Из странствий дальних возвратясь... Мальта

3
Пачаўшы свае “Падарожныя нататкі” з Нясвіжа, які, “без віны вінаваты”, стаў адной з ускосных прычын іх з’яўлення, я вымушана аддаць даніну павагі яшчэ адной мясціне на карце свету, дзякуючы якой гэты праект з катэгорыі планаў і задум стаў увасабляцца ў словы і сказы. Яна знаходзіцца вельмі далёка ад Нясвіжа, і, здаецца, нічым з гэтым знакамітым беларускім горадам не звязана. Акрамя хіба што таго, што менавіта там, на востраве Мальта, у прыбярэжным гарадку Сан-Джуліян, у снежні мінулага года, прымаючы раніцай на балконе пад шчэбет птушак не вельмі шчодрыя, але досыць прыемныя сонечныя ванны, я пачала пісаць гэтыя нататкі – і пачала іх менавіта з Нясвіжа…

Кажуць, што няма звера страшнейшага, чым жаба. І каб яна, нястомная і бессмяротная, якая не засынае ні ўдзень, ні ўночы, не задушыла ў сваіх зялёных абдымках якога хранічнага зайздросніка, спяшаюся паведаміць, што беларускія журналісты, і нават галоўныя рэдактары з дваццацігадовым стажам, не атрымліваюць, на жаль, пакуль такой зарплаты, каб дазволіць сабе адпачынак на Мальце. А вось маладыя шведскія настаўнікі маюць магчымасць не толькі сабе падарыць кавалачак бясконца далёкага зараз лета, але і для маці зрабіць такі калядны падарунак. За што я, безумоўна, вельмі ўдзячна сваёй дачцэ.


– Ну калі ты, мама, яшчэ пабудзеш на Мальце? – прывяла Алёна, як ёй, напэўна, падалося, вельмі пераканаўчы аргумент, запрашаючы мяне ў далёкае падарожжа.
– Ніколі! – шчыра адказала я – і, не вагаючыся, стала збірацца: пра сваю цягу да ўсялякіх і розных вандровак я ўжо казала. А тут – Мальта, амаль што казачная краіна!
Развагі і сумненні прыйшлі пазней, калі я даведалася, што ляцець да Мальты мне давядзецца з перасадкай у Вене, а назад – ажно з дзвюма, у Рыме і Рызе.
Яны, гэтыя трывогі і сумненні, узнікаюць у мяне перад кожнай замежнай вандроўкай. Бо адносіны з замежнымі мовамі ў мяне, мякка кажучы, ніякія. Кожны раз, вяртаючыся з чарговага падарожжа, я даю сабе слова “з панядзелка” пачаць вучыць англійскую, без якой сёння за мяжой адчуваеш сябе глухім, нямым ды яшчэ і падслепаватым. Але гэты “панядзелак” звычайна адкладваецца да наступнай вандроўкі – і гэтак далей… Моцна спадзяюся, што на гэты раз ён наступіць крыху раней…
Ну добра, перш чым распавесці пра свае ўражанні ад Мальты, я раскажу вам, з чым звязаны мае страхі. І пра свае прыгоды ў аэрапортах. І пра самі аэрапорты. Магчыма, гэта каму-небудзь спатрэбіцца нават больш, чым мае ўражанні пра экзатычную краіну-востраў у Міжземным моры…


