Островчанка Гелена Воронович заняла второе место на республиканской спартакиаде по шахматам

ВороновичГэлену Мечыславаўну Варановіч астраўчане ведаюць не толькі як вопытнага і адказнага кіраўніка Прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Астравецкаму раёну, але і як актыўную спартсменку, якая неаднойчы займала пераможныя і прызавыя месцы на розных спаборніцтвах. Вось і нядаўна на традыцыйнай рэспубліканскай летняй спартакіядзе работнікаў Міністэрства фінансаў астраўчанка заняла другое месца па шахматах.

– У гэтай спартакіядзе я ўдзельнічаю з 2008 года, – расказвае Гэлена Мечыславаўна. – Раней гуляла яшчэ і ў валейбол, зараз спынілася толькі на шахматах. Гуляць заўсёды цікава: адгадваць хады саперніка, назіраць за яго тактыкай і старацца быць на ход наперадзе. Ігракі на спаборніцтвах збіраюцца дастойныя, пагэтаму лёгкіх перамог не бывае. Аднак тым больш прыемны смак выйгрышу.
Астраўчанка сыграла сем партый: шэсць яна выйграла і толькі адну ўступіла прадстаўніку Віцебскай вобласці. У выніку Гэлена Мечыславаўна Варановіч стала сярэбранай прызёркай спартакіяды.
Віншуем!

--------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.