На областной спартакиаде среди сельских жителей островецкие спортсмены заняли восьмое место
Добры “ўраджай” узнагарод сабралі астравецкія спартсмены на абласной фінальнай спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў, якая адбылася ў Дзятлаве падчас рэспубліканскага свята “Дажынкі-2015”.Свае майстэрства і ўдачу нашы ўдзельнікі дэманстравалі ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, у гіравым спорце і перацягванні каната.
Найлепшага выніку астраўчане дасягнулі ў лёгкай атлетыцы, якая лічыцца каралевай спорту. У лёгкаатлетычным трохбор’і спартсменаў чакаў бег на дыстанцыі 100 метраў, скачкі ў даўжыню і бег на 800 метраў. Мікалай Трафімчык, які выступаў ва ўзроставай катэгорыі звыш 35 гадоў, справіўся з гэтымі выпрабаваннямі з трэцім выніковым месцам. Яго калегі Артур Грачанік і Віталь Гудойць, што дэманстравалі хуткасць і спрыт ва ўзроставай катэгорыі 18-35 гадоў, занялі сёмае і восьмае месцы адпаведна.
Не падвялі таварышаў і жанчыны. У старэйшай групе выступала Яніна Філіповіч – яна стала чацвёртай. Яе маладзейшая напарніца Аіда Недалтоўская ў сваёй узроставай катэгорыі заняла пятае месца. Такім чынам хуткая і дружная пяцёрка астравецкіх лёгкаатлетаў у выніку заняла першае месца. За гэта яны былі ўзнагароджаны кубкам, граматамі і медалямі, кожны ўдзельнік каманды атрымаў грашовую прэмію.
Акрамя гэтага, астравецкія лёгкаатлеты ўдзельнічалі ў эстафеце, кожны этап якой складаў бег на стометроўку.
Пачаў забег Мікалай Трафімчык, які перадаў эстафетную палачку Яніне Філіповіч. Аднак спорт – з’ява непрадказальная: Яніна траўміравала нагу. Тым не менш жанчына не сышла з дыстанцыі і, перамагаючы боль, змагалася да апошняга метра – гэта заслугоўвае павагі. Аіда Недалтоўская, Артур Грачанік і Віталь Гудойць завяршылі эстафету – і астраўчане ў гэтым спаборніцтве занялі чацвёртае месца, толькі тры дзясятых секунды саступіўшы бронзавым прызёрам і дзве секунды – пераможцам.
У спаборніцтве асілкаў – гіравым спорце – выступалі трое нашых удзельнікаў. У вагавой катэгорыі да 70 кілаграмаў з 24-кілаграмовай саперніцай змагаўся Іван Валошын, які падняў яе 58 разоў. Марэк Лаўрыновіч, катэгорыя да 90 кілаграмаў, узняў гіру 87 разоў. А ў вагавой катэгорыі звыш 90 кілаграмаў удзельнічаў Андрэй Бумбуль – яго вынік 91 раз. Каманда астравецкіх асілкаў заняла восьмае месца.
На дастойным узроўні выступілі і нашы тэнісісты. Пераможца раённага чэмпіянату па настольным тэнісе Алег Жаноў і на абласным спаборніцтве прадэманстраваў цудоўнае валоданне ракеткай – і стаў бронзавым прызёрам. Варта адзначыць, што да гэтага астравецкія тэнісісты ніколі не падымаліся на такі высокі ўзровень. Анастасія Нядвецкая заняла дванаццатае месца. У камандным заліку астраўчане сталі восьмымі.
Як заўсёды, асаблівую інтрыгу і зацікаўленасць гледачоў выклікаў адзін з самых відовішчных відаў спаборніцтва – перацягванне каната. Тут да астравецкай каманды падключыліся Анатоль Кавалеўскі, Аляксандр Коўзан, Віталь Лаўрыновіч і дырэктар Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба Леанід Даўляш. Першую схватку нашы спартсмены выйгралі, і ў другой “перацягнулі” перамогу на свой бок, – а вось у трэцяй прайгралі будучым чэмпіёнам. У выніку перацягванне каната прынесла нашай камандзе шостае месца.
У агульнакамандным заліку каманда Астравецкага раёна на абласной фінальнай спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў стала восьмай сярод сямнаццаці каманд-удзельніц.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
