Кубок Островецкого района по волейболу выиграла команда лесхоза

Хто ў мінулую суботу выпадкова праходзіў ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Старт” мог здзівіцца: выхадны дзень, а ля будынка аўтамабілі не змяшчаюцца на стаянцы. А з залы даносіліся ажыўленыя воклічы і ўдары мяча. Трэніроўка? Гульня ў “мінус пяць”? Забавы школьнікаў?
На самой справе ўсё было сур’ёзна – у гэты дзень праходзіў кубак Астравецкага раёна па валейболе сярод калектываў фізічнай культуры.

Іх было дзесяць. Дакладней, дзесяць па шэсць: у валейбольнай камандзе гуляюць менавіта шэсць ігракоў, а пазмагацца за кубак Астравецкага раёна на спаборніцтва прыехалі дзесяць каманд. На валейбольнай пляцоўцы сустрэліся традыцыйныя і новыя сапернікі – ігракі “Янвесттранса”, лясгаса, НІАЭП, раённага аддзела ўнутраных спраў, СВК “Варняны”, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, СВК “Міхалішкі”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, БелАЭС.

Дарэчы, спартыўныя падзеі разварочваліся не толькі ў ФАКу “Старт”, але і ў спартыўнай зале гімназіі №1: каманды падзяліліся на тры групы, дзве з якіх высвятлялі адносіны на “Старце”, а трэцяя – у гімназіі. Гулялі ў кожнай групе па кругавой сістэме. У выніку пасля серыі гульняў вызначыліся чатыры каманды-прэтэндэнты на перамогу. Кубак Астравецкага раёна разыгрываўся паміж валейбалістамі “Янвесттранса”, лясгаса, НІАЭП і РАУС.

У першым паўфінале на пляцоўку выйшлі каманды “Янвесттранс” і НІАЭП. З першых хвілін стала зразумела, што ніводная з іх не збіраецца “зліваць гульню” і будзе змагацца за кожнае ачко. Так і атрымалася. Перавага з зайздросным пастаянствам схілялася на бок то адной, то другой каманды. Пасля дзвюх партый – нічыя. Усё вырашалася ў трэцяй. Прыгожая гульня, стомленасць, прага перамогі, сканцэнтраванасць на кожным удары, памылкі – усё змяшалася. Тым не менш, валейбалісты “Янвесттранса” вырвалі перамогу ў сапернікаў.

Другі паўфінал паміж лясгасам і РАУС быў менш відовішчным і напружаным. Відавочная перавага была на баку лясгасаўцаў, якія ў выніку выйгралі абедзве партыі 2:0.

Не атрымалася інтрыгі і ў гульні за трэцяе месца. Каманда НІАЭП упэўнена выйграла ў міліцыянераў 2:0 і стала бронзавым прызёрам спаборніцтва.

А вось фінал атрымаўся цікавым і ўпартым. На пляцоўцы зноў разгарнулася сапраўдная мужчынская спартыўная барацьба. Гледачы атрымалі задавальненне ад прыгожага валейбола і зладжанай гульні каманд. Кожная з іх выйграла па адной партыі, а вось у рашаючай трэцяй мацнейшымі ўсё ж аказаліся лясгасаўцы, якія і сталі пераможцамі. “Янвесттранс” – сярэбраныя прызёры.

Пераможцы і каманды-прызёры атрымалі кубкі і медалі ад ДУ “Астравецкі ФСК”. Акрамя гэтага, былі вызначаны лепшыя ігракі. У намінацыі “Лепшы нападаючы” быў узнагароджаны Дзмітрый Дыба з каманды НІАЭП. “Лепшым блакіруючым” стаў Яўген Сінкевіч з “Янвесттранса”, а “Карысным іграком” – Юрый Андраловіч з лясгаса. Усе намінанты таксама атрымалі прызы ад ДУ “Астравецкі ФСК”.


---------------------------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.