На Островетчине прошёл волейбольный турнир "Северный вектор"
Назва імпрэзы: валейбольны турнір на кубак выкліку "Паўночны вектар".Месца дзеяння: Рымдзюны, спартыўная зала мясцовай школы – для правядзення падобных спаборніцтваў памяшканне, безумоўна, найбольш адпаведнае: прасторная (хаця з-за перагарэўшых лямпачак і не асабліва асветленая) пляцоўка з бліскучай падлогай, з балконам для гледачоў і са сталовай для падтрымкі сіл удзельнікаў.
Гаспадар ы і арганізатары: упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання пры падтрымцы раённага аддзела па спорту і турызму. Фінансаванне турніру – раённы бюджэт.
Дата правядзення – субота, 23 лістапада – не выпадковы, цалкам “аграрны”, час, калі «нивы сжаты, рощи голы…»
Удзельнікі : зборныя каманды Астраўца, Ашмян, Іўя, Воранава, каманда СВ К “Гервяты” і сталічная каманда “Ома”, якая ўваходзіць у І дывізіён адкрытай аматарскай валейбольнай Лігі Мінска.
РАЗМІНКА
За размінкай назіраць цікава. Свайго роду адвольная праграма, якую кожны з удзельнікаў дэманструе па-свойму: тыя, хто займаецца валейболам пад кантролем трэнера, “размінаюцца” па-спартыўнаму – з разлікам на розныя групы мышц; большасць тых, хто гуляе “для душы”, сутаргава ўзгадвае забытыя ўрокі фізкультуры або спадцішка падглядвае за дзеяннямі “профі”.
Амаль што кожны з удзельнікаў турніру палічыў неабходным асабіста праверыць, ці правільна нацягнута валейбольная сетка, аднолькавым, амаль рытуальным рухам прыкладаючы да яе выцягнутую руку. Прэтэнзій з гэтай нагоды ў судзейскую камісію не паступіла.
Прыемна парадавала наяўнасць спартыўнай формы – у кожнай з каманд яна была свая. Самая мудрагелістая, з усімі магчымымі атрыбутамі дзяржаўнай сімволікі і з гербам на сэрцы – у ашмянцаў. Воранаўцы падпісалі ўласныя плечы, відаць, з разлікам на міжнародны ўзровень: “Orion. Volleyball team”. Хаця самая стыльная, на мой жаночы погляд, форма ўсё ж у астравецкай каманды.
Прывітаў удзельнікаў турніру і пажадаў ім задавальнення ад будучых гульняў капітан каманды СВК “Гервяты” (ён жа – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання) Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі.
Далей была жэраб’ёўка. Узаемныя “ах, не пашанцавала!”. Кароткая размінка двух каманд, сустрэчай якіх распачнецца турнір. І нарэшце прызыўны свісток суддзі…
ТУРНІР
Гонар стаць першаадкрывальнікамі “выкліку” выпаў на долю зборных Астраўца і Ашмян. Права першай падачы лёс прадставіў астраўчанам, а першае ачко ў скарбонку сваёй каманды паклалі ашмянцы. Але нашы хлопцы тут жа яго адыгралі, пасля чаго хуценька сталі ў цесны кружок, абняліся і дружна выкрыкнулі: “Аш!”.
Забягаючы наперад, не магу не адзначыць, што на гэты раз маральная падрыхтоўка астравецкай каманды па-добраму здзівіла: скрозь усе складанасці турнірных перыпетый яны пранеслі добры настрой і каманднае паразуменне. Гэтае іхняе “Аш!” скарала сэрцы балельшчыкаў сваёй шчырасцю і відавочна прыгнятала сапернікаў.
Думаю, менавіта радасны напор, які з першай хвіліны гульні стала дэманстраваць каманда Астраўца, дэмаралізаваў іх візаві. Спачатку гульня ішла, так бы мовіць, ачко ў ачко, але паступова каманда Ашмян (вопытная, зазначым, каманда) стала “развальвацца” літаральна на вачах. На першы тэхнічны перапынак каманды пайшлі з лікам 8:7 на карысць Астраўца, на другі – 16:14. Першая партыя закончылася з лікам 25:20, другая – 25:18.
У другой сустрэчы памерацца сіламі жэрабя выклікала каманды Іўя і СВК “Гервяты”. Барацьбы не атрымалася: літаральна з першай хвіліны гервятцы “задавілі” сваіх сапернікаў. Іх з ракетнай хуткасцю выстраленыя падачы былі з тых, што апрыёры “не бяруцца”; а выстаўленыя імі блокі – з тых, што не прабіваюцца. І хаця дзесьці на пятай хвіліне сустрэчы адзін з ігракоў гервяцкай каманды атрымаў траўму, выбыў з барацьбы, і далей гервятцы гулялі ўпяцёх, першая партыя закончылася з лікам 25:14, другая – 25:16.