АЭРАПОРТЫ


– І не баіцеся вы лятаць на самалётах? – недаверліва пацікавіўся ў мяне пасля адной з першых маіх далёкіх вандровак нехта са знаёмых. І патлумачыў, чаму, па яго меркаванні, іх варта баяцца: -- Яны ж разбіваюцца…
Ну, гэтага я якраз баюся найменш. Не таму, што лічу, што са мной нічога падобнага здарыцца не можа – усе пад Богам ходзім… Проста ведаю, што, па статыстыцы, самым небяспечным транспартам з’яўляецца не самалёт, а наш стары добры прывычны аўтамабіль – менавіта ў аўтамабільных аварыях гіне больш за ўсё людзей. І пры ўсім пры тым ён жа – самы папулярны.
У пэўным сэнсе я – фаталістка і лічу, што ад лёсу не ўцячэш… І таму самалётаў не баюся.
А што іх баяцца? Роўная падлога пад нагамі, утульнае крэсла, усмешлівыя сцюарды… (Існуе памылковая думка, што яны – выключна даўганогія прыгажуні. Але падчас сваіх падарожжаў я сустракала сярод іх нямала мужчын, і не толькі маладых. А вось усмешка – абавязковы атрыбут іх “уніформы”. У розных авіякампаніях форма адзення персаналу розная па колеры, стылі і г.д., а вось усмешка сцюардаў з’яўляецца агульнай складаемай для ўсіх без выключэння).
…Велічныя будынкі праз хвіліну пасля адрыву самалёта ад зямлі ператвараюцца ў цацачныя домікі і неўзабаве зусім знікаюць за цукровай ватай аблокаў, самалёт “завісае” – хуткасці зусім не адчуваецца! – у бязмежнай блакітнай, чорнай ці рознакаляровай прасторы (у залежнасці ад часу сутак, апошняя, што на захадзе дня – непараўнальнае ні з чым відовішча), манатонны гул закалыхвае… Хочаш – пі каву ці гарбату, хочаш – кніжку чытай ці падрэмвай…
Не, самалётаў я не баюся. Я баюся аэрапортаў. Удакладню: замежных. Чаму – чытайце вышэй. Мне заўсёды страшна, што я нешта не зразумею, пераблытаю, зраблю не так – і ўрэшце не паспею на свой рэйс. І хоць такога, на шчасце, не здаралася, усё ж што такое адрэналін і як ён уздзейнічае на арганізм, у аэрапортах я спазнала неаднойчы. І ўсё з-за сваіх “глыбокіх і трывалых” ведаў замежнай мовы.
Упершыню гэты страх я зведала, калі ў 2010 годзе лятала да дачкі ў Берлін. Туды ляцела з Каўнаса. Гэта было практычна першае маё авіяпадарожжа (пералёт на “кукурузніку” з Хойнікаў у Мазыр у канцы 70-х і чартэрны рэйс з Мінска ў Стакгольм у 2000-м можна ў разлік не браць, тады ўсё было інакш). Але аэрапорт у Каўнасе невялікі, людзей няшмат і ўсё тады было хоць нязвыкла і цікава, але зразумела: у адрозненне ад галодных 90-х, у Літве зараз ужо, здаецца, ніхто не робіць выгляд, што не разумее рускую мову, і ўсё, чаго я не ведала, мне даходліва і добразычліва патлумачылі.
Назад я збіралася спакойна: ну як жа, ляталі, ведаем… Ну, напрыклад, тое, што вадкасць у ёмістасці больш за 50 мілілітраў з сабой у самалёт браць нельга. Я і не брала! Адкуль жа мне было ведаць, што зубная паста, дэзадарант, духі, туш для вейкаў, лак для пазногцяў і іншыя неабходныя “жаночыя штучкі”, якія я, збіраючыся, пакідала ў сваю сумачку, – гэта таксама вадкасць? І нават калі яна ўтрымліваецца ў ёмістасці, меншай за тыя самыя 50 мілілітраў (на шчасце, духі і лак у літровых бутлях пакуль не прадаюць, а то б усё гэтае жаночае багацце паляцела ў кошык для смецця – як мая мінералка ў Каўнасе), яе трэба трымаць у герметычна закрытым празрыстым пластыкавым пакеціку? Бездапаможна лыпаючы вачыма, глядзела я на супрацоўніцу службы бяспекі аэрапорта, якая, дастаўшы ўсё гэта “багацце” з маёй сумачкі, нешта цярпліва тлумачыла мне на розных мовах. А я ніяк не магла зразумець: чаго яна ад мяне хоча? А час прыспешвае, я пячонкай адчуваю – на гадзіннік страшна глядзець! – што “цыгель, цыгель, ай-лю-лю”… Нарэшце зразумела, што патрэбен пакецік, каб усё гэта скласці, і нават тое, што каштуе ён 20 цэнтаў. Але іх у мяне не было – усе “еўрапейскія” грошы, якія ў мяне заставаліся я, палічыўшы, што яны мне больш не спатрэбяцца, аддала пры развітанні дачцэ!
І тут я ў чарговы раз пераканалася, што свет не без добрых людзей. Нейкая жанчына, што стаяла за мной у чарзе, дала мне тыя 20 цэнтаў – а мо яна проста спяшалася, і яе “дастала” мая бесталковасць. А тая самая служачая аэрапорта, пашкадаваўшы ўшчэнт разгубленую кабету (уяўляю, як я там выглядала) пайшла ў аўтамат, што стаяў непадалёк – сама б я нізавошта не зразумела, што неабходны мне пакет трэба набываць менавіта там – і купіла мне тыя пакецікі, склала
туды ўсе маё “вадкія каштоўнасці” і выправіла з богам. У стане, блізкім да панічнага, я ледзь знайшла патрэбныя пасадачныя вароты – дзякаваць богу, загучала руская мова, і я зразумела, што гэта нехта з маіх спадарожнікаў на каўнаскі рэйс і рынулася ўслед. У салон самалёта ўляцела літаральна ў апошнюю хвіліну. З адзінай думкай: трэба вучыць англійскую, абавязкова!
Як вы, напэўна, зразумелі, тое “трэба” узнікае ўва мне з зайздроснай перыядычнасцю – як у зацятага алкаголіка жаданне кінуць піць. І пакуль што – з тым жа вынікам. Ну нічога, некалі ж настане той саамы запаветны панядзелак…
Хоць, па праўдзе кажучы, такіх экстрэмальных вандровак, як тое вяртанне з Берліна, у мяне – цьфу, цьфу, каб не сурочыць – больш не было. Хоць прыгоды, звязаныя, як правіла, з тым жа – няведаннем мовы – узнікалі амаль заўсёды.
Пры вылеце з Мальты, да прыкладу, служба бяспекі падораны мне масажор палічыла, напэўна, за нейкае выбуховае прыстасаванне – а я не магла нічога не толькі растлумачыць, але і зразумець, чаго ад мяне хочуць гэтыя сур’ёзныя дзядзькі. Добра, што там аказалася жанчына, якая ў падобных рэчах разбіраецца лепш, чым мужчыны – яна і пераканала сваіх калег, што ніякая я не тэрарыстка, а шчаслівая матуля, якая вяртаецца з казачнага падарожжа –ва ўсякім выпадку, я так пераклала для сябе яе эмацыянальны спіч. Хоць мужчыны ўсё ж на слова ёй не паверылі і ператрэслі мой чамадан да апошняга сувенірнага магніціка, і нават нясвіжскі штотыднёвік па старонках перагарталі…
У Рыме ў мяне не было пасадач нага талона на самалёт на Рыгу, толькі раздрукаваны камп’ютарны білет, які там лічыцца не больш, чым інфармацыйным квітком – і я не ведала, дзе і як атрымаць гэты сапраўдны “праязны дакумент”, без якога ў самалёт не пусцяць, і таму моцна хвалявалася – пакуль не пачула па гучнай сувязі ў аэрапорце аб’яву, у якой, у адрозненне ад папярэдніх, зразумела ажно два словы: “Рыга” і “Рыбік”…
Падлятаючы да Вены, не перавяла гадзіннік і, пераблытаўшы час, палічыла, што спазнілася на рэйс на Мальту – таксама зведала, адкуль выдзяляецца адрэналін. Доўга, ажно да адлёту, была пераканана, што самалёт спецыяльна затрымалі, каб мяне, прыпазніўшуюся вандроўніцу з іншага рэйса дачакацца – уяўляеце, якая саманадзейнасць?
У Вене служба бяспекі адабрала і выкінула ў сметніцу маю любімую расчоску з металічным наканечнікам – напэўна, пабаяліся, каб я з яе дапамогай не захапіла самалёт і не прымусіла яго ляцець у Беларусь… Хоць перад тым пры аглядзе ў Мінску яе проста “не заўважылі”.
Словам, у кожны паллет адбываліся нейкія прыгоды, якіх магло б не быць, калі б я ведала – хоць крышачку! – мову.
Пагэтаму мая парада ўсім, хто збіраецца за мяжу (сабе, спадзяюся, таксама): вучыцеся на маіх памылках. І вучыце мову! Найлепш – англійскую, бо менавіта яна зараз з’яўляецца мовай міжнацыянальных зносін.
Гэта патрэбна яшчэ і таму, што ўсё аэрапорты, як паказвае мой хай сабе і не самы багаты вопыт – розныя, хоць у іх існуюць агульныя правілы, звязаныя, як правіла, з бяспекай. У Рызе аэравакзал зусім невялікі і, прабачце такое параўнанне, вельмі клапатлівы: раз-пораз там гучаць аб’явы (у тым ліку і па-руску) кшталту: “Грамадзянка Іванова (ці грамадзянін Сідараў), які вылятае рэйсам на…, у апошні раз нагадваем вам: неадкладна прайдзіце да стойкі рэгістрацыі, вы затрымліваеце свой рэйс і іншых пасажыраў”. (А ў Вене мяне ніхто не клікаў і не чакаў! Гэта ж добра яшчэ, што з Вільнюса наш самалёт вылецеў са спазненнем усяго на дзве з паловай гадзіны, а калі б на ўсе тры? Страшна падумаць…). У Каўнасе і Вільнюсе аэрапорты амаль што хатнія, як зручныя растаптаныя тапачкі: там жа ўсе ведаюць рускую мову! На Мальце ён вельмі цёплы і ўтульны, нават для такіх, як я, хто мовы не ведае: тут і там стаяць навагоднія ёлкі (нават перад Калядамі я не бачыла іх ні ў Вене, ні ў Вільнюсе, ні ў Рыме), снегавікі, фігуркі мальтыйскіх рыцараў, з якімі гуляюцца дзеці і фатаграфуюцца дарослыя. А яшчэ там выстаўлены вельмі цікавыя скульптурныя кампазіцыі, і вісяць карціны – на жаль, разгледзець іх толкам не мела часу.
А найбольш мне спадабаўся аэрапорт у Вене. Я там была тройчы – летам мінулага года, калі лятала ў Штутгарт і вярталася назад, і ў снежні, калі ляцела на Мальту. Ён велізарны, адзін з буйнейшых па памерах і аб’ёме выконваемых рэйсаў у Еўропе – кожныя пяць хвілін адсюль уздымаецца ў неба некалькі самалётаў, якія бяруць накірунак на розныя гарады і краіны – і столькі ж прызямляецца. А ўзлётнае поле нагадвае цэлы горад – без дамоў, але з вуліцамі, дарожнай разметкай, святлафорамі… І пры гэтым Венскі аэрапорт вельмі зручны і функцыянальны. Мне здаецца, што ў ім нават такім, як я, “знаўцам” замежнай мовы немагчыма заблудзіцца: літаральна на кожным кроку – інфармацыйныя экраны (не тое, што ў Берліне!), указальнікі тэрміналаў і варот. І куды б ты ні трапіў, з якога б боку ні зайшоў, патрэбны табе напрамак знойдзеш. Я, напрыклад, падазраю, што як мінімум два разы я, блукаючы па незлічоных пераходах і калідорах, падымаючыся і спускаючыся па лесвіцах і эскалатарах, патрапіла некуды не туды, бо нечакана для сябе апыналася ў такой зоне, дзе на працягу добрага дзясятка хвілін не бачыла ніводнага чалавека – ні служачага, ні пасажыра. Не самае прыемнае, адчуванне, скажу я вам: ісці па такім вялізным будынку са шкла і бетону ў поўнай адзіноце і адчуваць, што ты згубіўся ў гэтым свеце… Але тым не менш урэшце я ўсё ж выбіралася “да людзей”, знаходзіла патрэбны мне тэрмінал і свае пасадачныя вароты – прычым самастойна! А яшчэ самалёт у Вене пад’язджае да самага выхаду з пасадачных варот, і пасажыры прама з будынка аэрапорта (ну з калідора, вядома, але ж не выходзячы на вуліцу) ступаюць прама ў салон самалёта (дарэчы, у Рыме гэтаксама), без усялякіх там трапаў – пры дрэнным надвор’і не самы немалаважны фактар. І не трэба ні на аўтобусе пад’язджаць, як у Штутгарце ці на Мальце – там, дарэчы, ехаць трэба вельмі доўга, ні пешшу ісці, як у Каўнасе ці Рызе...
А самае змрочнае ўражанне на мяне пакінуў – даруйце мне гэты непатрыятызм, але што ёсць, тое ёсць – Мінскі аэрапорт: нейкі цёмны ён, недагледжаны, няўтульны… А мо ўся справа ў тым, што і адлятала я, і прылятала туды ноччу?


