На два дня Островечтина превратилась в столицу баскетбольных баталий

У апошні час кантакты, у тым ліку і на самым высокім узроўні, паміж Астравеччынай і Літоўскай Рэспублікай узмацняюцца. І яскравае таму пацвярджэнне – ХІІІ Еўрапейскі баскетбольны турнір літоўскіх аматарскіх каманд Еўропы, які ў мінулыя выхадныя прайшоў у Астравецкім раёне. Яго Вялікасць Баскетбол цалкам запаланіў залы Гервяцкага спартыўна-аздараўляльнага комплекса і Рымдзюнскай школы – і ўзяў у свой палон не толькі ігракоў з Беларусі, Літвы, Германіі, Швецыі, Даніі, Швейцарыі, але і звычайных гледачоў.

Усе: і ўдзельнікі, і суддзі, і арганізатары, і гледачы – жылі баскетболам – самым эмацыянальным, экспрэсіўным і напружаным відам каманднай гульні. Нездарма ж у Літве баскетбол лічыцца ледзьве не галоўным відам спорту!

ПЕРАДГІСТОРЫЯ

На Астравеччыне менавіта Гервяты славяцца сваімі моцнымі баскетбольнымі традыцыямі: выхаванцы Анатоля Кавалеўскага неаднаразова паказвалі добрую спартыўную падрыхтоўку як на абласных, так і на рэспубліканскіх спаборніцтвах па стрытболе. Чаму б і нам не прыняць на сваёй пляцоўцы спаборніцтвы такога кшталту? Тым больш што тэхнічная база цалкам дазваляе праводзіць падобныя турніры.

Дзякуючы намаганням старшыні міжнароднай грамадскай арганізацыі “Клуб “Гервячай” Альфонсаса Аўгуліса, сёлета эпіцэнтрам вялікага баскетбола стала Астравеччына, нягледзячы на тое што прымаць чарговы турнір у сваёй краіне маюць права выключна пераможцы – а пальму першынства ў арганізацыі і правядзенні турніру мела Швецыя. Але на тое яны і правілы, каб іх парушаць. Самой гульні ў баскетбол гэта, зразумела, не тычыцца! Забягаючы наперад адзначу непрадузятасць і прафесійнасць літоўскіх суддзяў.

Варта ўзгадаць, што еўрапейскія спаборніцтвы праходзяць на Астравеччыне ў другі раз: VІІІ Еўрапейскі турнір сярод літоўскіх аматарскіх каманд адбыўся ў 2010 годзе.

Сёлета, як і ў мінулы раз,  ініцыятыву міжнароднага клуба “Гервячай” падтрымаў Ас-травецкі раённы выканаўчы камітэт. Найбольш клопатаў выпала на долю аддзела адукацыі, спорту і турызму, які цалкам узяў на сябе ўсе арганізацыйныя пытанні, а работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі “закрылі” культурна-пазнавальную праграму.

Замежныя госці змаглі не толькі ўбачыць маленькі беларускі кавалачак Еўропы – я маю на ўвазе Гервяцкі касцёл і тэрыторыю вакол яго, – але і паслухаць арганную музыку, дзякуючы народнаму ансамблю “Кемяліна” пазнаёміцца з беларускімі народнымі і эстраднымі песнямі, а таксама здзейсніць аўтамабільнае пада-рожжа па Астравеччыне.

УРАЧЫСТАЯ “РАЗМІНКА”

Адкрыццё турніру прайшло пад акампанемент гімнаў Беларусі і Літвы. Як адзначыў старшыня Астравецкага райвы-канкама, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Адам Кавалька, дзякуючы падобным турнірам умацоўваюцца суседскія адносіны паміж нашымі краінамі. У сваю чаргу старшыня міжнароднай грамадскай арганізацыі “Клуб “Гервячай” Альфонсас Аўгуліс выказаў падзяку Астравецкаму райвыканкаму за падрыхтоўку і правядзенне тур-ніру. А саветнік-пасланнік Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Томас Біцінас на дзвюх мовах прывітаў удзельнікаў еўрапейскіх спаборніцтваў па баскетболе.

ГУЛЬНЯ Ў РЭЖЫМЕ НОН-СТОП

На тварах ігракоў застыла нецярпенне. Жараб’ёўка раставіла ўсе кропкі над “і”: у групу А трапілі “Зубры” з Беларусі (зборная каманда  Смаргонскага і Астравецкага раёнаў), Швейцарыі, Германіі (горад Кёльн), Літвы (прадстаўнікі Гервяцкага краю), якім выпала высвятляць спартыўныя адносіны на баскетбольнай пля-цоўцы Гервяцкага ФАКа. Група Б у складзе каманд са Швецыі, Даніі, Германіі і Літвы засталася ў Рымдзюнах.

Па словах Альфонсаса Аўгуліса, некаторыя каманды не змаглі прыехаць, пагэтаму іх прадстаўнікі “ўліліся” ў іншыя.

