватнай дапамогі астраўчанін усё ж паехаў у Анапу, дзе праходзіў чэмпіянат Еўропы па боксе.
Яўген Красоўскі выступаў у вагавой катэгорыі да 59 кілаграмаў. Ён быў добра падрыхтаваны і разлічваў вярнуцца дадому з прызавым месцам.
Жараб’ёўка ў першым баі звяла на рынгу з венграм. Наш баксёр выйшаў на паядынак з павышанай тэмпературай, але адразу пачаў дэманстраваць дакладныя ўдары і добрую тэхніку бою. Яўген выйграваў бой, тым не менш з розніцай ачкоў 2:1 перамогу прысудзілі саперніку.
– Жэня рабіў усё правільна, добра правёў бой, і я ім задаволены, – каменціруе выступленне свайго выхаванца трэнер А.З. Маргуж. – Крыўда, што вынік атрымаўся не такім, як мы разлічвалі. Спадзяюся, гэта не апошняе спаборніцтва на еўрапейскім рынгу. І мы яшчэ дакажам, што значыць бокс па-астравецку!

Пяцёрка выступіла на “шасцёрку”


Астравецкія юныя баксёры хоць і не паўтарылі сёлета мінулагодні пераможны вынік на спартакіядзе Рэспублікі Беларусь сярод выхаванцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ 2000-2001 гадоў нараджэння, але дадому вярнуліся не з пустымі рукамі.
Пазмагацца на рынгу за медалі паехалі пяць выхаванцаў трэнера па боксе Аляксея Зянонавіча Маргужа.
Астраўчанін Аляксандр Філіповіч, вагавая катэгорыя 66 кілаграмаў, які зараз вучыцца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, упэўнена выйграў тры паядынкі і заняў першае месца.
Крыху не хапіла да перамогі гімназісту Вадзіму Марозу, які выступае ў вагавой катэгорыі звыш 80 кілаграмаў. Астраўчанін правёў тры баі, два з якіх выйграў. А вось у фінале пры яўнай перавазе нашага баксёра з лікам 2:1 перамогу аддалі саперніку. Вадзім Мароз – сярэбраны прызёр спартакіяды.
Вучань Гудагайскай сярэдняй школы Алег Батура, вагавая катэгорыя 46 кілаграмаў, правёў добры бой з будучым пераможцам спаборніцтва. Нягледзячы на тое што паядынак астраўчанін прайграў, хлопец парадаваў трэнера і прысутных дастойным узроўнем і тэхнікай.
Спрэчным аказаўся бой Артура Боўшы з СШ №1, вагавая катэгорыя 63 кілаграмы, які правёў з баксёрам з Баранавіч яўна выйгрышны паядынак. Але па рашэнню суддзяў з лікам 2:1 перавагу аддалі саперніку.
Арцём Каспяровіч, які вучыцца ў Гудагайскай СШ, выступаў у вагавой катэгорыі да 60 кілаграмаў. Хлопец правёў тры баі, два з якіх закончыліся перамогай. У паўфінале наш удзельнік усё ж саступіў вопытнаму баксёру, мінулагодняму чэмпіёну спаборніцтва.
У выніку астравецкая каманда падзяліла шостае агульнакаманднае месца са спартыўнай школай з Мінска сярод трыццаці двух каманд.

Баксёрская змена


Вядома, што майстэрства ўдасканальваецца падчас практыкі, а здольнасці спартсменаў правяраюцца спаборніцтвамі. Падчас адкрытага першынства Гродзенскай вобласці юныя баксёры 2001-2002 і 2003-2004 гадоў нараджэння мелі цудоўную магчымасць прадэманстраваць навыкі і характар на рынгу.
Упартасць і правільнае прымяненне атрыманых ведаў астравецкіх удзельнікаў спаборніцтва дало свае вынікі. Пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі Максім Каспяровіч і Ігар Лаўрэцкі. Другое месца занялі Влад Гайдуль, Мікалай Рагоўскі, Влад Кавалевіч і Дзмітрый Мяньшоў. Бронзавымі прызёрамі першынства вярнуліся са спаборніцтва Яўген Гасюлевіч, Руслан Корвэль, Артур Ляшчэўскі.
Падрастае дастойны рэзерв баксёраў. Будзем спадзявацца, хутка іх прозвішчы замацуюцца ў ліку пераможцаў.