– Якое ўражанне ад Мальты стала самым запамінальным? – такім супер-канкрэтным пытаннем “агарошыў” мяне пасля вяртання калега. І ўдакладніў:
– Самае галоўнае, у трох словах, не раздумваючы!
Лёгка сказаць – у трох словах перадаць сваё галоўнае ўражанне ад тыдня знаходжання ў іншым свеце!
І я расказала яму пра самае моцнае і самае першае ўражанне…


ПОРЫ ГОДА


…Калі я раніцай ад’язджала з дому, у нас было 15 градусаў марозу, да таго ж дзьмуў пранізлівы сцюдзёны вецер, і я адчувала сябе досыць некамфортна ў сваёй асенняй куртачцы.
У Вене пасажыраў нашага авіярэйса сустракаў і праводзіў праліўны дождж, і я ў чарговы раз парадавалася, што аэрапорт у аўстрыйскай сталіцы ўладкаваны так, што прама з салона самалёта трапляеш у калідор аэравакзала – бо прадбачліва захоплены з дому парасон я непрадбачліва здала ў багаж.
А ў той жа дзень вечарам, на Мальце, было таксама 15 – толькі з плюсам. Дачка сустракала мяне ў блузцы і туфлях, і побач з ёю я ў сваёй куртцы і ботах адчувала сябе зноў жа некамфортна і нават недарэчна. Нас абдымаў і лашчыў лёгкі цёплы ветрык, у якім выразна адчуваўся подых блізкага мора, дзяўчаты на тратуарах бліскалі голымі каленкамі, на клумбах і на балконах цвілі кветкі… Такое адчуванне, што трапіў у іншы, чароўны свет. Я, канешне, тэарэтычна ведала, што так бывае, і нават больш “крута”, што можна за адзін дзень з 30-градуснага марозу перанесціся ў 30-градусную спякоту – і наадварот. Але адна справа – ведаць, а зусім іншая – адчуць гэта ў прамым сэнсе гэтага слова “на ўласнай скуры”.
І затым я штодня глядзела ў інтэрнэце прагноз надвор’я ў Беларусі – і ніяк не магла ўявіць, што ў маім Астраўцы – то мароз, то валіць снег ці ідзе ледзяны дождж, людзі ламаюць рукі і ногі на галалёдзе… А тут – за акном звонка шчабеча заліваецца нейкая птушачка, будзячы мяне раніцай, шчодра свеціць сонца, зелянеюць пальмы, людзі ходзяць у майках і шортах (не ўсе – але і такіх было нямала).
У такія моманты я, хоць і здала ў свой час на “пяцёрку” марксісцка-ленінскую філасофію, усё ж вымушана была прызнаць, што мелі ў нечым рацыю філосафы-ідэалісты, якія сцвярджалі, што ўсё ў свеце існуе настолькі, наколькі мы яго бачым, чуем, адчуваем... Пра капрызлівую ў той мой мальтыйскі тыдзень зіму на радзіме я ведала – але пры гэтым адчувала подых цёплага верасня, і цяжка было паверыць, што так не ўсюды на свеце…
Зрэшты, пра верасень. З першага погляду я менавіта так вызначыла пару года, што стаяла ў той тыдзень, з 23 па 29 снежня, на Мальце. Удакладню: пачатак верасня, цёплага і пагодлівага.
Але чым больш мы падарожнічалі па востраве, тым больш я сумнявалася ў “перакладзе” мальтыйскіх з’яў надвор’я на звыклыя нам прыкметы пор года. Паспрабуйце гэта зрабіць самі.
Тэмпература – плюс 14-15, дажджоў на працягу ўсяго тыдня не было і нават не намячалася, яны, падобна, увогуле тут з’ява рэдкая. Як я ўжо казала, паўсюль цвітуць кветкі – у тым ліку і нашы беларускія асеннія аксаміткі – ну так, верасень! А яшчэ квітнеюць вішні: гэта што ж, вясна? Дарогі абсаджаны ярка-зялёнымі, нібы толькі распусціўшыміся аліўкавымі дрэвамі – пачатак лета? А вось вінаграднікі стаяць абсалютна голыя, ні лісточка – на прадзім’е? Спеюць мандарыны – упершыню ўбачыла іх на дрэвах, а не на прылаўках магазінаў – і нейкія незразумелыя плады (кажуць, па смаку яны нагадваюць мядовую дыню, але паспытаць я не адважылася) на вялізных кактусах, якімі, як снегазатрымліваючымі лесапасадачнымі палосамі ў нас, абсаджаны дарогі – значыць, усё-такі восень? На палях (пра мальтыйскія палі – размова асобная), дзе нешта буйна зелянее і кусціцца – з вышыні двухпавярховага аўтобуса складваецца ўражанне, што гэта бульба ці памідоры: менавіта гэтыя прадукты харчавання, як з гонарам паведаміла нам экскурсавод, Мальта экспартуе за мяжу, практычна ўсё астатняе яна ўвозіць у краіну, пераважна з Італіі). Нешта расце ў
парніках, схаванае пад покрывам плёнкі. Недзе палі толькі ўзараны, у іншых месцах на іх ужо з’яўляліся рэдкія ўсходы… Словам, я для сябе так і не змагла вырашыць, якая кліматычная пара года стаяла ў канцы снежня на Мальце – магчыма, у чытачоў атрымаецца лепш.
Але ў адпаведнасці з календаром краіна ва-ўсю рыхтавалася да святкавання Ражаства і Новага года. Паўсюль стаялі прыбраныя ёлкі – штучныя, вядома, натуральныя я там бачыла толькі сосны. Праўда, на нашы яны падобныя толькі шышкамі і сваім водарам. Іголкі на іх – сантыметраў 30, а то і больш; ствол – прысадзісты, раскідзісты і каржакаваты, як у нашых старых яблынь. Прыносіць у дом і прыбіраць такую на Новы год – ні карысці, ні радасці.
А вось штучныя ёлкі на Мальце – самыя разнастайныя. Найбольш уразіла мяне ўбачаная ў Валецце вялізная ёлка, зробленая з рознакаляровых шкляных шароў – Мальта ганарыцца сваім гозскім шклом, якое вырабляецца на востраве Гоза (не блытаць з астравецкай вёскай). А ў прыбярэжным горадзе Сліма кінулася ў вочы “ маладзёжная ” ёлка, зробленая, як мы зразумелі, навучэнцамі нейкага каледжа, цалкам з пластыкавых адходаў – “прыкольна”, як сказалі б нашы дзеці.
На вуліцах Валетты, сталіцы Мальты, – яшчэ і вельмі прыгожыя, захутаныя ў штучны “іней” і ўбраныя дробненькімі, як пацеркі, рознакаляровымі гірляндамі, дрэўцы. Нябачаным на Мальце снегам тут “працуюць” яшчэ і снегавікі, якія разгульваюць па вуліцах, зазываючы гасцей у свае магазіны ці рэстараны. І паўсюль – Санта-Клаусы: то ён, разумнік, на скрыжаванні кніжку чытае, то спрабуе да некага залезці на балкон… А яшчэ – амаль што нашы калядныя “шопкі”, якія ўсюды: на вуліцах, на балконах дамоў, пры ўваходзе ў рэстаран ці магазін – не кажучы ўжо пра храмы.
Так што з мальтыйскай парой года я так і не вызначылася. Здаецца, у гэты час там гасцююць, як у казцы Маршака, усе дванаццаць месяцаў.


ПАЕХАЛI!??