Па дамоўленасці каманд стандартныя правілы гульні ў баскетбол крыху змяніліся: у кожнай камандзе на пляцоўку разам з баскетбольнымі асілкамі выходзіла адна дзяўчына. Варта адзначыць, што там, дзе баскетбалістка была моцным іграком, каманда выйгравала апрыёры: прадстаўніцу слабай паловы нельга блакіраваць мужчыне, а прынесеныя ёю ачкі аўтаматычна падвойваліся. Так званыя “штрафныя” не прабіваліся, а любое парушэнне правілаў каралася ачком.

У першы дзень каманды ігралі па кругавой сістэме. Варта адзначыць, што многія спартсмены паказалі не толькі свой прафесіяналізм, але і прыгожую гульню. Другі дзень турніру пачаўся са стыкавых гульняў і перацёк ў чвэрцьфінал.

Асабліва запамінальнай і напружанай аказалася гульня за выхад у фінал паміж беларускімі “Зубрамі” і камандай нямецкага Кёльна. На пятай хвіліне другога тайма табло высвечвала лік 20:20. Каманды ішлі наздра ў наздру, не жадаючы аддаваць саперніку першынства. Фінальны свісток – лік 32:32, пагэтаму суддзі далі тры дадатковыя хвіліны. Імі паспяхова скарысталася зборная каманда Астравецкага і Смаргонскага раёнаў. “Зубры” выйгралі ў немцаў адно ачко і адпаведна – права змагацца за першае месца.

У фінал таксама трапіла каманда Швецыі, якая ўпэўнена перамагла выхадцаў з Гервяцкага краю.

У гульні за 5 і 6 месца на пляцоўцы сустрэліся прадстаў-нікі Даніі і Швейцарыі. Апошнія абышлі сваіх сапернікаў на 6 ачкоў і замацаваліся на пятай пазіцыі. Нягледзячы на тое што літоўская каманда на роўных іграла з нямецкай камандай з Кёльна, на апошніх хвілінах ёй не хапіла ўсяго аднаго ачка, каб увайсці ў тройку прызёраў, – за ёй засталася чацвёртая прыступка баскетбольнага п’едэсталу.

У фінале сустрэліся беларускія “Зубры” і шведы. І сцены, як кажуць, грэлі, і балельшчыкі падтрымлівалі, але нашы баскетбалісты ва ўпартай барацьбе не змаглі адолець шведаў, якія і сталі пераможцамі турніру, прычым не без дапамогі сваёй прадстаўніцы прыгожай паловы. Затое ў асабістым заліку ў трохачковых кідках ігрок беларускай каманды Яўген Грэхаў святкаваў перамогу: за адну хвіліну ён дзесяць (!) разоў трапіў мячом у карзіну.

Падчас урачыстага закрыцця турніру яго пераможцы і лепшыя ігракі атрымалі ганаровыя кубкі, а  ўдзельнікі – памятныя дыпломы і граматы.



Меркаванні...

...УДЗЕЛЬНІКАЎ

Йонас Варанецкас, каманда Швейцарыі:

– Наша каманда другі раз на Беларусі. Сам я прыехаў да вас упершыню. Хочацца падзякаваць супрацоўнікам мытні за хуткасць афармлення дакументаў і гаспадарам – за добры прыём. Мы трэніруемся напрацягу пяці гадоў, хоць, зразумела, склад каманды мяняецца. Хацелася трапіць у тройку прызёраў, аднак пятае месца – таксама нядрэнны вынік.

...АРГАНІЗАТАРАЎ

Таццяна Букель, намеснік начальніка адзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама:

– Для Астравецкага раёна падобныя турніры маюць вялікае значэнне, а для нашых спартсменаў – гэта цудоўная магчымасць паглядзець і павучыцца. Нягледзячы на моўны бар’ер, усе цудоўна разумелі адзін аднаго, а на пляцоўцы панавала атмасфера сяброўства, што, безумоўна, адлюстравалася на гульнях. Хочацца падзякаваць усім задзейнічаным у арганізацыі і правядзенні турніру людзям. Усё атрымалася! Мы адкрыты для іншых  – і да нас гатовы прыязджаць. Спорт сцірае граніцы. Ганаруся тым, што наша беларуская каманда “Зубры” паказала дастойную гульню, а самым трапным у кідках баскетбалістам стаў менавіта наш спартсмен.

Міндоўгас Яценявічус,  каардынатар турніру:

– Пры арганізацыі мерапрыемства такога кшталту бывае шмат нюансаў. Узрадаваны, што прымаючы бок іх улічыў. І той факт, што менавіта на Беларусі адбываюцца еўрапейскія аматарскія спаборніцтвы па баскетболе, сведчаць аб высокай спартыўнай культуры вашай краіны. У перспектыве да нас павінны далучыцца каманды з Аўстраліі і Аргенціны, і тады турнір з еўрапейскага ператворыцца ў міжнародны.

...ГЛЕДАЧОЎ

Сяргей Шэін:

– У 2010 годзе, калі я быў начальнікам аддзела спорту і турызму, мы ўпершыню на Астравеччыне праводзілі Восьмы турнір. Магу адзначыць, што тады было больш каманд, аднак сам узровень баскетбола, хоць ён заяўлены як “аматарскі”, зараз значна вырас. Многія каманды іграюць на прафесійным узроўні. І факт, што ў Беларусі сабраліся баскетбалісты з краін Еўропы, гаворыць сам за сябе.

--------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.

Фота аўтара і Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.