Островчане отметили 120-летие волейбола

Вядомай і любімай многімі гульні – валейболу – споўнілася 120 гадоў. Яго астравецкія аматары вырашылі адзначыць гэтую дату турнірам, арганізатарам якога выступіў аргкамітэт упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.


Перад пачаткам турніру аматарам і актывістам валейбола былі ўрачыста ўручаны Падзячныя лісты “За актыўны ўдзел у спартыўным жыцці і папулярызацыю валейбола ў Астравецкім раёне”, а таксама спецыяльныя медалі “120 гадоў валейбола ў Беларусі. За заслугі ў развіцці валейбола”.

А затым увагай ігракоў і балельшчыкаў завалодала гульня. Паўдзельнічаць у спаборніцтве прыехалі тры каманды: “НІАЭП”, “Міхалішкі” і “Янвесттранс”. Гулялі да 25 ачкоў пяць партый.

Першымі на пляцоўку выйшлі валейбалісты “НІАЭП” і “Янвесттранса”. І калі спачатку здавалася, што перавага – на баку першай каманды, вельмі хутка стала зразумела, што сапернікі і не думаюць здавацца. Гульня была цікавай, напружанай і відовішчнай. Яны ішлі літаральна ачко ў ачко. Толькі “НІАЭП” вырываўся наперад і ігракі з палёгкай уздыхалі, як “Янвесттранс” тут жа хутка наганяў і пачынаў выйграваць. Першая партыя скончылася з лікам 25:14 на карысць “НІАЭП”, другая – 25:24 – таксама выйгралі атамшчыкі. Трэцяя партыя магла быць рашаючай – у зале напал сіл ігракоў і стаўкі балельшчыкаў. Інтрыга працягваецца! “Янвесттранс” ва ўпартай барацьбе вырвала перамогу ў трэцяй партыі. Натхнёныя ўдачай, яны выйгралі і чацвёртую.

Такім чынам, усё вырашала апошняя партыя. Змораныя, але з агеньчыкам у вачах, ігракі кожнай каманды былі настроены змагацца да апошняга. Гэта была гульня, вартая фіналу! І ўсё ж удача была на баку “НІАЭП” – валейбалісты гэтай арганізацыі святкавалі перамогу ў напружанай і прыгожай гульні.

Валейбольны паядынак паміж “НІАЭП” і камандай з Міхалішак атрымаўся менш відовішчным. 3:0 – па суме партый выйгралі валейбалісты “НІАЭП”.

Другое і трэцяе месцы разыгрываліся паміж камандамі “Янвесттранс” і “Міхалішкі”. Ігракі здолелі крыху паказытаць балельшчыкам нервы, але ў выніку 3:1 па суме партый – выйграў “Янвесттранс”.

Такім чынам, пераможцамі турніру стала каманда “НІАЭП”, на другім месцы апынулася каманда “Янвесттранс”, на трэцім – “Міхалішкі”. Усе былі ўзнагароджаны медалямі, дыпломамі і грашовымі прэміямі.

Акрамя гэтага, ад арганізатараў, якіх на турніры прадстаўляў Валянцін Часлававіч Далговіч, гімназіі №1 Астраўца, дзе і праходзіла спаборніцтва, былі ўручаны два валейбольныя мячы, дзве валейбольныя антэны і тэнісны стол.


------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.