Как островчанка Карпаты покоряла

***


О, Львоў! Ты – цуд! З першага ж кроку (яшчэ на вакзале) мяне накрыла дэжавю: жыла, дыхала, дакраналася… І кожны крок быў як вяртанне.
Сказаць пра гэты горад “прыгожы” – нарадзіць яшчэ адну банальнасць. Львоў іншы. Львоў сам па сабе. Ад фундамента да шпіляў захутаны ў  флёрдаранж гісторыі. Празрысты – адчуць яго можна толькі навобмацак. Як покрыва Гойеўскай Махі…
Львоў дружалюбны – адкажуць, пакажуць, нават падвядуць, калі трэба… Адкажуць, дарэчы, абавязкова па-ўкраінску. Чытаеш гэтыя іх “Перукарні”,  “Чоловіче взуття”, “Залізничний вокзал” – і нікуды не дзецца ад зайздрасці: могуць жа суседзі! Чаму ж мы такія нямыя?..
І раптам на сцяне аднаго з будынкаў… Фарбай з балончыка… На чыстай беларускай… “Тут прайшлі нейкія 20 хвілін майго жыцця. Сямён.”
Бальзам на раны! Сямён, ты – геній!
І пры гэтым, якая нявызначанасць – “НЕЙКІЯ”… Цалкам па-беларуску…
Думаю, не талерантнасць галоўная рыса беларусаў, а менавіта нявызначанасць. Ва ўсім…


***


А зоркі ў Карпатах, аказваецца, завернутыя па-свойму. Коўшык Вялікай Мядзведзіцы, прынамсі, стаіць там стаяком. Выйшла на тэрасу сярод ночы, а  на небе – пытальнік. Вялікі, яркі.
Пра што ты хочаш даведацца ў мяне, Сусвет?..


***


Мы жылі якраз насупраць Белага Слана. Гэта голы (без расліннасці) кавалак гары, які мае яго абрысы. Адчыняеш раніцай дзверы – і слон махае  табе каменным хвосцікам. А ў мясцовай уніяцкай царквушцы – служба. І песнапенні, адбіваючыся ад гор, набываюць іншую танальнасць – нібы
нябачны маудзін ззывае прававерных на ранішні намаз...


***


Горная сцежка. Пажылы чалавек прысеў адпачыць на прыдарожным пяньку. За яго плячыма – рукзак, бітком набіты грыбамі.
Параўняўшыся з ім, вітаемся – тут усе вітаюцца з усімі. Слова за слова – завязваецца размова, у аснове якой, канешне ж, злабадзённая грыбная  тэма.
– У нас гэты грыб называецца “польскі баравік”, – паказваю на шакаладны капялюшык маладзенькага грыбка. – А ў вас?
– А ў нас ён называецца “гаўно”, – раўнадушна парыруе стары. – Семдзесят шосты год грыбару і прызнаю толькі адзін від грыбоў – белыя.
Ну, супраць лома…