Мальтыйскія дарогі, транспарт і паводзіны вадзіцеляў на дарогах – гэта яшчэ адно моцнае ўражанне ад Мальты – адно з нямногіх, атрыманых там са знакам “мінус”.
Увогуле наша сваяцка-сяброўская інтэрнацыянальная кампанія – двое шведаў і двое беларусаў – на першым часе хацела браць на пракат аўтамабіль – падарожжы для чатырох чалавек на грамадскім транспарце, адна паездка для кожнага на якім каштуе прыкладна 2.20 еўра – даволі накладна не толькі для беларусаў.
Сумненні ва ўладальніка вадзіцельскіх правоў з нашай кампаніі, шведа, узніклі, калі ён даведаўся, што на Мальце з часоў, калі краіна яшчэ была англійскай калоніяй – а закончыўся гэты час не так даўно, у 70-х гадах мінулага стагоддзя – захаваўся левастаронні аўтамабільны рух. Пагадзіцеся, цяжка, праездзіўшы ўсё жыццё па правым баку дарогі, у адзін момант перастроіцца на левы – і не забываць ні на хвіліну, што ты – на Мальце… Гэтыя сумненні перараслі ва пэўненасць, што садзіцца тут за руль не варта, калі нейкі знаёмы знаўца мясцовых традыцый паспрабаваў яго супакоіць: “Ды ты не перажывай! Галоўнае на Мальце – не прытрымлівацца ніякіх правілаў дарожнага руху – і ўсё будзе добра!” Такое “супакойванне” законапаслухмянага шведа прывяло ў лёгкі шок – і канчаткова пераканала, што грамадскім транспартам – яно, можа, і даражэй, але затое спакайней.
Хоць гэта – як сказаць. Адчуць спакойнае задавальненне ад падарожжа на мальтыйскіх дарогах мы не змаглі нават у якасці пасажыраў. Той жа лёгкі шок суправаджаў нас падчас вандровак на любым відзе транспарту.
Трэба зазначыць, што дарогі на Мальце – гэта, па маім меркаванні, адзін вялізны і суцэльны “фактар рызыкі”. Гэты востраў-дзяржава – адносна невялікі па памерах, і ўрадлівая глеба там – адна з самых вялікіх каштоўнасцей. Марнаваць яе, будуючы шырокапалосныя прасторныя дарогі кшталту беларускіх – недазваляльная раскоша. Таму дарогі там вузенькія, як правіла, дзвюхпалосныя, немагчыма звілістыя. Раз-пораз яны ныраюць у тунэлі ці пятляюць па самым узбярэжжы мора, аддзеленыя ад магутнай марской хвалі ўсяго толькі невысокім парапетам. І пры гэтым з другога боку дарогі – высачэнная каменная сцяна… Падчас такога падарожжа вочы міжволі заплюшчваюцца, і самі па сабе ў памяці ўсплываюць словы ўсіх малітваў, якія ведаеш і якія ўжо забыўся.
Асобная размова – вуліцы ў гарадах, асабліва старажытных, якіх на Мальце шмат (заўважу: не асобныя дамы, крэпасці ці храмы там датуюцца 12-14 стагоддзямі, а цэлыя гарады!) Ідучы па іх, міжволі ўзгадваеш бессмяротную камедыю Леаніда Гайдая “Брыльянтавая рука” і прыгоды яе герояў у “Стамбуле – горадзе кантрастаў”. Вулачкі тут вузенькія ну проста да немагчымасці – каб не блакітная стужка неба недзе ў недасягальнай вышыні ды ні з чым непараўнальны водар блізкага мора, які суправаджае цябе паўсюль, то можна было б падумаць, што ідзеш па вузкім доўгім калідоры ў неймаверна вялікім доме. Цяжка ўявіць, як па гэтых вулачках можна хадзіць, не сутыкаючыся адзін з другім – але ж тут умудраюцца яшчэ і ездзіць, і машыны паркаваць!
Ды каб жа проста ездзіць! Літаральна ў першыя хвіліны знаходжання на Мальце мы пераканаліся, што вадзіцелі тут і сапраўды вельмі вольна адносяцца да правілаў дарожнага руху. Скажам, той, што сустракаў нас у аэрапорце, на першым жа скрыжаванні, прытармазіўшы перад чырвоным вочкам святлафора, праз хвіліну, пабачыўшы, што скрыжаванне пустое, пасігналіў весела машынам, што паслухмяна стаялі і чакалі зялёнага святла – маўляў, дурні вы, час марнуеце – і рвануў на чырвонае, прымусіўшы нас мацней уціснуцца ў сядзенне. Навошта там на дарогах намаляваны пешаходныя пераходы, я ўвогуле не зразумела: на “зебру” не звяртаюць увагі ні пешаходы, ні вадзіцелі. Вялізныя аўтобусы “гармонікі” па гэтых неймаверных дарогах імчаць з такой жа неймавернай хуткасцю – і пры гэтым трашчаць, рыпяць і бразгацяць так, што здаецца: вось-вось разваляцца прама на хаду.
І пры гэтым за той тыдзень я не бачыла на Мальце ніводнай аварыі, нават самай дробнай!
А вы кажаце – самалёты…


ГАРАДЫ – СТАРАЖЫТНЫЯ І СУЧАСНЫЯ


Здавалася б, гарады – яны і на Мальце гарады: шматпавярхоўкі, вуліцы, кафэ ды рэстараны, магазіны… І ўсё ж вазьму на сябе смеласць свярджаць, што тут яны асаблівыя. І вызначаюцца нават не вузкімі вулачкамі, левастароннім рухам, шалёнымі вадзіцелямі і такімі ж пешаходамі. А чым? Паспрабую растлумачыць…
Мальта – востраў старажытны – і з такімі ж старажытнымі паселішчамі. Расказваюць, што некалі ён быў злучаная з Сіцыліяй і Афрыкай перашыйкамі сушы – пра гэта сведчаць раскопкі археолагаў і знойдзеныя імі шкілеты сланоў (а мы спачатку ўсё гадалі, як на гэтым востраве, з усіх бакоў акружаным Міжземным морам, маглі з’явіцца людзі і цывілізацыі, які датуюцца данашаэрным перыядам). Прычым, хоць са стратэгічнай кропкі гледжання Мальта заўсёды была “смачным кавалачкам” для ўсіх, хто праплываў з Еўропы ў Афрыку і Азію, і востраў захопліваўся то карфагенянамі, то рымлянамі, то арабамі, то нарманамі, то іспанцамі – войнаў і разбурэнняў, як такіх, тут не было.


З гэтай нагоды дазвольце зрабіць невялікае адступленне. Гід нам расказваў, што, калі ў 1798 годзе Напалеон Банапарт са сваім войскам ішоў заваёўваць Егіпет, то спыніў сваю эскадру каля Мальты і папрасіў у тагачасных улад вострава дазволу зайсці ў порт і папоўніць запасы вады і правіянту. Маленькая, але гордая Мальта катэгарычна адмовіла ўзурпатару. Тады войскі Напалеона без дазволу сышлі на бераг і занялі востраў за некалькі дзён, без адзінага стрэлу. І знаходзіліся там некалькі гадоў. (Ну не памятаю я дакладна, колькі! Калі для вас гэта прынцыпова, паглядзіце ў інтэрнэце!) – аж пакуль іх адсюль не “выкурылі” англічане. Якія затым зрабілі Мальту сваёй калоніяй – зноў жа без усякіх войнаў і разбурэнняў – і валадарылі тут ажно да 1964 года мінулага стагоддзя, і яшчэ да 1979 года тут знаходзіліся ваенныя базы каралеўства.
Праўда, другі гід – мусіць, ідэалагічна лепш падкаваная – шмат расказвала нам пра гераічную барацьбу мальтыйскага народа – спачатку супраць французскіх, а падчас Другой сусветнай вайны – супраць нямецкіх акупантаў. У гады апошняй вайны на Мальце нават была ўласная авіяцыя – у складзе ажно трох самалётаў, якія мелі ўласныя імёны – “Вера”, “Надзея”, “Міласэрнасць”. Гід не паведаміла, колькі варожых самалётаў збіла гэтая гераічная тройца – падазраю, што ніводнага, інакш нам бы абавязкова пра гэта расказалі. Але сам факт наяўнасці ўласнай дзяржаўнай авіяцыі захоўваў баявы дух жыхароў вострава, і яны нават збіралі сродкі, каб падтрымліваць узлётную паласу ў належным стане. Потым, праўда, гераічныя мальтыйскія лётчыкі ўсё ж загінулі – не бяруся сцвярджаць, што ў паветраным баі, пра гэта нам нічога не расказвалі.
А вы кажаце – навошта нам патрыятычнае выхаванне?..