Па аналагічнаму сцэнарыю развівалася і наступная сустрэча – паміж зборнымі Ашмянскага і Воранаўскага раёнаў. Нашых бліжэйшых суседзяў іх сапернік літаральна “распрануў” – на першы тэхнічны перапынак каманды пайшлі з лікам 8:4 на карысць Воранава, на другі – 16:10. І хаця быў момант, калі ашмянцы злавілі натхненне і прабілі некалькі выстаўленых сапернікам блокаў, а ў воранаўцаў адна за другой не пайшлі падачы, усё ж гэта сітуацыя пратрымалася нядоўга, і абедзве партыі закончыліся з аднолькава красамоўным лікам 25:14.
Падчас сустрэчы Гервяты–Мінск ад глядацкіх эмоцый зашкальвала. І не толькі таму, што прысутным хацелася перамогі землякоў, а таму, што пачаўся валейбол зусім іншага ўзроўню. Нават такім далёкім ад спорту гледачам, як я, удалося нарэшце “расчытаць” амплуа ігракоў, годна ацаніць гульню “дыяганальных”, не адзін раз ахнуць ад дакладнасці ўдараў даігроўшчыкаў. А гэтыя на грані магчымага “завісанні” ў паветры падчас блокаў! І падзенні… Мне здаецца, прафесіяналізм валейбаліста вызначаецца ў тым ліку і ўменнем правільна падаць. І гервятцы, і мінчане гэтую навуку яўна спасціглі…
І ўсё ж класс мінскага “Ома” быў вышэй. Разрыў у тры-чатыры ачкі яны пратрымалі на працягу ўсёй гульні. І пасля заканчэння першай партыі табло на судзейскі століку паказала лік 25:21, пасля другой – 24:19.
Пасля такога відовішча больш слабаму саперніку выходзіць на валейбольнае рысталішча няпроста. Але каманда Іўя, якой прыйшлося сустракацца з Мінскай “Ома”, пастаралася перамагчы ўласны страх. І першую палову гульні яны пратрымаліся годна, закончыўшы партыю з лікам 20:25, а вось на другую сіл не хапіла – 14:25…
…Па выніках папярэдніх гульняў за трэцяе турнірнае месца давялося змагацца зборнай Астраўца і камандзе СВК “Гервяты”.
Патрыятызм не задавіш – пры ўсёй павазе да гервяцкай каманды “хварэлася” за зборную Астраўца. Вельмі прыгожая ж наша каманда! Настраёвая! Хаця, пэўна, падвёў іх у гэтай сустрэчы менавіта настрой. Расслабляліся – прапускалі, збіралі эмоцыі ў кулак – навёрствалі ўпушчанае. Хаця, калі быць аб’ектыўнай, нашым хлопцам не хапае трэніраванасці. Па гульні бачна: збіраюцца разам час ад часу. У той час, як у гульні каманды СВК “Гервяты” адчувалася пэўная доля прафесіяналізму. 18:25 на карысць “Гервят”– вынік першай партыі, 20:25 – другой.
Фінальнай стала сустрэча паміж зборнай Воранаўскага раёна і камандай “Ома” з Мінска.
Паназіраўшы за гульнёй абедзвюх каманд, прадказаць вынік было нескладана. Так, Воранава тэхнічная каманда. Так, за яе гуляе легіянер з каманды яўна не раённага ўзроўню, але ён адзін – роўных яму ў камандзе няма. У той час, як “омаўцы” – як на падбор. Магутныя, трэба сказаць, хлопчыкі… Цікава, кім яны працуюць у кампаніі, якая з’яўляецца лідарам па продажу будаўнічых матэрыялаў і інструментаў, тавараў для дома, саду і агароду на рынку Беларусі? Напэўна, вынік і гульні, і турніру ведалі і самі каманды. Таму на пляцоўцы не было так званай “зарубы”. Класны валейбол, высокая тэхніка валодання мячом… Усемагчымыя віды блокаў… Падачы з хуткасцю гука… Але эмоцыі не віравалі…
У выніку кубак турніру выкліку “Паўночны вектар” паехаў у Мінск. Залатыя медалі – таксама. Сярэбраныя заззялі на грудзях воранаўцаў. А гервятцы ўпрыгожылі сваю форму высакароднай пацінай “бронзы”.
Усе каманды без выключэння атрымалі матэрыяльнае заахвочванне, словы падзякі за ўдзел і запрашэнне на наступны турнір, які адбудзецца ў наступным годзе. Месца і час сустрэчы нязменнае – Рымдзюны, позняя восень.
-------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.
