Островчане оставили свой след на Августовском канале

на плотуСёлета на традыцыйным свяце “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” упершыню прайшлі арыгінальныя і незвычайныя спаборніцтвы: заплыў “на чым папала” і “балотны футбол”. Упусціць магчымасць паспрабаваць сябе ў навінцы было недаравальным, пагэтаму пры падтрымцы аддзелу адукацыі, спорту і турызму, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама, а таксама райкама БРСМ свой след на Аўгустоўскім канале пакінула і астравецкая каманда.

Суправаджаў нашых удзельнікаў дырэктар Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба Леаонід Даўляш.
Праплыць жа па вадзе “на чым папала” ў астравецкім варыянце рызыкнулі чацвёра нашых смельчакоў: выконваючы абавязкі другога сакратара райкама БРСМ Іван Пчолка, які падчас трэцяга працоўнага семестра на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі быў камандзірам, супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Мажута і Яўген Захарэвіч, аддзела адукацыі – Эла Корань. Іх самаробны – з дошак і маскіруючай сеткі – плот (арганізатары выказваюць падзяку ДЛГУ “Астравецкі лясгас” і Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі за прадстаўленыя матэрыялы і экспазіцыю) пад назвай “Перамога” ганарова плыў па спакойнай вадзе канала, з лёгкасцю вытрымліваючы чатырох удзельнікаў, якія былі апрануты ў ваенныя гімнасцёркі.
– Мы вырашылі выбраць ваенную тэматыку, тым больш што сёлета Беларусь святкавала 70-годзе Вялікай Перамогі, – расказаў непасрэдны ўдзельнік заплыву Іван Пчолка. – Ідэю ўсе падтрымалі, ну а з назвай нашага судна проста не магло быць іншых варыянтаў – толькі “Перамога”. Хоць мы і не атрымалі ніякіх узнагарод, але эмоцыі ад удзелу проста неперадавальныя. Гэта было здорава!
Па ўмове конкурсу кожная каманда павінна была не толькі прадставіць на суд журы арыгінальнае судна, але і праплыць на ім пэўную адлегласць, а затым выканаць творчы нумар.
– Я ўпершыню пабываў на гэтым свяце, і мне спадабалася – дзеліцца ўражаннямі Яўген Захарэвіч. – Мы праплылі прыкладна 350 метраў да спецыяльнага месца, дзе кожнай каман-дзе трэба было прывітаць журы і гледачоў, а затым прадэманстраваць ім свой творчы патэнцыял – паказаць цікавы нумар. Мы выступілі ў вобразе ваеннага экіпажа і выканалі песню “Перамога”. Наколькі гэта атрымалася, ацэньвалі члены журы. Наогул, было цікава не толькі самім удзельнічаць, але і на іншых паглядзець: тут было столькі арыгінальных суднаў, што вочы разбягаліся. Праўда, некаторыя ідэі паўтараліся: да прыкладу, пірацкія, ваенныя караблі. Дарэчы, было прыемна, што нас падтрымлівалі супрацоўнікі Гродзенскага таварыства выратавальнікаў на вадзе. Мы пазнаёміліся з прадстаўнікамі іншых раёнаў. Словам, было цікава і весела.
Не абышлі ўвагай астравецкія ўдзельнікі і “балотны футбол” – тут гонар нашага раёна абаранялі шасцёра супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях. Згуляўшы ў асноўны час з сапернікамі з Навагрудка ўнічыю 1:1, астраўчане, на жаль, уступілі ім па серыі пенальці. Праўда, магчымасць адыграцца ў нашых футбалістаў будзе ў наступным годзе: заплыў “на чым папала” і “балотны футбол” прыйшліся ўсім даспадобы і стануць традыцыйнымі спаборніцтвамі для жыхароў Гродзеншчыны.

Марына МАЦКЕВІЧ.