Дык вось, вяртаючыся да гарадоў… Яны тут у большасці сваёй – вельмі старажытныя. Сталіца Валетта, пабудаваная ў 15-м стагоддзі рыцарамі (вось што пра Мальту ведаюць, напэўна, усе – дык гэта аб тым, што ён у свой час належаў рыцарам Мальтыйскага ордэна), лічыцца “новай”, “маладой” сталіцай. А ўжо прыбярэжны горад-курорт Сліма, дзе мы найбольш “тусаваліся”, – і ўвогуле “пацан”: падумаеш, узнік у нейкім там 19-м стагоддзі, калі марскія набегі піратаў сталі не такімі частымі і небяспечнымі, і людзі дазволілі сабе сяліцца на ўзбярэжжы мора!
На востраве – своеасаблівая архітэктура.
Са старажытнымі ўсё ясна: старажытнасць – яна і на Мальце старажытнасць, тым і выклікае асаблівую цікавасць. Стыль пабудоў у шматвяковых мальтыйскіх гарадах – пераважна барока, велічнае і пампезнае.
Першае ўражанне ад старажытных гарадоў – захапленне: якая прыгажосць! І здзіўленне: як жа пяць-шэсць стагоддзяў назад, калі не было яшчэ ні пад’ёмных кранаў, ні экскаватараў, ні нашых БелАЗаў… І “пачуццё прысутнасці”: здаецца, фізічна адчуваеш, як з кожнага акна, з-за кожнага павароту на цябе цікаўна – з не меншай цікаўнасцю, чым ты імкнешся разгледзець, злавіць у знікаючых рысах яе аблічча – паглядвае Яе Вялікасць Гісторыя. А што, ёй жа, пэўна, таксама неабыякава, як зараз жывуць сучаснікі? Як яе, мінуўшчыну, інтэрпрэтуюць, прэпарыруюць, прыхарошваюць ці пэцкаюць брудам. Ды што там – давайце называць рэчы сваімі імёнамі: банальна перабрэхваюць, махлюючы на кожным кроку (ох, і майстар жа на гэтыя рэчы наш брат-журналіст! Прычым з-за сваёй выключнай таленавітасці: ну калі не ведае ён дакладна, што сказаў Напалеон мальтыйскім жыхарам – то чаму б гэта не прыдумаць?).
А паблукаеш па такім горадзе гадзінку-другую – і пачынае здавацца, што гэтыя велічныя купалы, калоны, сцены зараз раздавяць цябе, маленькага чалавечка, да таго безабаронна-чужога, як блыху… Адчуваеш сябе ліліпутам у краіне гулівераў…
Да таго ж усе пабудовы тут – аднаго колеру: светла жоўтага, як сказаў нам гід, “мядовага” – хоць на конт гэтага азначэння я б паспрачалася… Гэты ўсеагульнажоўты колер сустракае цябе з першага кроку па Мальце і суправаджае да адлёту, спачатку зачароўвае, а напрыканцы ўжо пачынае раздражняць.
Як аказалася, куфэрак адчыняецца проста: першы з двух карысных выкапняў, якія ёсць на востраве (другі – пясок, з якога робяць знакамітае гозскае шкло) – так званы “лаймавы камень”, па-руску – “известняк”, па беларуску – вапняк. З яго тут, асабліва ў стражытных гарадах, зроблена літаральна ўсё: храмы, дамы, ахоўныя сцены… Ён – пад нагамі ў нейкім падабенстве гарадскога парку і на ўзбярэжжы мора, парослы кактусамі (уяўляеце: нашы “шчучы хвост”, алоэ і іншыя кактусы, назвы якіх я ведаю дрэнна, там растуць проста на вуліцах гарадоў і ўздоўж дарог!)
Падчас падарожжа па востраве мы бачылі кар’еры па распрацоўцы “лаймавага каменю”: хоць нам і сказалі, што зараз новыя распрацоўкі па яго здабычы не адкрываюцца, бо адзін з двух галоўных дэфіцытаў на востраве – гэта зямля.
Але пра мальтыйскія дэфіцыты – крыху пазней (тыя, хто чакае сустрэць тут асартымент тамтэйшых магазінаў і цэны ў іх, можаце адкладваць газету ўбок – я не пра тыя дэфіцыты. Зрэшты, у магазінах дэфіцыту, нягледзячы на даволі бедную і вельмі своеасаблівую прыроду Мальты, няма).
З наведаных намі гарадоў найбольш уразіў “мёртвы горад” Мдзіна – старажытная сталіца Мальты. Раней, калі жыхары вострава падвяргаліся пастаянным нападам піратаў, гарады стараліся будаваць як мага больш непрыступнымі: падалей ад мора, у глыбіні вострава, на ўзвышшах. Мдзіна ў гэтым сэнсе – класічны горад-крэпасць: стаіць на высокім узгорку, высачэнныя і таўшчэнныя ахоўныя сцены, складзеныя (а мо нават і высечаныя) з таго самага вапняку, перад уваходам у горад – ахоўны роў глыбінёй (на вока) з пяціпавярховы дом, а шырынёй – метраў 50 (зараз там растуць мандарынавыя
дрэвы), вузенькія – у паўтара-два метры – вулачкі з высокімі дамамі, скрозь дахі якіх ледзь прабіваецца шчодрае мальтыйскае сонца… Блукаеш па такім горадзе, як у каменных джунглях. Асабліва, калі ўлічыць, што горад на самой справе мёртвы: у ім зараз ніхто не жыве, усе жы- хары перабраліся у больш прыстасаваны да рэалій сённяшняга жыцця Рабат, які знаходзіцца побач. А ў Мдзіне можна сустрэць толькі такіх, як мы, цікаўных і рознамоўных турыстаў. Там нават традыцыйных сувенірных лавак і кафэшак амаль што няма! Словам, музей пад адкрытым небам! Дзе, тым не менш, мы сустрэлі – і гэта было асабліва дзіўна! – музыканта. Які іграў на нашых беларускіх цымбалах! (Ну, можа, і не зусім на нашых, але вельмі падобных). Які ўсё-такі цесны свет… І як шмат у нашых культурах, такіх розных, падобнага…
Архітэктура сучасных гарадоў своеасблівая – рознаўзроўневая, няма нашых шэрых ці хоць бы сабе і рознакаляровых “каробак”: у кожным доме ідзе нейкі перапад паверхаў, узроўняў, нейкія “цякучыя”, плаўныя, акруглыя формы… Прыгожа!
Што яшчэ ўразіла – поўная адсутнасць граніцы пераходу аднаго горада ў другі. Мы жылі ў Сан-Джуліяне і практычна кожны дзень ездзілі ў Сліму, і мяжы – ні прасторавай, ні абазначанай нейкім знакам з назвай горада – я за ўвесь гэты тыдзень так і не ўбачыла. Зрэшты, як і між іншымі гарадамі. Падчас экскурсіі толькі са слоў гіда можна было зразумець, што мы пакідаем адзін горад і ўязджаем у другі – вызначыць на вока гэта немагчыма.
Праўда, у цэнтры вострава населеныя пункты стаяць усё ж асобна адзін ад другога. Ну зразумела, недзе ж трэба і “падножны корм” вырошчваць! Хоць з гэтым, як я зразумела падчас вандровак і расказаў гіда, на Мальце цяжкавата…


ШТО НА МАЛЬЦЕ Ў ДЭФІЦЫЦЕ?