Польска-беларускія баі


Вопытам і навыкамі баксіравання абмяняліся астраўчане на міжнароднай матчавай сустрэчы па боксе ў Польшчы паміж спартсменамі з Гданьска і Гродна.
У гродзенскую каманду ўвайшлі чацвёра астраўчан. Кандыдаты ў майстры спорту па боксе Аляксандр Філіповіч і Марк Маргуж бліскуча правялі баі, па-майстэрску прадэманстравалі ўсе “фішкі” астравецкага бокса і занялі першыя месцы.
Добра зарэкамендавалі сябе на рынгу кандыдат у майстры спорту Мікіта Ромаш і Дзмітрый Хадорскі, які мае першы разрад па боксе, – хлопцы сталі сярэбранымі прызёрамі спаборніцтва.

Элітная тройка


Сталічны рынг прымаў астравецкіх баксёраў падчас адкрытага кубка Рэспублікі Беларусь па боксе сярод эліты (дарослыя ўдзельнікі).
Нягледзячы на тое што астраўчанін, кандыдат у майстры спорту Дзмітрый Юцкевіч, вагавая катэгорыя 64 кілаграмы, у першым баі выступаў з яўнай перавагай, перамогу ўсё ж прысудзілі саперніку.
Не пашанцавала на рынгу і другому астраўчаніну, таксама кандыдату ў майстры спорту Дзмітрыю Лабэцкаму, які выступае ў вагавой катэгорыі 69 кілаграмаў. Хлопец выйграў два раунды, а падчас трэцяга атрымаў траўму – і не змог працягваць барацьбу.
Затое за землякоў “адпомсціў” майстар спорту міжнароднага класа па боксе Сяргей Лобан, вагавая катэгорыя 52 кілаграмы. Ён з лёгкасцю дайшоў да фіналу, дзе ў трэцім раундзе паядынак быў спынены з-за яўнай перавагі астраўчаніна.

Медалі з Веткі


Не абышоўся без удзелу астравецкіх баксёраў і ХІІ рэспубліканскі турнір па боксе на прызы Веткаўскага райвыканкама.
Яўген Гасюлевіч правёў два баі. Першы паядынак астраўчанін выйграў з яўнай перавагай, а вось у другім уступіў мясцоваму баксёру – у выніку ён стаў бронзавым прызёрам. Трэцяе месца заняў і Руслан Корвэль, які ў рашаючым баі ўступіў дастойнаму саперніку.
“Бронзу” заваяваў і Арцём Каспяровіч. Хлопец з лёгкасцю перамог у першым баі. У другім жа ён сустрэўся з двухразовым пераможцам Беларусі, удзельнікам еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў. Тым не менш наш спартсмен трымаўся дастойна і прайграў з мінімальнай розніцай 1:2.
Раман Гродэль правёў тры баі, два з якіх выйграў і заняў другое месца.
Выдатна паказаў сябе Алег Батура. Хлопец упэўнена і мэтанакіравана ішоў да перамогі і адзін за адным “расправіўся” на рынгу з трыма сапернікамі. У яго заслужанае першае месца.
На жаль, некаторым астраўчанам на спаборніцтве не пашанцавала. Максім Каспяровіч у паядынку з мясцовым баксёрам яўна выйграваў, але перамогу прысудзілі саперніку. Іван Стэх выйшаў на рынг пасля доўгага перапынку з-за хваробы. Хоць ён і не заняў прызавога месца, але бой правёў на добрым узроўні і застаўся задаволены сваёй падрыхтоўкай.
А вось Мікіта Ромаш у першым жа баі патрапіў на гомельскага спартсмена – свайго даўняга саперніка па першынстве Беларусі. Тады перамогу святкаваў астраўчанін, на гэты раз мацнейшым аказаўся сапернік.

-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.