Лучшие теннисисты учатся в гимназии и средней школе №2
Хлопчыкі і дзяўчынкі з шасці школ раёна ўзялі ў рукі ракеткі падчас раённага спаборніцтва па настольным тэнісе сярод удзельнікаў 2002-2004 гадоў нараджэння. На запрашэнне пагуляць у тэніс адгукнуліся вучні Спондаўскай, Альхоўскай, Гудагайскай, Кямелішкаўскай школ, гімназіі №1 і СШ №2 г. Астравец.
Сямнаццаць хлопцаў былі падзелены на 4 групы. Пераможцы кожнай з груп і выходзілі ў паўфінал – імі сталі Артур Мураўскі з СШ №2, вучань Гудагайскай СШ Аляксандр Міхайлоўскі, Юрый Кежун з Кямелішкаўскага НПК і гімназіст Артур Гукасаў.
Далей жа чацвёрку мацнейшых на пары сапернікаў разбіла жараб’ёўка. Па розныя бакі тэніснага стала змагаліся Аляксандр Міхайлоўскі і Артур Гукасаў – з лікам па суме партый 2:0 перамогу святкаваў гудагаец. У другой жа паўфінальнай дуэлі мацнейшым стаў Артур Мураўскі, які з лікам 2:1 выйграў у Юрыя Кежуна.
Такім чынам за трэцяе месца змагаліся Артур Гукасаў і Юрый Кежун – перамог апошні.
А ў фінальным паядынку ракеткі скрыжавалі Артур Мураўскі і Аляксандр Міхайлоўскі – у выніку ўпартай барацьбы з лікам 2:1 пераможцам стаў Артур Мураўскі.
Дзяўчат у спаборніцтве было менш, таму іх падзялілі на дзве групы – заняўшыя першыя месцы выходзілі ў фінал, а ўдзельніцы, якія сталі другімі, змагаліся за трэцяе месца.
У “бронзавай” партыі сустрэліся Вераніка Памецька са Спондаўскай школы і Аліна Салавей з Кямелішкаўскага НПК – у гэтым паядынку з лікам 2:0 перамагла апошняя.
На першае месца прэтэндавалі Ксенія Пшаніцына з гімназіі №1 і вучаніца з Кямелішак Вольга Камінская: 2:0 – перамагла гімназістка.
Пераможцы і прызёры спаборніцтва ўзнагароджаны медалямі і памятнымі падарункамі ад Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба.
Марына МАЦКЕВІЧ.