***


Ва Украіне няма дарог. Прынамсі, тое, па чым давялося праязджаць, нельга назваць дарогай у поўным сэнсе гэтага слова – яма на яме, выбоіна на выбоіне. Падобна, што апошні раз асфальтавае палатно тут рамантавалі яшчэ да “перабудовы”.
Ва Украіне маленькія пенсіі, высокае беспрацоўе і шмат жабракоў. Дастаткова на стале прывакзальнай кавярні раскласці хатнія бутэрброды, як тут  жа вырастае бруднаватая далонь – падайце дзеля Хрыста… Жабракі на аўтобусных прыпынках, ля цэркваў, на рынках…
Калі такая просячая рука ў шэсць гадзін раніцы на Львоўскім вакзале пацягнулася да пластыкавай пушачкі з мамінымі катлетамі, стала моцна не па сабе. Ды што там! Наскрозь, нібы маланкай, працяло жальбай...
–Частуйцеся, канешне… І памідорынку вазьміце… І хлеба…
…Імунітэт выпрацаваўся літаральна за дзень – познім вечарам на аўтастанцыі ў Івана-Франкоўску ў адказ на ўсе спробы націснуць на мае кропкі міласэрнасці я ўжо проста адмоўна круціла галавой. Мая сяброўка “даспявала” больш запаволена і з дапамогай грыўны падтрымала дабрабыт высакарослага бамжа з інтэлігентнымі манерамі і раздзёртай бародаўкай на носе. Ён расчуліўся, стаў называць яе сеньёрай, забаўляў свецкай размовай і нават прапанаваў сваю асобу ў якасці спадарожніка…
Назаўтра, ужо ў Ярэмчэ, убачыўшы на рыначных сходках двух бамжоў, мы дружна адвялі вочы ўбок. Хаця паспелі заўважыць, як жанчына, яўна з  мясцовых, працягнула ім нешта з ежы…
Ва Украіне машыны няўдалыя. Прынамсі, у параўнанні з нашымі. Ёсць, канешне, і “крутыя тачкі”, але і іх куды менш. На нашых вачах прыгажуня з  аголенай спіной вылезла з-за руля… іржавага “жыгулёнка”. І “Запарожац” – таксама не рэдкасць…
А вось дамы ва Украіне шыкоўныя! Зрэшты, за ўсю краіну сцвярджаць не бяруся – не бачыла. Але ў Карпатах няма ніводнага “слабага” дома. І пад  “слабым” маю на ўвазе не нейкую там халупіну, а дом з кшталту нашых памяркоўна дыхтоўных, такіх, як на вуліцах Першамайская, Школьная, Савецкая…
Размаўляю пра гэта з Раманам – мясцовым жыхаром, з якім пашанцавала пазнаёміцца ў першы ж дзень прабывання ў Ярэмчэ.
Раман вырас у гарах, у маладосці закончыў спецыяльныя курсы і атрымаў “корачкі” прафесійнага правадніка і гіда. Нейкі час вадзіў турыстаў.
Потым падобны бізнес перастаў прыносіць прыбытак, і Раман накіраваўся ў заробкі за мяжу. Аб’ехаў усю Еўропу – працаваў у многіх краінах.
Вярнуўся. Лічыць, што для чалавека самае лепшае месца на свеце тое, дзе стаіць яго дом.
Парадак у сваім жытле (у прыгожым вялікім доме!) Раман падтрымлівае ідэальны. Цалкам выпадкова мы пазнаёміліся з ім у гарах, і ў той дзень ён  павадзіў нас па іх вяршынях да цемры – вярталіся, асвятляючы сцежку ліхтарыкам. Зваротны шлях, як аказалася, пралягаў побач з домам Рамана, і
ён запрасіў нас да сябе на гарбату.
У яго доме было не проста чыста – усё літаральна блішчэла і ззяла. Пачынаючы з ваннага пакоя і заканчваючы кухняй з невысокай (да паловы  сцяны) кафлянай печчу, на якой акуратнымі радамі былі раскладзены на сушку белыя грыбы. Кубачкі, цукарніца, талеркі – блішчэла ўсё! Нават у ката Маркіза поўсць была белай, як снег.
І гэта пры тым, што Раман не першы год жыве адзін...
На маё пытанне пра добрыя дамы і дрэнныя машыны ён адказаў так:
– У такіх гарадках, як наш, няма працы, таму мужчыны выязджаюць на заробкі. Куды заўгодна. Усё роўна кім. Зарабіўшы грошы, гуцул вяртаецца  дадому. Дурны тут жа купляе спачатку дарагую іншамарку, правы на яе ваджэнне – і праз 100 кіламетраў яе разбівае… Разумны гуцул пачынае
будаваць дом. Спачатку першы, потым другі…


