Путешествуем с Ниной Рыбик. Венеция
16:00 / 02.12.2014

Дух горада, дух мясцовасці – гэта не проста прыгожая метафара. Я зразумела гэта менавіта ў Венецыі. Духам свабодалюбства і авантурызму прасякнута, здаецца, само паветра ў гэтым горадзе.
Зрэшты, само ўзнікненне правінцыі Венета і яе сталіцы Венецыі было ў пэўнай ступені праявай авантурызму. Племя венетаў, хаваючыся ад нашэсця варвараў, не прыдумала нічога лепшага, як схавацца… у вадзе, прычым у літаральным сэнсе слова: венеты сталі сяліцца на забалочаных цяжкадаступных узбярэжжах мора.
Але цяжкадаступныя яны былі не толькі для ворагаў, але і для саміх насельнікаў: паспрабуй пабудаваць дом так, каб яго не змыла чарговай паводкай, каб у ім было суха і цёпла. І ў старажытных венетаў гэта не адразу атрымалася...

Барацьба за выжыванне – з ворагамі і прыродай – навучылі венецыянцаў будаваць не толькі палацы на вадзе, але і ўнікальны па тым часе марскі флот, які дапамог ім пралажыць водныя шляхі са сваёй невялікай, але магутнай па тым часе Венецыянскай рэспублікі ў блізкія і далёкія дзяржавы: знакаміты падарожнік Марка Пола, у гонар якога і названы Венецыянскі аэрапорт, “дапяў” нават да Кітая… Венецыя стала “царыцай мораў”!
Любяць венецыянцы сваіх знакамітых авантурыстаў! Ну, з Марка Пола ўсё зразумела – праславіў Венецыю. Але ганарацца яны і тым, што ў венецыянскай турме адбываў зняволенне знакаміты Джакома Казанова – а самае галоўнае, што ўмудрыўся ўцячы з гэтай непрыступнай крэпасці на вадзе: гандальеры падчас водных прагулак абавязкова пакажуць вам акно, за якім некалі задумваў план уцёкаў вялікі распуснік.
І не з сорамам ці пакаяннем, а з гонарам расказваюць гісторыю сваёй галоўнай святыні – базілікі Святога Марка. У 832 годзе венецыянцы вырашылі, што іх гораду патрэбен святы заступнік. А то што ж: ва ўсіх ёсць – а ў іх няма! Непарадак… І калі такога не было першапачаткова: Маці Божая, якая з’яўлялася там і тут, ні ў самой Венецыі, ні паблізу яе не “наслядзіла”, святыя апосталы са сваімі прароцтвамі нікому не явіліся – то, значыць, трэба такога святога заступніка… прыдбаць. Купіць за грошы – занадта проста, да таго ж – дорага. І венецыянцы (я ж кажу – да мозга касцей авантурысты!)... укралі мошчы святога евангеліста Марка з захопленай на той час Александрыі. Яны схавалі іх у бочку са свінымі кумпякамі, і мусульманскія мытнікі пагрэбавалі датыкацца да “нячыстага” мяса – так і ўпусцілі святыню!

Зрэшты, не варта думаць, што венецыянцы ў гэтым сэнсе былі нейкімі асаблівымі: тады кралі ўсе і ва ўсіх. Нават Папа Рымскі загадаў зняць бронзу з Рымскага Пантэона для таго, каб у саборы Святога Пятра ў Ватыкане зрабіць велічны цэнтральны балдахін...
І ўсё ж венецыянцы мне глыбока сімпатычныя, найперш – сваім свабодалюбствам. Гэта яны прыдумалі нечуваную да таго форму дзяржаўнага праўлення – дэмакратычную манархію – уявіце сабе, была і такая, і праіснавала яна ў Венецыі больш за тысячу гадоў. Галоўнага правіцеля рэспублікі – дожа – выбіралі з самых багатых і паважаных грамадзян горада – і ён карыстаўся неабмежаванай уладай. А горад пры гэтым карыстаўся яго багаццямі – такая ў дожа была прывілея… Але калі дож спрабаваў сваю ўладу выкарыстаць для асабістай карысці – сумная яго чакала доля… Адзін было рызыкнуў, дык яму хуценька адсеклі галаву – і абралі новага. Нават на гербе горада дож адлюстраваны не на троне, не з мячом і каронай – на каленях са схіленай перад крылатым ільвом, сімвалам краіны, галавой – мне здаецца, гэта адзіны падобны прэтэндэнт такіх “невелічных” адлюстраванняў вярхоўнага правіцеля. У Венецыі ніколі не было васальскіх адносін паміж грамадзянамі – усе і заўсёды былі вольнымі. І там ніколі не было цэнзуры: усе забароненыя кнігі можна было купіць у Венецыі…

