Островчанка Валентина Демеш поделилась впечатлениями от хоккейного матча на Чемпионате мира в Минске

Уся краіна жыве хакеем – нават далёкія ад спорту людзі ведаюць, што адбываецца на лядовых пляцоўках. Ды і як інакш – хакей жа сёння паўсюль: у тэлевізары, радыё, у інтэрнэце, у размовах калег і суседзяў.
Але ёсць сярод гэтай шматмільённай арміі балельшчыкаў тыя, хто жыве хакеем больш цікава, насычана, ярка, чым іншыя. Хто не толькі ведае, але і разумее, што адбываецца на лядовых арэнах у Мінску, каму пашчасціла пабываць на гульнях і адчуць атмасферу Чэмпіянату свету, як кажуць, на ўласнай скуры.
З такіх – астраўчанка Валянціна Іванаўна Дземеш. Яе мы і папрасілі расказаць пра хакей і пра свае ўражанні ад наведвання аднаго з матчаў чэмпіянату…

– Увогуле я балельшчык са стажам. Зрэшты, у нашай сям’і ўсе “хварэюць спортам” – і я, і муж, і дачка. Спрэчак, што глядзець – хакейны матч ці серыял, – у нас не ўзнікае: спартыўныя тэлеканалы заўсёды ў прыярытэце. Калі ішла Алімпіяда ў Сочы, у нас тэлевізар практычна не выключаўся: мы глядзелі ўсё!
А на Чэмпіянат свету мы з мужам патрапілі дзякуючы дачцэ: Вераніка падарыла нам білеты на матч Беларусь-Германія: бацьку – на дзень нараджэння, мне – на 8-га Сакавіка.
Уражанні ад чэмпіянату пачынаюцца, ледзь толькі трапляеш у Мінск. Сталіца вельмі змянілася, папрыгажэла. Мне асабліва спадабалася, што ў горадзе стала больш роднай мовы: на беларускай і англійскай напісаны назвы ўсіх прыпынкаў, безупынна “круцяцца” беларускамоўныя ролікі “Гуляем разам”, “Падарожнічаем разам”, якія дазваляюць нават тым, хто не ведае нашай мовы, адчуць яе хараство і даведацца, што азначае тое ці іншае слова.
Мы пабывалі ва ўсіх трох так званых “зонах гасціннасці” – яны поўнасцю адпавядаюць гэтай назве: атмасфера паўсюль пануе добразычлівая, прыязная. За столікамі сядзяць “фанаты” з той ці іншай краіны – усе ўсміхаюцца, вітаюць адзін аднаго. Мноства сувеніраў, прычым не толькі банальных магніцікаў, але і адметных, самабытных – у кожнай зоне гасціннасці працуе свой “горад майстроў”. Шмат тавараў з нацыянальнай сімволікай. Музыка гучыць з ранку і да позняй ночы – выступаюць самы розныя мастацкія калектывы. І над усім горадам лунае водар дранікаў – заўважце: не шашлыкоў, а менавіта нашых беларускіх дранікаў!
Бездакорна арганізавана работа на “Мінск-арэне”. Уявіце сабе: трыбуны ўмяшчальнасцю 15 тысяч чалавек запоўнены практычна “пад завязку” – а гэта, між іншым, амаль што два нашы Астраўцы! І ніякай сумяціцы, таўхатні. Валанцёры, служба аховы практычна не бачны – але яны імгненна прыходзяць на дапамогу кожнаму, у каго ўзнікне найменшая замінка.
Сам матч пакінуў незабыўныя ўражанні і надоўга зарадзіў энергіяй. Пачаўся ён для нас з “халоднага душа”: за першыя дзесяць хвілін першага перыяду мы прапусцілі дзве шайбы – і трыбуны насцярожана прыціхлі. А калі беларусы “размачылі” лік падчас выдалення нямецкага іграка – гэта, дарэчы, было адзінае выдаленне ў зборнай Германіі, матч прайшоў вельмі карэктна, ніякага параўнання з гульнёй з Латвіяй, – трыбуны зварухнуліся, заракаталі і больш ужо не змаўкалі ні на хвіліну! Асабліва наша фан-зона, над якой сімвалічна красуецца майка нашага трагічна загінуўшага ў авіякатастрофе капітана зборнай Руслана Салея, – там балельшчыкі ўвогуле не прысаджваліся. І, ведаеце, калі па трыбунах ідзе “хваля” – адна, другая, трэцяя – адчуваеш нешта неверагоднае: ты – разам з усімі, ты – частка гэтай шматтысячнай арміі балельшчыкаў!
Калі стала зразумела, што нашы выйграюць – пры ліку 5:2 на апошніх хвілінах гульні, – на трыбунах усе пачалі абдымацца, цалавацца, віншаваць адзін аднаго. Пераможны гімн Беларусі спявалі ўсе разам!
Калі пакідалі “Мінск-арэну”, на наступны матч якраз заходзілі расійскія балельшчыкі – віншавалі, радаваліся разам з намі. І ўявіце: такое мноства народу “рассмакталася” літаральна за 10 хвілін, зноў жа – без чэргаў і таўхатні. Арганізацыя ўсіх рабочых момантаў – на вышэйшым узроўні.
І нашы ўражанні – таксама! Мы вельмі рады, што сталі не толькі гледачамі, але ў нейкай ступені – і ўдзельнікамі такой гістарычнай падзеі, як Чэмпіянат свету па хакею.