Островчанин Виктор Клусевич уже много лет сплавляется на байдарке

на байдаркахЛета (няхай сабе і такое, як сёлета, з незразумелым надвор’ем) – гэта час адпачынку. І якім ён будзе – кожны выбірае самастойна. Нехта аддае перавагу “чатырохногаму сябру” – канапе, нехта едзе ў лес па грыбы ці ягады, а хтосьці адпраўляецца ў падарожжа. І неабавязкова ў паўднёвыя краіны, – не горш можна павандраваць па нашай сінявокай.

Адным з такіх вандроўнікаў-патрыётаў з’яўляецца Віктар Клусевіч, які сам сябе жартоўна называе “тутэйшым адміралам”. Ён ужо даўно абышоў на байдарцы ўсе рэчкі Астравеччыны, а таксама бліжэйшых і многіх дальніх раёнаў.

на байдарках1– Пан “адмірал”, зараз вы збіраецеся ў чарговы сплаў. Па якім маршруце плануеце ісці?

– Гэта трэці сплаў, у які мы сёлета выпраўляемся. Каманда сабралася сямейная, але тым не менш яе можна назваць інтэрнацыянальнай: я – з Гудагая, мая ўнучка Анжаліка – з Астраўца, брат Уладзімір – з Вільнюса і яго ўнук Аляксей – з Велікабрытаніі. Пойдзем па Лошы, Ашмянцы, Віліі і Страчы. Збіраемся адпачыць у гэтым турыстычным сплаве, пазнаёміцца з нашым прыгожым краем, зрабіць некалькі прыпынкаў у вёсках, што стаяць уздоўж рэк, – таму сплаў расцягнулі на тры дні.

на байдарках2– Ці складана сабраць каманду?

– Не сказаў бы. Сапраўдныя патрыёты ведаюць, што не трэба ехаць за тысячы кіламетраў, каб убачыць прыгажосць і першазданную прыроду.

Аднак большасці нашых маладых людзей патрэбен добры штуршок, каб яны загарэліся падобнымі вандроўкамі. У асноўным сярэдняе пакаленне і  больш сталыя людзі выбіраюць такі актыўны адпачынак.

Аднак існуе шмат фактараў, якія ўплываюць на збор каманды. У многіх не атрымліваецца адправіцца ў сплаў з-за працы ці сямейных абставін. Некаторых палохае надвор’е. Але каму сапраўды цікава, таго нішто не спыніць. Сёлета ў першы сплаў у пачатку мая ад возера Свір да Міхалішак мы з жонкай удваіх выправіліся.

на байдарках3– А калі вы “захварэлі” водным адпачынкам?

– У 1982 годзе. Паспрабаваў аднойчы – і захапіўся на ўсё жыццё.

Успамінаю, як яшчэ пры Саюзе адбываліся падобныя турзлёты: дастаткова было толькі кінуць кліч – ад жадаючых адбою не было. А зараз многія палохаюцца надвор’я, адсутнасці "зручнасцяў", не задавальняе харчаванне і начоўкі – размякчэлі людзі.

Хаця, напрыклад, мая ўнучка Анжаліка з 10 гадоў амаль кожны год удзельнічае ў сплавах, трэці разрад турыста-водніка мае. А вось Лёша толькі трэці раз сплаўляецца. Але ў яго яшчэ ўсё жыццё наперадзе. Дасць Бог, яшчэ некалькі сплаваў сёлета паспеем арганізаваць.

Гутарыў Антон Мальшэўскі.


Фота аўтара.