Хоць усё ж найбольш знакамітая Венецыя тым, што гэта – горад на вадзе. Шчыра кажучы, да наведвання Італіі я лічыла, што гэта ўсё ж перабольшванне: ну ёсць жа там і “зямная цвярдыня”, і вуліцы, і аўтамабілі – як жа без іх у сённяшнім імклівым свеце!
Аказваецца, вуліцы і сапраўды ёсць – але выключна пешаходныя! І вельмі вузенькія: зямля – асноўнае багацце і галоўны дэфіцыт горада – і зноў жа дзіўна, што пры гэтым прошчу Святога Марка, прасторную, празрыста-карункавую, ніхто не стаў забудоўваць: венецыянцы заўсёды ўмелі цаніць прыгажосць!
Дык вось, вуліцы ў горадзе ёсць – а вось аўтамабіляў няма! Ніводнага! Увесь грамадскі транспарт: трамваі, таксі – гэта катары. “Хуткая дапамога”, паліцыя, нават службовы транспарт гарадскіх чыноўнікаў (вядома ж, аздоблены адпаведным чынам) – выключна водны. І ў кожнага дома там два ўваходы: адзін – з вуліцы, другі – з канала, і гаражы “водныя”, для асабістых маторных лодак. І два ўваходы не толькі ў жылых дамоў: у опернага тэатра, у турмы, у магазінаў – таксама.
І вядома ж, немагчыма ўявіць Венецыю без яе сімвала – гандолы. Гэтая пласкадонная асіметрычная лодка, на якіх прагульваюцца па венецыянскіх “вуліцах”-каналах турысты – таксама вынаходніцтва венецыянцаў. Робіцца яна з сямі парод дрэва, дагэтуль – выключна ручным спосабам, каштуе “самую дробязь” – ад 40 тысяч еўра і вышэй, у залежнасці ад упрыгожвання. Але калі ўлічыць, што ў сезон гандальера зарабляе да тысячы еўра ў дзень, то можна зразумець, што праца гэтая – прэстыжная і жаданая. Вось толькі стаць гандальера зусім не проста. Гэтае рамяство, як правіла, перадаецца ад бацькі да сына разам з ліцэнзіяй. Прэтэндэнт на права стаць гандальера павінен прайсці спецыяльнае навучанне і здаць экзамены.
Затое якая асалода (а часам – і страх, калі пры гэтым сядзіш у гандоле) назіраць, як віртуозна гандальера ўпраўляецца з вузенькай лодачкай з дапамогай адзінага вясла на вузенькім канале – а на водных скрыжаваннях там здараюцца сапраўдныя “пробкі”, праплываючы пад нізенькімі мастамі, адштурхоўваючыся ад сцен дамоў – і пры гэтым яшчэ і па мабільніку размаўляючы!

Хоць сёння венецыянцам жывецца вельмі не проста. Па сутнасці, горад кормяць турысты – а яны ж прыязджаюць сюды не круглы год. Падземныя камунікацыі, пракладзеныя па дну мора, па якіх у горад у горад дастаўляюцца газ (з Расіі), чыстая вада, сродкі сувязі – задавальненне дарагое. Заробак у людзей, як і паток турыстаў, – нестабільны. Таму ўсё больш венецыянцаў прадаюць свае кватэры пад гатэлі і выязджаюць жыць “на мацярык”… Дадайце сюды пастаянныя паводкі, паступовае разбурэнне і прасяданне будынкаў, праблемы з ачысткай вады, асабліва – каналізацыйных сцёкаў: пакупацца ў сваім “водным горадзе” гараджане дазволіць сабе не могуць, едуць дзеля гэтага за дзесяткі кіламетраў на “чысты пляж”…
Некаторыя ўвогуле малююць сумную перспектыву гораду: маўляў, праз дзесяцігоддзе-другое Венецыя апынецца пад вадой. Але мне здаецца, што ўсё не так змрочна, і гэтыя чуткі распаўсюджваюць найперш уладальнікі турыстычнага бізнесу: маўляў, спяшайцеся, бо можаце і не паспець…