Островчане в финал не прошли
Зборная валейбольна-стрытбольна-футбольная каманда астраўчан вярнулася з занальных спаборніцтваў абласной спартакіяды сярод сельскіх жыхароў, якая прайшла ў Смаргоні.Спартсмены Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага і Іўеўскага раёнаў сустрэліся на смаргонскай зямлі, каб паспаборнічаць у валейболе, стрытболе і міні-футболе за выхад у фінал.
Нашу каманду стрытбалістаў прадстаўлялі гервяцкія спартсмены. Яны без асаблівых цяжкасцей выйгралі ў сапернікаў з Іўя. У рашаючай сустрэчы са смаргонцамі гервятцы таксама дэманстравалі добрую гульню і за дзве хвіліны да фінальнага свістка выйгравалі тры ачкі. Аднак у спорце нават паўхвіліны могуць змяніць усё. Так адбылося і ў гэты дзень: з розніцай у адно ачко перамогу і выхад у фінал святкавалі смаргонцы. Нашы стрытбалісты занялі другое месца.
На валейбольнай пляцоўцы за права звацца лепшымі змагаліся мужчыны і жанчыны. Астраўчанкі ўдала пачалі гульню з саперніцамі з Ашмян, але ў выніку прайгралі ім з мінімальнай розніцай у два ачкі. Няпростай атрымалася і сустрэча са смаргонскай камандай: першую партыю нашы дзяўчаты выйгралі, у другой зноў-такі з мінімальнай розніцай уступілі сапернікам і занялі ў выніку трэцяе месца.
Валейбалісты таксама занялі трэцяе месца. Мужчыны лёгка выйгралі ў ашмянцаў, але прайгралі смаргонцам.
З-за дрэннага надвор’я спаборніцтвы па міні-футболе былі перанесены ў спартыўную залу і працягваліся цэлы дзень. Астравецкая каманда выйграла ў сапернікаў з Ашмян, але прайграла футбалістам са Смаргоні і Іўя. Такім чынам, нашы спартсмены сталі трэцімі.
У выніку каманда Астравецкага раёна не прайшла ў фінал абласной спартакіяды, але прадэманстравала нядрэнную гульню.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