На Мальце, як і ў Грэцыі, ёсць усё (зрэшты, гэта ўжо, здаец ца, тычыцца не толькі Грэцыі і Мальты). І ўсё ж тое-сёе і там у дэфіцыце…
Два дні з тыднёвага знаходжання на Мальце мы прысвяцілі аўтобусным экскурсіям па востраве: адна была па паўднёвым маршруце, другая – па паўночным. Хоць напачатку я вырашыла, што нічым асаблівым яны не павінны адрознівацца – якія адрозненні могуць быць на такім невялікім востраве, даўжыня якога – 27 кіламетраў, шырыня – 15, і ўвесь ён лёгка б змясціўся ўнутры Маскоўскай кальцавой дарогі. І усё ж пазней зразумела, што памылялася.
Трэба аддаць належнае мальтыйскаму турыстычнаму бізнесу: аўтобусныя экскурсіі арганізаваны вельмі граматна. Ажыццяўляюцца яны на спецыяльных двухпавярховых турыстычных аўтобусах. Другі паверх – адкрыты. І хоць там нашмат халадней, а часам – і проста страшна, асабліва калі аўтобус ідзе па высокім узбярэжжы, і хвалі мора плешчуцца, здаецца, каля самых яго колаў, ці да іх падступае высокі абрыў, ад якога цябе аддзяляюць толькі хліпкія парэнчы – затое непараўнальна больш цікава! Ды яшчэ ж адтуль можна і здымкі рабіць! Ці трэба казаць, што абодва дні я падарожнічала на другім паверсе аўтобуса?
Аўдыё-гід, які суправаджае ўсю экскурсію, расказвае пра адметнасці, традыцыі і гісторыю Мальты на 16 мовах – для таго, каб яго пачуць, трэба надзець спецыяльныя навушнікі (аднаразовыя, потым іх можна забраць з сабой – калі яны вам патрэбны, ці выкінуць у сметніцу. Я, вядома ж, забрала…), і з дапамогай тумблера, якім абсталявана кожнае крэсла, знайсці ў дынаміку патрэбную мову. Ну, беларускую на Мальце пакуль не асвоілі, ды і рускі пераклад экскурсіі, як потым крытычна заўважыла дачка, быў не лепшай якасці – яна, напрыклад, палічыла за лепшае слухаць расповед гіда на англійскай, аднак усё ж лепш слухаць на “дрэннай” рускай, чым нічога. І не трэба ўвесь час церабіць дачку за рукаў: “Што ён сказаў?”
Кошт двухдзённай экскурсіі для аднаго чалавека – 25 еўра (разам з аўдыё-гідам і навушнікамі). Аўтобусы адпраўляюцца кожныя паўгадзіны, незалежна ад таго, колькі пасажыраў набралася. У любым месцы, што вас зацікавіла (гід расказвае пра мясцовыя адметнасці даволі падрабязна) можна выйсці і паблукаць, схадзіць на экскурсію ў нейкі храм, парк ці проста “пашопіцца” ці паабедаць. А праз паўгадзіны ці больш сесці на наступны такі ж аўтобус – і працягваць экскурсію з перарванага месца…
Мы, акрамя Мдзіны, наведалі батанічным сад святога Антонія, дзе цвітуць беларускія аксаміткі, у штучных вадаёмах плаваюць лянівыя белыя лебедзі з яўнымі прыкметамі атлусцення і грацыёзна-высакародныя чорныя, па дарожках ганарыста разгульваюць індакачкі, прыгрэўшыся на сонейку, спарваюцца чарапахі і недзе ў птушніку па-вясковаму кукарэкаюць пеўні. І там жа растуць не бачаныя раней “тупыя, як дрэва” баабабы – і яшчэ невядома якія расліны, нават назваў якіх я не ведаю; спеюць лімоны і мандарыны; запрашаюць заблудзіцца зялёныя лабірынты з аліўкавых дрэў…
Пабывалі мы і ў рыбацкай вёсачцы, знакамітай сваімі кірмашамі – а найбольш тым, што адсюль пайшла традыцыя на кожнай рыбацкай лодцы прымацоўваць для прыцягвання ўдачы “егіпецкае вока”, колер якога розны ў кожнай вёсачцы – як пажартавала гід, у краіне, дзе на кожным кроку каталіцкія храмы, толькі “егіпецкага вока” для ўдачы і не хапае. А найбольш мне гэтая вёсачка запомнілася тым, што там я сустрэла сваю цёзку Ніну – так звалі афрыканскую саву, з якой гаспадар прапаноўваў сфатаграфавацца ўсім жадаючым за прыймальную для іх плату – ну як было не скарыстацца такой сустрэчай і такой прапановай, тым больш, што плаціць дачка?
Яшчэ мы пабачылі, як на шклозаводзе літаральна за хвіліну з бясформеннага кавалка расплаўленай масы з-пад рук майстра, пры дапамозе пары лёгкіх рухаў узнікае птушачка ці рыбка… Зрэшты, у нашай Бярозаўцы на шклозаводзе “Нёман” яны робяцца гэтак жа хутка і прыгожа… Мальтыйская гута адрозніваецца ад беларускіх хіба што цэнамі: малюсенькая вазачка, падсвечнік ці ёлачны шарык, вырабленыя шкляных спраў майстрамі, каштуюць ад 10 еўра – і да бясконцасці (столькі ў пераразліку на беларускія рублі каштуюць рэпрадукцыі карцінвядомых мастакоў).
Але найбольш падчас гэтых аўтобусных вандровак па Мальце мяне ўразілі палі – калі тыя кавалачкі зямлі, што мы бачылі, можна назваць гэтым словам. У нашым разуменні гэта хутчэй агароды…
Як я ўжо казала, зямля, асабліва яе ўрадлівы слой – адзін з самых галоўных дэфіцытаў на Мальце. Другі – вада, нягледзячы на тое, што яна абмывае востраў з усіх бакоў. Але тая – марская, салёная, непрыгодная ні для ўжывання, ні для паліву. А лета тут спякотнае, тэмпература звыш 30 градусаў, дажджы – з’ява рэдкая… І таму ўсе старанні тамтэйшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі скіраваны на тое, каб зберагчы і па магчымасці прымножыць гэтыя галоўныя дэфіцыты вострава.
Палеткі, на якіх нешта расце (ці нядаўна ўзараныя, ці толькі што ўбраныя – пра мальтыйскія “поры года” я ўжо расказвала) уяўляюць сабой 10-20 сотак зямлі, агароджанай з усіх бакоў плотам, складзеным з плоскіх, як бліны, камянёў асаблівым чынам, без прымянення якіх-небудзь змацоўваючых раствораў – нам гаварылі, што гэта вялікае майстэрства. Спачатку я падумала, што гэтыя каменныя агароджы – межы паміж участкамі. Аказалася, што не зусім: такім чынам мясцовыя земляробы змагаюцца супраць эрозіі ўрадлівага слоя глебы: такая агароджа не дазваляе рэдкім дажджам змываць яе ў мора – і адначасова прапускае вільгаць.
“А як жа яны ў такім разе апрацоўваюць зямлю?” – не магла разумець я другую “загадку” мальтыйскага земляробства.
Пакуль не ўбачыла на адным з “палёў” чалавека з нейкай тэхнікай, якая здалёк нагадвала наш мотаблок. Тады ўсё стала зразумела…
У якасці супрацьэразійнага сродку тут выступаюць і, як мы сказалі” б, “лесапасадачныя палосы”. Толькі там яны – кактусапасадачныя. Уяўляеце: тыя кактусы, што нашы гаспадыні-кветкаводы вырошчваюць на падаконніках, беражліва ахоўваючы ад усялякай заразы, – там растуць зараснікамі ўздоўж дарог! Вялізныя, лісты – як лапаты! А яшчэ, кажуць, іх выкарыстоўваюць падчас засушлівага лета ў якасці корму для жывёлы, бо іх мясістыя лісты багатыя вітамінам С: трэба толькі зрэзаць калючкі і верхні слой ліста – пажыўны і карысны фураж гатовы.
На поўдні краіны глеба мае чырванаваты колер – кажуць, што тут яна больш урадлівая. І, адпаведна, лапікі “палеткаў” там меншыя. На поўначы ж глеба іншага, светла-шэрага колеру – менш урадлівая, і “контурнасць палёў” там большая, самыя вялікія мо нават сотак да 50 даходзяць!
Вада – другі мальтыйскі дэфіцыт. Нават зараз, калі тэхнічныя сродкі дазваляюць яе здабываць з вялікіх глыбінь. І тым не менш нашы “кватэраздатчыкі” папярэдзілі нас, што ваду з крана піць нельга, яе можна выкарыстоўваць толькі для тэхнічных мэт. Гатавалі мы выключна з бутэліраванай. І нават, калі ў рэстаране наша спадарожніца папрасіла шклянку звычайнай вады, ёй давялося заплаціць за наталенне смагі 2 еўра – праўда, вада, як нас запэўнілі, была нейкая супер-пупер, ну абсалютна незвычайная і карысная…
А ўяўляеце, як пакутавалі ад смагі старажытныя мальтыйцы, калі яшчэ не прывозілі ваду з альпійскіх лугоў і горных рэчак у вялізных бутлях, і не было сучасных помпаў, каб “высмактаць” яе з нетраў зямлі… Застаецца толькі падзівіцца розуму і майстэрству старажытных геніяў – інакш не скажаш, якія і ў тыя часы ўмудраліся здабыць ваду з вялізных глыбінь (у гэтым плане таксама поўдзень вострава ў выйгрышы ў параўнанні з поўначчу: там ёсць залежы блакітнай гліны, якія ўтрымліваюць ваду). А потым – перакачаць яе на вялікія адлегласці ў гарады. Для гэтага, як нам патлумачылі, на вуліцах старажытных гарадоў былі пабудаваны складаныя аркады, па якіх продкі сучасных мальтыйцаў умудраліся дастаўляць ваду да “спажыўцоў”. Для высокапастаўленых асоб “блакітных крывей” яе пастаўлялі прама ў іх шыкоўныя палацы. А беднякі набіралі ваду ў фантанах, што білі ў цэнтры горада. Абсалютна бясплатна, гэта значыць – дарма!


