Гордимся своим земляком Александром Козловским!
3
На зімнім Кубку Еўропы па доўгіх кіданнях у партугальскім горадзе Лейрыя беларускія атлеты заваявалі пяць медалёў, паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. У пяцёрку пераможцаў і прызёраў спаборніцтва трапіў і наш зямляк, ураджэнец Спондаў Аляксандр Казлоўскі. Бліскучы вынік прынёс Аляксандру бронзавы медаль і асабісты рэкорд у кіданні кап’я на 73,39 метры.Спартсмен змагаўся з чатырнаццаццю лёгкаатлетамі ў маладзёжнай (U-23) катэгорыі. Адна з шасці спроб кідання кап’я аказалася выніковай і прынесла лёгкаатлету трэцяе месца. Наперад Аляксандр прапусціў толькі сапернікаў з Славеніі і Германіі.
У тэлефоннай размове Аляксандр падзяліўся ўражаннямі аб спаборніцтвах і сваёй перамозе:
– Асабліва хваляваўся за дзень да спаборніцтваў, таму што старт такога ўзроўню – першы ў маёй спартыўнай кар’еры. А падчас выступлення страх і хваляванне зніклі: я проста рабіў сваю справу і кідаў кап’ё ў сваё задавальненне… У выніку стаў бронзавым прызёрам Кубка Еўропы – гэта не толькі цудоўны вопыт, але і добрая перспектыва для мяне як спартсмена.
Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Аляксандра Казлоўскага прызвалі ў армію ў спартыўную роту. Верыцца, што за бліскучым еўрапейскім стартам будуць і новыя перамогі.
----------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота з асабістага архіва А. Казлоўскага.
