Областной семинар по проблемам развития спорта состоялся в Островце
Удзельнікі абласнога семінара пазнаёміліся з цудоўнымі мясцінамі Астравеччыны і абмеркавалі надзённыя праблемы развіцця спорту.Напрыканцы тыдня ў Астраўцы прайшлі пасяджэнне выязной калегіі ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама і семінар работнікаў фізічнай культуры, спорту і турызму вобласці.
На працягу двух дзён члены калегіі, намеснікі начальнікаў і загадчыкі сектараў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму вобласці знаёміліся з інфраструктурай нашага раёна і развіццём спорту на Астравеччыне.
Пачатак семінара фізкультурнікаў якраз супаў з адкрыццём спартыўнай пляцоўкі са штучным пакрыццём, пабудаванай у рамках праекта “Родная Сторона” – детям”.
Абласныя “спартсмены” сталі балель-шчыкамі першага матча на новым полі.
А паколькі Астравец – гэта яшчэ і будучы горад энергетыкаў, то госці з вобласці наведалі Інфармацыйны цэнтр Беларусскай АЭС, дзе віртуальную экскурсію па будучай станцыі правеў кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Эдуард Іванавіч Свірыд.
Наступнымі пунктамі праграмы стала наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Старт” і Астравецкай дзіцячай юнацкай спартыўнай школы. Сёлета ў гэтых дзвюх установах адбыліся змены. ФАК “Старт” быў газіфікаваны – і гэта не можа не радаваць аматараў здаровага ладу жыцця. А ў дзіцячай юнацкай спартыўнай школе заканчваецца ўстаноўка баксёрскага рынгу – гэта яшчэ адна значная падзея ў спартыўным жыцці раёна і баксёраў, якіх сёння ведаюць не толькі ў вобласці і рэспубліцы, але і за межамі нашай краіны.
І калі праблемы баксёраў хоць часткова вырашаны, то ў астравецкіх лёгкаатлетаў іх яшчэ нямала. Але і яны ў хуткай будучыні павінны зняцца: трэніроўкі нашых лёгкаатлетаў будуць праходзіць у адным з памяшканняў гімназіі №1 – там плануецца зрабіць лёгкаатлетычны манеж.
Словам, нягледзячы на шэраг праблем, якія ўзнікаюць у сістэме фізічнай культуры, спорту і турызму раёна, астравецкія спартсмены не адчайваюцца.
У другой палове дня прайшло пленарнае пасяджэнне калегіі ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, падчас якога разглядаліся пытанні арганізацыі спартыўнай работы на Астравеччыне.
Адкрыў яго намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, які ў сваім выступленні не толькі даў характарыстыку раёну, але і расказаў, як наладжана спартыўна-масавая работа ў нашым рэгіёне.
Пра развіццё фізічнай культуры, спорту і турызму, яе сённяшні стан і перспектывы гаварыў у сваім выступленні намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Сяргей Віктаравіч Шэін. Сяргей Віктаравіч расказаў пра фарміраванне і развіццё сістэмы спартыўных устаноў і пляцовак, умацаванне спартыўнай базы, развіццё турызму і ўзняў праблему захавання кадраў.
Дырэктары ФСК Леанід Станіслававіч Даўляш і Астравецкай дзіцячай юнацкай спартыўнай школы Анатоль Іванавіч Шаўчэнка паднялі праблемныя пытанні ў развіцці спорту, якія маюць значэнне не толькі для нашага раёна, але і ўсёй рэспублікі.
Напярэдадні пасяджэння ў раёне працавала абласная рабочая група па арганізацыі і правядзенні на Астравеччыне спартыўна-масавай работы. Яе кіраўнік адзначыў, што ў апошні год наш раён падняўся на больш высокае месца па выніках – і гэта радуе. І разам з тым праблемы існуюць: скарацілася колькасць груп у дзіцячай юнацкай спартыўнай школе. Было прапанавана стварыць у раёне спартыўны клас, на базе якога рыхтавалі б прафесійных спартсменаў.
Падводзячы вынікі пасяджэння калегіі, начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Яўстаф’евіч Андрэйчык высока ацаніў спартыўна-масавую работу, якая праводзіцца ў Астравецкім раёна.
Напрыканцы мерапрыемства адбылося ўзнагароджванне раённых каманд, якія ўдзельнічалі ў “Прабегу міру”.
За два дні ўдзельнікі семінара наведалі многія прыгожыя мясціны раёна: “Дом паляўнічага” ў Задворніках, Гервяцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс і жамчужыну раёна і Беларусі – Гервяцкі касцёл Святой Тройцы, ландшафтны запавед-нік “Сарачанскія азёры”, аграсядзібу ў вёсцы Падкасцёлак, зоны адпачынку на возеры “Кайміна горная” запаведніка “Сарачанскія азёры” – і засталіся ў шчырым захапленні ад Астравеччыны.
--------------------------------------------
Алена CВЕТЛАЯ, фота аўтара.