Я ўсё спрабую адказаць на пытанне свайго знаёмага аб найбольш моцных уражаннях ад Мальты – і не магу канчаткова вызначыцца: што ж было галоўным? Перамяшчэнне за 12 гадзін з марознага снежня ў цёплы верасень? Так! Дарогі, прырода? Безумоўна! Авеяныя гісторыяй гарады? Ну канешне! А яшчэ – людзі… І – мора!

ЛЮДЗІ. І МОРА!


Не магу пахваліцца, што з’яўляюся вялікім знаўцам народаў розных краін, і ўсё ж мне ўяўляецца, што мальтыйцы адрозніваюцца ад сярэднестатыстычных еўрапейцаў – калі такія ўвогуле існуюць. Яны – вельмі адкрытыя, вясёлыя, добразычлівыя – ва ўсякім выпадку, тыя з іх, што сустракаліся нам.
Першая сустрэча з мальтыйскім абарыгенам адбылася ў першы ж дзень, дакладней – першы вечар нашага знаходжання на Мальце. Закінуўшы рэчы ў знятую на час адпачынку прыватную кватэру, мы, нягледзячы на стому ад пералётаў і перанесеных хваляванняў, пайшлі прагуляцца па залітым начнымі агнямі перадкалядным Сан-Джуліяну. Ну сапраўды – не спаць жа мы на Мальту прыляцелі ад сваіх снягоў ды маразоў!
Паблукаўшы па набярэжнай чароўнага ў любы час сутак заліва Спінола, надыхаўшыся паветрам, насычаным водарам мора і блізкай казкі, мы неўзабаве адчулі, што згаладаліся, і зайшлі ў бліжэйшую кафэшку, якіх тут у кожным горадзе – безліч і яшчэ трошкі.
Нас сустрэў афіцыянт – пякучы брунет у белай кашулі (не першай свежасці), расшпіленай ледзь не да пупа – а ад пупа гузікі былі зашпілены праз адзін. Не было ніякіх сумненняў у тым, што ён перакананы ў сваёй абсалютнай непераўзыдзенасці. Пакуль мы вывучалі пададзеныя нам меню і раіліся, выбіраючы стравы, афіцыянт, відаць, зразумеў, што ў нашай рознаўзроставай і шматнацыянальнай кампаніі двое шведаў і двое, скажам так, рускамоўных. Ён тут жа сказаў некалькі слоў па-шведску, а да нас з дачкой звярнуўся па-руску:
– Ну как я, впечатлил вас?
А калі даведаўся, што мы – з Беларусі, праявіў дасведчанасць і тут:
– О, Беларусь! Знаю!
Гэтым ён уразіў – прынамсі, мяне – яшчэ больш, і я не прамінула ўдакладніць, што ж менавіта ён ведае пра Беларусь?
Ну, паспрабуйце здагадацца, хоць бы з трох разоў, па чым нашу краіну ведаюць на Мальце? Лукашэнка? Трактар “Беларус”? Вікторыя Азаранка? Усё – міма!
Аказваецца, Беларусь ведаюць (ва ўсякім выпадку, гэты афіцыянт) таму, што ў нас – самыя прыгожыя дзяўчаты! Вось і падумаеш пасля гэтага, што ў нас з’яўляецца галоўным нацыянальным багаццем краіны…
Гэты мальтыйскі “мачо” нас сапраўды ўразіў. Праўда, пасля таго, як ён пераблытаў заказ і прынёс зусім не тыя стравы, што мы прасілі, уражанне стала не такім станоўчым… Але афіцыянта гэта, падобна, ніколькі не засмуціла і ні на грам не пахіснула яго ўпэўненасць у сваёй выключнасці.
Мальтыйцы ўвогуле, як мне падалося, гаворачы маладзёжным слэнгам, “не парацца” ні з якой нагоды. Калі мы адзначалі Ражаство на адкрытай тэрасе на марскім узбярэжжы, нас абслугоўвала вельмі поўная (калі не сказаць – тоўстая) і надзвычай вясёлая маладая афіцыянтка, якая адразу ж паведаміла, што ўжо прапусціла пару “дрынкаў” з нагоды свята і не вельмі прыемнай неабходнасці сустракаць яго на працоўным месцы. А ад шчодрых святочных чаявых дзяўчына ў дадатак да песень, якія да таго напявала ўвесь час, стала яшчэ і прытанцоўваць – так бы мовіць, “тры ў адным”, абслугоўванне з музычна-харэаграфічным суправаджэннем…
Дарэчы, хоць Мальта – амаль поўнасцю каталіцкая краіна, там, у адрозненне ад Германіі і Швецыі, нават на такія вялікія святы як Ражаство, працуе ўся сфера абслугоўвання – у Стакгольме, напрыклад, як расказвала знаёмая, што надумала адзначыць там Каляды, у святочную ноч працаваў толькі адзін рэстаран, месца ў якім трэба было замаўляць загадзя. Мы ж 25 снежня адправіліся ў круіз на цеплаходзе вакол Мальты – праўда, давялося крыху пачакаць “свайго” турыстычнага агента, з якім дамовіліся напярэдадні – пакуль ён збегаў дахаты дастаць з духоўкі сваю калядную індычку, якой збіраўся вечарам адзначыць свята.
Калі ўжо працягваць пра мальтыйскія сустрэчы, і не толькі з абарыгенамі… У тым круізе ўсе пасажыры – а іх было нямала – звярнулі ўвагу на дзіўную пару з ліку такіх, як і мы, турыстаў. Бабулька – гадоў пад 80 (а можа, ужо і за…), апранутая ў квяцістую сукенку з прэтэнзіяй на моду, паверх якой – дарагая пясцовая накідка (на двары, у нашым разуменні, нагадаю, – верасень, і многія ходзяць у майках). Давяршалі экстравагантны ўбор чорная бейсболка і боты на невялікіх абцасах. Бабулю суправаджаў, увесь час беражліва падтрымліваючы, сціпла, але бездакорна акуратна апрануты малады чалавек з такімі ж бездакорнымі манерамі. Усе пасажыры раз-пораз адводзілі позіркі ад навакольнай прыгажосці і кідалі іх на дзіўную пару, гадаючы, хто ж яны адзін аднаму, гэтыя такія розныя падарожнікі…
“Якімі клапатлівымі ўсё ж бываюць унукі”, – аптымістычна парадавалася я за незнаёмых мне людзей.
– Каханак! – саркастычна хмыкнула наша спадарожніца. – Багатая, відаць, бабулька, вось і купіла сабе “маладзёна”.
– Кампаньён, – выказала, як нам падалося, найбольш рэалістычную кропку гледжання на дзіўную пару дачка.
Сапраўды, на захадзе з даўніх часоў багатыя, але адзінокія пажылыя людзі наймалі сабе кампаньёна, каб той неяк дапамагаў ім змагацца з пакутлівай адзінотай: размаўляў, чытаў услых, суправаджаў паўсюль, цярпліва трываў непазбежныя старэчыя капрызы (уяўляю, як нехта з чытачоў зараз хмыкнуў: чаму б і не пацярпець за “кругленькую суму” – асабліва калі ў самога вецер у кішэнях гуляе?). Іх кампаньён – гэта нешта накшталт нашага сацыяльнага работніка, толькі, праўда, у нас ён яшчэ выконвае абавязкі і пакаёўкі, і асабістага повара, і прыбіральшчыцы – але зусім за іншыя грошы. І таму ні нашы пенсіянеры, ні іх сацыяльныя ”кампаньёны”, на жаль, не могуць сабе дазволіць падарожнічаць па свеце – ні разам, ні паасобку...
