Островчанин Максим Андралойть стал победителем первенства Республики Беларусь по лёгкой атлетике
Астраўчанін Максім Андралойць стаў пераможцам першынства Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод удзельнікаў 1997-98 гадоў нараджэння.Выхаванец трэнера-лёгкаатлета Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Ігара Дзмітрыевіча Гануліча стаў не проста пераможцам спаборніцтва, але і ўстанавіў новы рэкорд у рэспубліцы.
Юнак выступаў у шматбор’і. Разам з ім за права стаць лепшым спаборнічалі 13 шматборцаў з усёй Беларусі. Аднак усе яны засталіся далёка за плячыма Максіма Андралойця. Вось яго вынікі: бег на 60 метраў – 7,25 секунды, скачкі ў даўжыню – 6, 77 метра, штурханне ядра – 15,90 метра, бег 60 метраў з бар’ерамі – 8,02 секунды, скачкі ў вышыню – 196 сантыметраў, бег на дыстанцыю 1000 метраў – 2,58 хвіліны.
У суме Максім набраў 4828 ачкоў – на 500 ачкоў больш, чым у спартсмена, які стаў сярэбраным прызёрам. Юнага астраўчаніна па праву лічаць самым таленавітым маладым шматборцам.
Віншуем Максіма Андралойця з чарговай перамогай і новым рэкордам!
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
