Одиннадцать семей из Островецкого района состязались за звание лучшей спортивной команды
Традыцыйнае сямейнае спаборніцтва “Тата, мама, я – спартыўная сям’я” насычана і цікава прайшло ў Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Сёлета за званне лепшай спартыўнай сямейнай каманды змагаліся адзінаццаць сямей з Астравецкага раёна.Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх узроставых катэгорыях: 8-10 гадоў і 10-12 гадоў, у кожнай з якой удзельнічалі каманды “тата, мама, сын” і “тата, мама, дачка”.
Каб вызначыць пераможцаў, дружным, актыўным і спартыўным удзельнікам спачатку трэба было прайсці праз чатыры своеасаблівыя выпрабаванні. Спачатку самых лоўкіх і трапных запрашаў баскетбол: кожнаму з удзельнікаў каманды прапаноўвалася зрабіць пяць кідкоў па баскетбольным кальцы. Затым трапнасць, сканцэнтраванасць і вытрымку сямейнага трыа правяраў дартс: дзве серыі па пяць кідкоў дроцікам па мішэні кожная вызначылі лепшых у гэтым відзе.
А наперадзе ўдзельнікаў чакала спартландыя, якая складалася з двух спартыўных комплексаў. Спачатку каманды праявілі свае здольнасці ў своеасаблівым хакеі – з дапамогай клюшак трэба было загнаць мячык у вароты. А затым, як-ніяк мерапрыемства адбывалася напярэдадні свята “Дажынак” і ў разгар восеньскіх работ, удзельнікі перанесліся са спартыўнай пляцоўкі на сельскагаспадарчае поле. Перанесліся, вядома, умоўна: у наступным спаборніцтве ім трэба было прадэманстраваць сваё ўменне ва ўборцы ўраджаю бульбы, якую замянілі тэнісныя шарыкі. Праўда, часам “бульба” ўпарта не хацела збірацца і разляталася ў розныя бакі, таму камандам прыйшлося прадэманстраваць свае здольнасці і ў бегу. Такім чынам, спаборніцтва атрымалася не толькі энергічным, але і вясёлым.
А хуткасць, спрыт, сілу і ўменне гуляць камандай удзельнікі паказалі ў лёгкаатлетычнай эстафеце, якая і была заключным этапам спаборніцтва.
Ва ўзроставай катэгорыі 8-10 гадоў у складзе “тата, мама, сын”, якая, дарэчы, была самай шматлікай, першае месца занялі Вадзім, Святлана і Мікіта Лебядзевічы. Другое месца – у Славаміра, Таццяны і Енісея Шавянісаў. Трэцімі сталі Уладзімір, Часлава і Матвей Сідарэвічы.
У гэтай жа ўзроставай катэгорыі, толькі ў складзе “тата, мама, дачка” на спаборніцтва прыехала толькі адна сям’я. Паколькі змагацца не было з кім, яе аднеслі ў старэйшую групу – 10-12 гадоў. Нягледзячы на гэта, сям’я Казлоўскіх не спалохалася сапернікаў і выступіла вельмі добра: Аляксандр, Людміла і Ангеліна занялі другое месца, уступіўшы пераможцам толькі адно ачко. На першым месцы апынуліся Генадзь, Людміла і Ангеліна Аліхверы. Трэцімі сталі Мікалай, Святлана і Валерыя Лета.
У старэйшай узроставай катэгорыі “тата, мама, сын” паміж сабой спаборнічалі толькі дзве каманды. Пераможцамі тут сталі Іван, Рэната і Дарый Русецкія. Другое месца занялі Аляксей, Марына, Мікіта Гарэлавы.
Усе сем’і атрымалі Ганаровыя граматы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама падарункі ад ДУ “Астравецкі фізкільтурна-спартыўны клуб”. Камандыпераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі ад ФСК.
-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
