Островчане показали достойный результат на областной спартакиаде среди сельских жителей
У мінулыя выхадныя Гродна сабрала спартсменаў з 17 раёнаў на абласную спартакіяду сярод сельскіх жыхароў. Камплект медалёў і, адпаведна, пуцёўкі на рэспубліку разыгрываліся ў 6 відах спорту: валейбол (мужчынскі і жаночы), стрытбол, міні-футбол, настольны тэніс, лёгкая атлетыка і гіравы спорт. Астравецкі раён прадстаўлялі 9 чалавек на чале з дырэктарам фізкультурна-спартыўнага клуба Леанідам Станіслававічам Даўляшом. На жаль, нашы каманды ў гульнёвых відах спорту, нягледзячы на ўпартую барацьбу на занальным этапе, на вобласць не прайшлі.Урачыстае адкрыццё спартакіяды адбылося ў цэнтральным спартыўным комплексе “Нёман”. Спаборніцтвы праходзілі пад пільным “вокам” галоўнай судзейскай калегіі: суддзі першай катэгорыі В.В. Ісачанкі, суддзі нацыянальнай катэгорыі Н.Я. Аплевіч і суддзі вышэйшай нацыянальнай катэгорыі Г.К. Карчагінай.
Пакуль лёгкаатлеты разміналіся, удзельнікаў па гіравым спорце чакала ўзважванне. Начальнік дрэваапрацоўчага цэху Астравецкага лясгаса Дзмітрый Волк-Леановіч выступаў у вагавай катэгорыі да 70 кілаграмаў, а мастаўшчык ААТ “Гроднапромбуд” Юрый Валадзько – у вагавай катэгорыі да 90 кілаграмаў. Кожнаму спартсмену на падняцце 24-кілаграмовай гіры было адведзена 10 хвілін. Нашы атлеты паднялі гіру адпаведна 69 і 65 разоў. Калі гаварыць мовай спартсменаў, паказаць лепшы вынік і выйграць медалі не дазволіла “сарваная рука”. У тройку прызёраў у гіравым спорце ўвайшлі асілкі, якія паднялі гіру больш за 190 разоў.
У настольным тэнісе гонар Астравеччыны абаранялі інжынер па забеспячэнні БелАЭС Анастасія Нядвецкая і загадчык фізкультурна-аздараўляльнага комплексу “Старт” Валерый Перка. Фартуна з пераменным поспехам то займала бок нашых тэнісістаў, то пераходзіла да сапернікаў. Напружаная барацьба і апошняя прайграная партыя з розніцай у два ачкі дапамаглі і Анастасіі, і Валерыю трапіць ў “дзясятку”.
Самымі відовішчнымі (і медальнымі!) сталі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Жанчын (узроставая катэгорыя 35+) і дзяўчат (да 35 гадоў) чакалі скачкі ў даўжыню з месца, бег на 100 і 400 метраў. Мужчыны і юнакі таксама павінны былі паказаць свой спрыт, вынослівасць і хуткасць у трохбор’і: бегу на 100 і 800 метраў і скачках у даўжыню з месца. Варта адзначыць, што суддзі залічвалі ачкі не па спецыяльнай табліцы, а згодна з месцам, якое заняў спартсмен у тым або іншым лёгкаатлетычным відзе. Пагэтаму пераможцу ў трохбор’і сярод мужчын і жанчын вызначала мінімальная колькасць балаў.Астравецкія лёгкаатлеты выступалі ў звязцы “2+3”: спартыўны сямейны тандэм у асобах нашай зямлячкі, студэнткі Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта Яны Гануліч і кантралёра Дэпартамента аховы Ганны Гануліч, настаўніка фізічнай культуры Міхалішкаўскай СШ Мікалая Трафімчыка, выпускніка Гродзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву Аляксандра Казлоўскага і студэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Яўгена Бернюкевіча.
Першымі стартавалі дзяўчаты на стамятровай дыстанцыі – і Яна Гануліч не пакінула саперніцам ніводнага шансу на перамогу. Скачок у даўжыню з месца на 2,30 метры прынёс спартсменцы другое месца. У бегу на 400 метраў за Янай засталася другая прыступка п’едэсталу. Пяць набраных ачкоў (максімальна можна было набраць 3) прынеслі спартсменцы І месца.
Мікалай Трафімчык на “срэбра” справіўся з бегам на дыстанцыі 100 і 800 метраў, скачкі ў даўжыню з месца завяршыў з чацвёртым вынікам. Восем балаў – і другая прыступка спартыўнага п’едэсталу.
Аляксандр Казлоўскі і Яўген Бернюкевіч таксама паказалі добрыя вынікі і ўвайшлі ў васьмёрку лепшых сярод мужчын ва ўзроставай катэгорыі да 35 гадоў.
Дырэктар Астравецкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Леанід Станіслававіч Даўляш:
– Прадстаўнікі Астравецкага раёна на абласной спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў паказалі добры вынік: агульнакаманднае 7 месца і 3 месца ў лёгкай атлетыцы. Наша скарбонка папоўнілася адным залатым медалём (сярод жанчын ва ўзросце да 35 гадоў) і адным сярэбраным (сярод мужчын ва ўзроставай катэгорыі 35+). На жаль, сёлета гэтыя спаборніцтвы з-за хваробы прапусціла мінулагодняя пераможца рэспубліканскай спартакіяды Яніна Філіповіч. Упэўнены: яшчэ адзін залаты медаль мы б дакладна ўзялі ў лёгкай атлетыцы. Прыемна, што гонар Гродзенскай вобласці і Астравецкага раёна на рэспубліканскай спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў, якая пройдзе напрыканцы кастрычніка ў Мінску на базе алімпійскага спартыўнага комплексу “Стайкі”, будуць прадстаўляць і нашы спартсмены-аматары.
Уражанні пераможцаў
Яна Гануліч, пераможца спартакіяды:
– З-за траўмы я на працягу паўгода не прымала ўдзел у спаборніцтвах, пагэтаму асцерагалася і не ва ўсю сілу выступала на гэтай спартакіядзе. Прыемна, што паказаных вынікаў на “стамятроўцы”, у скачках у даўжыню з месца і бегу на дыстанцыі 400 метраў хапіла для залатога медаля. Я задаволена тым, што спартыўны сезон адкрыты добрым стартам!
Мікалай Трафімчык, сярэбраны прызёр спартакіяды:
– Я не першы год удзельнічаю ў спартакіядзе сельскіх жыхароў. Кожны год у маёй узроставай катэгорыі ідзе ўпартая барацьба паміж чатырма спарсменамі. Пагэтаму загадзя прадказаць, хто з нас акажацца ў прызёрах, а хто павязе з сабой крыўдную “драўляную” медаль, немагчыма. У душы я, канешне, спадзяваўся на перамогу, аднак немагчыма было прадказаць, на якое месца хопіць васьмі набраных ачкоў. Калі аб’яўлялі пераможцаў, было прыемна пачуць уласнае прозвішча ў ліку прызёраў спартакіяды.
---------------------------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ, фота аўтара.