Спецыяльна для жанчын – хоць, зрэшты, магчыма, што найперш для мужчын: апранаюцца мальтыйцы гэтак жа свабодна і разняволена, як і жывуць: стыльна, модна, прыгожа – не ў прыклад жыхарам “бабулькі Еўропы”. Калі, напрыклад, у Берліне дзяўчына апране міні, калготкі, абуе туфлі на высокіх абцасах і выйдзе на вуліцу, то недвухсэнсоўных прапаноў ёй не пазбегнуць: так апранаюцца толькі жанчыны пэўнага роду заняткаў. На Мальце ж гэта ніхто не ўспрымае як нешта непрыстойнае, нават наадварот – і прыгожыя капялюшыкі, блузкі, сукенкі, шпількі тут можна сустрэць на кожным кроку. Зрэшты, джынсы, майкі, бейсболкі і красоўкі – таксама. Там, здаецца, увогуле нікому ні да каго няма справы: калі іх не асабліва “параць” уласныя праблемы, то якая ім справа да чужых?
І ўсё ж, напэўна, галоўнае ўражанне ад Мальты – не надвор’е, не гісторыя і нават не людзі. А – мора. Толькі перадаць яго словамі вельмі цяжка. Бо мора на Мальце асаблівае… Я такога ніколі не бачыла! Там я зразумела, чаму колер марской хвалі называецца менавіта так – і які ён насамрэч. У Чорным моры марскія хвалі і сапраўды амаль што чорныя (да таго ж часцей за ўсё – брудныя). У Балтыйскім – шэра-блакітныя, у залежнасці ад надвор’я.
А ў Міжземным моры вада сапраўды – колеру марской хвалі, ярка-бірузовага да бяздоннасці, нібы “вымаляваная” ў фота-шопе. І мора тут чыстае-чыстае, вада празрыстая да такой ступені, што на дне відаць кожны каменьчык і кожны малёк, не кажучы пра буйнейшыя рыбіны – нават каля гарадской набярэжнай. Гуляў бы дзень пры дні ўздоўж прыбою (для купання надвор’е ў студзені ўсё ж не самае падыходзячае) слухаў бы плёскат хваль, спрабаваў пачуць у ім зашыфраваныя пасланні прашчураў ці нашчадкаў…. Ці не таму лаўкі на набярэжнай часцей за ўсё пастаўлены “тварам” да мора – каб можна было, не адцягваючы ўвагу на паўсядзённую мітусню горада, размаўляць з морам, дыхаць ім, падпітвацца яго магутнай энергетыкай….
Асаблівая размова пра адну з найпрыгажэйшых мясцін Мальты – Блакітны грот. Сотні ці тысячы гадоў мора доўга і настойліва змагалася з прыбярэжнай скалой, спрабуючы скарыць яе, гордую і непрыступную. І часткова ёй гэта нават удалося: вада вымыла ў ганарліўкі ўсю вапнавую пароду. Але, як ні старалася, не змагла нічога зрабіць з гранітам. І ў выніку ў скале атрымалася досыць доўгая, мо з кіламетр, пячора, якая злучае два берагі скалы. У ёй паядналіся дзве магутныя сілы: мора і зямля, хваля і граніт.... Ці трэба казаць, што праплыць па гэтай пячоры на лодцы, атрымаўшы небывалае задавальненне і адрэналін – жаданне кожнага турыста? І мы ехалі да Блакітнага грота з тым жа жаданнем. Але надвор’е ў той дзень было досыць ветраным, мора – неспакойным, яно, быццам раззлаванае залішняй увагай цікаўных турыстаў да свайго асабістага жыцця, злосна шпурляла ім пад ногі высокія хвалі і пырскала ў твар халоднымі салёнымі пырскаміслязамі. А мо пакрыўдзіў яго хто ў той дзень?..
Зразумела, што лодкі ў такое неспакойнае надвор’е на ваду не спускалі. Таму мы справакавалі свой адрэналін толькі прагулкай па ўзбярэжжы і фатаграфаваннем на самым абрыве – калі глядзіш з іншага ракурсу на тое месца, дзе стаяў перад аб’ектывам фотаапарата, дух захоплівае – ад страху і прыгажосці… І ў выніку атрымаць асалоду ад непаўторнай прыгажосці блакітнага грота нам не перашкодзіў ніякі вецер.
А яшчэ на Мальце я не проста зразумела, а ўсвядоміла, што мора – гэта не толькі веліч, сіла, прыгажосць, але і шляхі зносін людзей. Аб гэтым сведчыць той факт, што ўзбярэжжа гэтага вострава – досыць папулярнае месца паркоўкі яхт. Якіх толькі назваў, сцягоў і партоў прыпіскі мы там не ўбачылі! (Беларускіх не было – маніць не стану). Падчас круізу я спрабавала палічыць, колькі ж яхт стаіць на спецыяльна абсталяваных прычалах ля марскога ўзбярэжжа – збілася на другой сотні і кінула гэтую марную справу. Як потым нам патлумачыў экскурсавод, мальтыйская паркоўка яхт папулярная ва ўсім свеце тым, што тут – самыя нізкія цэны на гэтую паслугу. (А вы што думалі: кінулі якар сваёй белаблакітнай “ластаўкі” ля любога прычала, як машыну ля пад’езда – і можаце спаць спакойна, пакуль не захочацца зноў выйсці ў мора? Не, мора – гэта вам не мікрараён Валадарскага ў Астраўцы! Хоць нешта агульнае, трэба прызнаць,
у іх усё ж ёсць: праціснуцца нашаму круізнаму цеплаходу міма мноства прышвартаваных яхт было гэтак жа не проста, як вечарам праехаць на машыне ці нават прайсці пешаходу з-за прыпаркаваных машын у дварах у гарадскім мікрараёне.
Але не яхтамі адзінымі… Найбольш папулярны на Мальце марскі транспарт – невялікія маторныя лодкі ці катэры. Іх тут называюць любоўна і пяшчотна – “качачкі”. І служаць яны, як нам расказалі, не толькі для асабістых патрэб уладальнікаў, але і ў якасці таксі. А што, вельмі зручна: на аўтобусе ўздоўж узбярэжжа ад Слімы да Валетты будзеш трэсціся хвілін 40 – а на “качачцы” да той сталіцы хвілін за 10-15 даімчыш, з асалодай і камфортам.
“Качачкі”, як і яхты, розныя. Ёсць шыкоўныя, сучасныя, дарагія. Ёсць сярэдняга класа. А ёсць і размаляваныя “карытцы”. Ну што ж, і на “Запарожцах” некалі ездзілі ў свет і нават за свет… І ніхто не памёр. А зараз кожнаму “Аўдзюху” падавай!


Не ведаю, ці хапіла ў мяне слоў і здольнасцей, каб расказаць вам пра Мальту – краіну-востраў, краіну-гісторыю, краіну-казку – так, каб вы змаглі яе ўбачыць, адчуць яе водар, зразумець – хоць, зрэшты, я і сама не ўпэўнена, што змагла гэта зрабіць за час тыднёвага знаходжання там.
Але адно несумненна: за гэты тыдзень я закахалася ў Мальту. Напэўна, без узаемнасці. Але ж – назаўжды!
І паспрабавала падзяліцца гэтай любоўю з вамі, шаноўныя чытачы…


-------------------------------------
Аматарка далёкіх і блізкіх
вандровак Ніна РЫБІК.