Областной турслёт дорожников состоялся в Ольховке

Усе, каму давялося бачыць мікрааўтобусна-аўтамабільны караван, які ў мінулую нядзелю рушыў з тэрыторыі ДРБУ-159, былі здзіўлены – занадта вялікі нават для самага шыкоўнага вяселля. Ды і апрануты пасажыры зусім не па-вясельнаму. Тады хто ж яны такія? Адкуль узяліся і куды накіроўваюцца?
Адказваем: дарожнікі, з ўсёй вобласці, у Альхоўку.

…Многія гады ў Гродзенскім абласным дарожна-будаўнічым упраўленні існавала традыцыя правядзення летніх спартыўных спаборніцтваў, якая ў крызісныя постперабудовачныя часы была прыпынена. І якую сёлета было вырашана аднавіць. У якасці месца правядзення турзлёту дарожнікаў новы генеральны дырэктар ўпраўлення Георгій Яўгенавіч Драздоў, які да гэтага многа гадоў пражыў у мястэчку Міхалішкі, вызначыў Альхоўку.
І вось у мінулую пятніцу сямнаццаць каманд дарожнікаў з усіх раёнаў Гродзеншчыны прыбылі на вытворчую базу ДРБУ- 159. Неўзабаве да іх далучыліся яшчэ дзве каманды – з аб’яднанняў “Дарожнік” і “Аўтамабіліст”. Пасля ўзаемных вітанняў і ўдакладнення спісаў удзельнікаў будучыя сапернікі дружнай кампаніяй рушылі ў бок Альхоўкі.
Месца правядзення турзлёту даўно “прыстраляна” турзлётчыкамі ўсіх магчымых узростаў і рангаў – лукавіна, якую сумеснымі намаганнямі ўтвараюць у месцы свайго зліцця Страча і Вілія. Прыгажосць яшчэ тая! Але самадзейным спартсменам было не да медытацый на ўланні прыроды – у адпаведнасці з папярэдне распрацаванай схемай каманды разбілі свае палатачныя гарадкі. Потым агульнае пастраенне, вітальнае слова генеральнага дырэктара ўпраўлення Г.Я. Драздова – і спаборніцтвы стартавалі.
У праграму турзлёту ўваходзілі такія віды спорту, як валейбол, шашкі, шахматы, дартс, стральба, падняцце гіры, перацягванне каната і рыбная лоўля (яна адбывалася на вадасховішчы ў пасёлку).
Аб далейшым ходзе спаборніцтваў расказаў старшыня прафсаюзнага камітэта ДРБУ-159 Іван Міхайлавіч МІРСКІ:
– Самым відовішчным, несумненна, аказалася перацягванне каната – і ў балельшчыкаў, і ў саміх “канатчыкаў” яно выклікала сапраўдную буру эмоцый. Кожнаму хацелася не проста падбадзёрыць спаборнічаючых, але і падкарэкціраваць іх дзеянні. Самымі пераканаўчымі ў гэтым відзе аказаліся спартсмены са Смаргонскага ўпраўлення, якія і сталі пераможцамі. Наша каманда “атабарылася” ў сярэдзіне – заняла дзявятае месца. Перамогу ў валейболе святкавала Іўеўская каманда.
Не лішнім будзе патлумачыць, што спаборніцтвы распачаліся ў пятніцу з раніцы, а вытворчы працэс ніхто спыняць не збіраўся, таму каманды (прынамсі, наша, астравецкая) фарміраваліся па прынцыпу “каб не перашкодзіць рабоце”. Гэта не магло не адбіцца на выніках – у шашках, шахматах і дартсе мы таксама паказалі сярэднія вынікі. “Зорны час” прабіў для астраўчан у гіравым спорце – дасягненні Сяргея Казачэнкі (працуе на “грохаце” на здабычы пяску) аказаліся па-за канкурэнцыяй. Першае “золата”!
Другое ў скарбонку каманды паклаў кіраўнік Дзмітрый Пятровіч Куліна – у спаборніцтве па кулявой стральбе ён з сарака магчымых “выбіў” 38 ачкоў!
У выніку каманда астравецкіх дарожнікаў заняла заслужанае першае месца.
Але не спортам адзіным жылі ў гэтыя два дні ўдзельнікі спаборніцтваў – культурная праграма сустрэчы была не менш насычанай і цікавай. Спачатку россып талентаў дарожнікам падарылі самадзейныя артысты Астравеччыны, потым (ужо ў прыцемках) вогненнае шоу паказалі “фаермэны” з Ліды. А незабыўным фінальным акордам стаў цудоўны феерверк, аўтарамі і выканаўцамі якога выступілі самі работнікі ДРБУ-158.
Свята атрымалася на ўсе “сто” – такім быў аднадушны вердыкт, вынесены ўдзельнікамі імпрэзы яе арганізатарам і гаспадарам.


---------------------------
Ганна ЧАКУР.