***


Упершыню я ўбачыла горы ў Румыніі. У 1991 годзе. Выбралася ў падарожжа пад самы развал Саюза.
Наш аўтобус доўга ехаў па серпанціне горнай дарогі, і ў атэль мы дабраліся ўжо ноччу. А раніцай я прачнулася на світанні і, каб не  перашкаджаць суседкам па пакоі, выйшла на вуліцу…
А там! Немагчымае багацце асенніх адценняў – золата, вохра, барвень… Вільготная лістападаўская (!) цеплыня… І звонкае, крыху разрэджанае  паветра гор…
З тых часоў я марыла пра Карпаты. Пра восень у гарах. …За размеранай, адтрэніраванай хадой Рамана не паспець, як ні старайся. За яго плячыма  пятнаццацікілаграмовы рукзак з грыбамі (баравікамі, вядома – нават маладзенькія падасінавічкі застаюцца тут незапатрабаванымі), у руцэ – мой пакет з грыбной здабычай, а ён пераадольвае зацяжны пад’ём, не заўважаючы яго складанасці.
Мае ж вочы залівае гарачы пот. Сэрцу цесна ў грудной клетцы. І ногі адмаўляюцца слухацца.
– Ромка, – прашу, ледзь не ўсхліпваючы ад стомы, – вазьмі, калі ласка, у другую руку вялікі камень.
– Навошта? – не разумее ён.
– Можа, хоць крыху запаволіш хаду…
…Недзе за 50 крокаў да вяршыні ўсведамленне, што я раўнінны чалавек, накрыла канчаткова. Ногі абвясцілі суверэнітэт, і мне нічога не  засталося, як упасці ў траву. У галаву палезлі розныя прымаўкі. Пра разумнага і гару, пра “старуху” і “праруху”… Не, ну сапраўды – якога чорта? Што я забылася на гэтай каменнай глыбе?!
…Дайшла. Сашчаміла зубы і дапаўзла праз слёзнае “не магу”. Трэба ж змагацца з уласнымі тролямі, інакш ад іх і не пазбавіцца.
А там, на вяршыні, у высокай траве цвітуць, аказваецца, дзіўныя кветкі. Бледна-ліловыя. З тонкімі грацыёзнымі пялёсткамі. Ох, колькі ж поту  трэба праліць, каб палюбавацца іх пекнатой!..


***


У гарах цямнее рана. І назад мы амаль што бяжым. Дзве гадзіны бега па бездарожжы і камянях. Ад марознага горнага паветра лёгкія дубянеюць,  вушы заклала цалкам па-самалётнаму. Хвала Табе, Божа, што хоць дарога вядзе ўніз. А калі пад’ём усё ж часам здараецца, ногі адразу ж становяцца ватнымі... Божачка, памажы!..
Перабіраючыся па камянях праз чарговую ці то рэчку, ці то ручай, Таня, паслізнуўшыся, трапляе ў ваду – цяпер кожны яе крок суправаджаецца  крыважэрным цмоканнем мокрых красовак. Мае кеды таксама паехалі”, і я ўкленчыла ў гразь…
– Сядайце і чакайце мяне тут, – Раман скінуў з плячэй свой цяжэнны рукзак.
Мы паслухмяна сядаем. Ніякіх дыскусій. Не тое, што на спрэчкі, – на звычайную жаночую цікаўнасць няма сіл.
Рома бяжыць кудысьці ўлева. Мяркуючы па гуках, там грузяць лес. Хвілін праз дзесяць вяртаецца:
–Толькі пачалі грузіцца, – разводзіць рукамі. – Ім яшчэ працы на добрую гадзіну. За гэты час мы дабяромся сваім ходам.
І мы дабіраемся…
Па слізкай гразі і камянях. Па краі нябачнага ў цемры абрыву, ад аднаго выгляду якога назаўтра, пры святле сонца, па нас з Таняй забегаюць  “мурашкі”… Па дарозе натыкаемся на чалавека. У яго руках “шведка” – ён таксама нарыхтоўваў у гарах дровы. Прынароўліваючыся да яго хады, мы зніжаем тэмп. Уф! Нарэшце можна перавесці дыханне…
І толькі тут заўважаю, што пачуццё рэальнасці страцілася. Усе гэтыя гразь, пот і стома ўспрымаюцца як дадзенасць. Іншае жыццё перастала існаваць. Адчуванне такое, што да самага скону цяпер прыйдзецца ісці скрозь гэтую ноч па размытай горнымі ручаямі дарозе, па вострых, як людскія страхі, камянях…
Нарэшце – горная альтанка, ад якой пачалося наша падарожжа. Значыць, да Ярэмчэ – рукой падаць. Прысаджваемся на кароткі адпачынак. Дакладней, мужчыны прысаджваюцца – мы з Таней моўчкі падаем на шырокія лаўкі. Натужны гук рухавіка абвяшчае, што пагрузка лесу завяршылася і грузавік нас дагнаў.
– ЗІЛ-130, – кажа Раман. – А тут іншым і не прайсці. Не тыя ўмовы…
Значыць, і я цяпер – крышачку ЗІЛ.
Крыху пазней, прымасціўшыся на мяккай канапе Раманавай кухні, мы п’ём духмяную гарбату з карпацкіх траў. Кот Маркіз залазіць да мяне на калені  і лашчыцца. Пачуццё рэальнасці паранейшаму ў загуле…
…Да сваёй кватэры мы дабраліся пасля дзесяці. Па чарзе – у душ. І не згаворваючыся – у пасцель. Ні мне, ні Тані і ў галаву не прыйшло, што  можна было б павячэраць. Што апошні раз мы елі раніцай. У зусім іншым, цалкам цывільным жыцці.
І як жа ўсё балела назаўтра!..


