На открытом первенстве по боксу островецкие спортсмены оказались в числе лучших

бокс в ОстровцеУ Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе прайшло адкрытае першынства па боксе.
Маленькія кулачкі ў вялікіх скураных пальчатках, насцярожаныя вочы саперніка, сэрца ад хвалявання б’ецца хутка-хутка, а ў вушах гучаць апошнія парады трэнера. Удар гонга, судзейскае рашучае “бокс” – і ўсё адступае на задні план – дуэль на рынгу пачалася. За некалькі хвілін можна ўбачыць многае: вытрымку, сілу волі, майстэрства і вялікае жаданне не падвесці – трэнера, бацькоў, балельшчыкаў, сябе. А яшчэ – у любым выпадку, нават коштам перамогі, заставацца верным прынцыпу: бокс любіць мужных і справядлівых.

Ужо не першы год астравецкі рынг склікае памерацца сілай і прадэманстраваць майстэрства бою баксёраў з розных гарадоў. І заўсёды спаборніцтва праходзіць “на адным дыханні” – насычана, ярка і плённа. Падобна, інфармацыя аб цікавым турніры распаўсюджваецца ўсё далей, бо з кожным разам у Астравец прыязджае ўсё больш удзельнікаў. Напрыклад, сёлета на першынства сабраліся больш чым 80 баксёраў з Ашмян, Смаргоні, Маладзечна, Мінска, Гродна, Ліды – сябе паказаць і на іншых паглядзець. Не спалохалі іх і некаторыя нязручнасці: удзельнікам з Гродна і Ліды давялося начаваць у спартыўнай зале. Праўда, па словах трэнера Аляксея Зянонавіча Маргужа, госці аднесліся да гэтага з разуменнем – сапраўдныя спартсмены цяжкасцей не баяцца.
бокс в Островце1Падчас урачыстага адкрыцця ўдзельнікаў першынства прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла: ён пажадаў усім паспяховых баёў і выказаў спадзяванне, што ў наступны раз атрымаецца прыняць гасцей на дастойным узроўні. Далучыліся да слоў прывітання намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Букель і дырэктар Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Анатоль Іванавіч Шаўчэнка. А галоўны арганізатар спаборніцтва і гуру астравецкіх баксёраў Аляксей Зянонавіч Маргуж пазнаёміў з судзейскай калегіяй і аб’явіў, у якой паслядоўнасці будуць адбывацца баі.
Спаборніцтва праходзіла два дні: у першы адносіны на рынгу высвятлялі паўфіналісты, а асноўная інтрыга – фінальныя баі і ўзнагароджванне пераможцаў – прыпадала на другі.
бокс в Островце3На рынг выходзіць першая пара баксёраў. І адбываецца метамарфоза: адзінаццацігадовыя хлопчыкі з наіўнымі вачамі і ледзь прыкметнай няўпэўненасцю становяцца сапраўднымі байцамі. Хваляванне саступае месца ўпэўненасці, у кожным удары адчуваецца рашучасць і цвёрдасць характару, а ва ўменні своечасова адступіць, каб не дапусціць памылкі, – кемлівасць. Паядынак працягваецца некалькі хвілін, але за гэты кароткі час двое на рынгу дэманструюць майстэрства прыёмаў і ўдараў, гледачы атрымліваюць задавальненне ад захапляльнага відовішча, перажываюць за сваіх і маральна падтрымліваюць іх па-за рынгам, цэнтральны суддзя сочыць за выкананнем правілаў, а яго бакавыя калегі падлічваюць ачкі. Фінал – агульная ацэнка суддзі, паднятая ўверх рука пераможцы.
Кожны паядынак на першынстве быў цікавым і асаблівым. Малодшыя баксёры, якія толькі-толькі пачынаюць свой шлях на вялікі рынг, вызначаліся непасрэднасцю і прагай перамогі. Іх старэйшыя таварышы – сапраўдныя “ваўкі” бокса – парадавалі прафесіяналізмам і не толькі дакладнай, але і прыгожай тэхнікай бою.
бокс в Островце2Прыемна, што многія астравецкія баксёры аказаліся на гэтым першынстве ў ліку лепшых. Так, ва ўзроставай катэгорыі 2004-2005 гады нараджэння ў розных вагавых катэгорыях перамогу святкавалі Уладзіслаў Кавалевіч і Мікалай Рагоўскі. Сярэбранымі прызёрамі сталі Артур Ляшчэўскі і Мікалай Чарнушэвіч. А трэцяе месца занялі Валерый Камок і Данііл Дзенісевіч – які, дарэчы, быў адзначаны яшчэ і спецыяльным прызам за волю да перамогі.
Ва ўзроставай катэгорыі 2002-2003 гады нараджэння першае месца заваявалі Яўген Гасюлевіч, Максім Каспяровіч і Артур Цехановіч. Дарэчы, Артур перад фінальным боем атрымаў траўму рукі. Аднак юнак вырашыў змагацца да канца – і недарэмна: стойкасць духу дапамагла яму заваяваць золата. У гэтай жа групе Раман Гродэль стаў бронзавым прызёрам.
Алег Батура, Яўген Красоўскі, Іван Стэх, Вадзім Мароз – гэтыя прозвішчы неаднаразова гучалі на розных баксёрскіх турнірах сярод пераможцаў і прызёраў. Не падвялі юнакі і на астравецкім першынстве: выступаючы ва ўзроставай катэгорыі 2000-2001 гады нараджэння, усе яны сталі пераможцамі. Іх таварыш Артур Боўша заняў другое месца.
Камплекты медалёў заваявалі прадстаўнікі 1998-1999 гадоў нараджэння: золата ў Арцёма Рагавенкі і Марка Маргужа. Апошні, дарэчы, выйграў бой у мінчаніна з трыма накдаўнамі – бліскучая перамога. Арцём Каспяровіч стаў сярэбраным прызёрам, а Аляксандр Стаскойць і Юрый Коласаў – бронзавымі.
Выступалі на рынгу і старэйшыя баксёры, падарыўшы гледачам захапляльнае відовішча і яркія эмоцыі. І зноў не было роўных нашым спартсменам: Дзмітрый Юцкевіч прыгожа і безапеляцыйна выйграў паядынак у саперніка з Мінска. Падтрымаў цёзку і Дзмітрый Лабэцкі, які таксама бліскуча правёў бой з мінчанінам і завяршыў яго перамогай.
Адкрытае першынства Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па боксе прайшло цікава і насычана. Удзельнікі засталіся задаволеныя паядынкамі, гледачы – відовішчнымі баямі, а госці спаборніцтва – яшчэ і новымі знаёмствамі.
Падчас урачыстай цырымоніі пераможцы спаборніцтва былі ўзнагароджаны дыпломамі Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, лепшыя ўдзельнікі атрымалі медалі і прызы: набыць якія дапамаглі былыя выхаванцы трэнера па боксе А.З. Маргужа, нераўнадушныя да спорту і заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу свайму трэнеру і малодшым калегам, – бо іх паяднаў Яго Вялікасць Бокс.

----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.