Команда стритболистов Гродненской области вернулась с четвёртым местом со спартакиады Союзного государства

На спартакіядзе Саюзнай дзяржавы сярод дзяцей і моладзі 1997-1998 гадоў нараджэння “Да алімпійскіх вяршыняў”, якая праходзіла ў Разані, зборная каманда па стрытболе пад кіраўніцтвам Анатолія Мечыслававіча Кавалеўскага заняла 4 месца.

Дзякуючы загадчыку фізкультурна-аздараўленчага комплексу, вясковыя юнакі «захварэлі» на стрытбол, – ды так, што неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі і пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Нядаўна на рэспубліканскіх спаборніцтвах па стрытболе астравецкая каманда заняла 2 месца, а першыя чатыры каманды, у тым ліку і нашы землякі-спартсмены, былі запрошаны на спартакіяду ў Разань. Рабяты з Беларусі і Расіі выступалі ў лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, плаванні і стрытболе.
Зборная каманда Гродзенскай вобласці трапіла ў першую групу. У гульні з гаспадарамі пляцоўкі нашы саступілі з лікам 10:1, аднак каманду Тамбоўскай вобласці абышлі на 8 мячоў. Не пашкадавалі і землякоў з Мінскай вобласці: юнакі з Гервятаў і Смаргоні паказалі добрую гульню і перамаглі з лікам 11:4.
Другое месца ў групе дазволіла нашым спартсменам разам з камандай Разанскай вобласці трапіць у паўфінал. Пройгрыш камандзе Гомельскай вобласці пакінуў негатыўны адбітак, і гульня з камандай Мінска таксама скончылася паражэннем. У выніку стрытбалісты Гродзенскай вобласці сталі чацвёртымі ў спартакіядзе Саюзнай дзяржавы.
Як адзначыў Анатолій Мечыслававіч, юныя стрытбалісты крыху засмучаны вынікам – заўсёды ж марыцца пра большае. Аднак той факт, што каманду вобласці па стрытболе на міжнародных спаборніцтвах прадстаўлялі тры юнакі (з чатырох) з Гервятаў, гаворыць пра многае.
Акрамя спаборніцтваў па стрытболе, спартсмены пашырылі свой кругогляд. Адкрыццё спартакіяды праходзіла ў начным клубе “Азон” і пакінула яркія і незабыўныя эмоцыі. У перапынках паміж гульнямі юнакі змаглі наведаць музей дальняй авіяцыі і Разанскі Крэмль, які з’яўляецца другім па велічыні пасля Маскоўскага. Чырвоная плошча расійскай сталіцы ўразіла сваёй велічнасцю…
Спартакіяду ў Разані астравецкія стрытбалісты будуць яшчэ доўга ўспамінаць: аналізаваць кожную перадачу, кожны кідок ў кальцо… І марыць пра новыя спаборніцтвы – і перамогі.


-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.