***


На наступны дзень мы адмянілі ўсе падарожжы – адлежваліся. Схадзілі ў горад за піражкамі – яны тут асаблівыя, нідзе ў свеце няма такіх  смачнючых: з вішнямі, чарніцамі, бульбай, капустай… І ляжалі. Як з крыжа…
Пад вечар крыху ачунялі. І калі пазваніў Раман, нават згадзіліся на яшчэ адно падарожжа.
– Кароценькае – не даўжэй за дзве-тры гадзіны. І лёгкае, – папярэджваю яго.
– Добра, – смяецца. – Эх, вы, раўніннікі!..
Пачуццё няёмкасці, ясная рэч, прысутнічае – каму прыемна адчуваць сябе слабаком?! Канешне, нам не зраўняцца з мясцовымі, з тымі, што тут  выраслі… Яны загартаваныя, а мы…
Раман чакае нас ля сваіх варот. Побач з ім жанчына і мужчына.
– Сястра з мужам прыехалі ў госці, – тлумачыць ён.
Знаёмімся. Жанчына прыкладна майго узросту.
– Вы толькі не паддавайцеся гэтаму мучыцелю, – гаворыць яна. – Ён сам не ведае стомы і думае, што
ўсе такія. Мінулай восенню ўзяў мяне з сабой у горы – пратрымаў да вечара. Ледзь здолела дабрацца дадому. Думала, заб’ю гада. Брат называецца…
Ого! Значыць, ва ўсіх так?! Нават у тых, хто вырас ў гарах?! І няма тут чаго саромецца? Ну, клас! Прыеду ў Астравец і направа-налева буду  расказваць, з якой лёгкасцю скарала карпацкія вяршыні!..


***


…Мая сястра жыве ў Вільні. У пяціпавярховай “сталінцы”. І лесвічны пралёт у яе доме роўна на тры прыступкі (безліч разоў пералічана асабіста  мной) даўжэйшы за звычайны. Кожны раз, калі бываю ў яе ў гасцях, узбіраюся з пыхканнем і нараканнямі на адсутнасць ліфта. Пасля Карпат узляцела на пяты паверх птушкай. Абагнаўшы пры гэтым сястру на тры пралёты.
– Ну проста сапраўдная альпіністка! – не без здзіўлення засмяялася Людвіка.
– Дык і сапраўдная. Чаго ўжо залішне саромецца…


--------------------
Ганна ЧАКУР.