Гервятская школа поделилась опытом игры "Приказано выжить"
У кастрычніку мінулага года Гервяцкая школа стала абласным рэсурсным цэнтрам “Школа бяспекі”. А да гэтага была доўгая праца ў інавацыйным праекце рэспубліканскага ўзроўню, падчас якога школьнікі і педагогі вучыліся захоўваць бяспеку ў школе і дома. І мы вырашылі падзяліцца з іншымі педагогамі і школьнікамі сваімі напрацоўкамі і запрасілі вучняў раёна прыняць удзел у гульні “Загадана выжыць-3”, каб прадэманстраваць свае ўменні і навыкі бяспечнага жыцця.Мерапрыемства пачалося з урачыстага адкрыцця. Удзельнікаў гульні – а імі сталі 30 вучняў з усіх школ раёна – прывіталі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Людміла Апановіч, памочнік пракурора Астравецкага раёна Анастасія Юркойць, першы сакратар райкама ГА БРСМ Аксана Лазарава, якая, дарэчы, выступіла спонсарам мерапрыемства, а таксама члены валанцёрскага атрада “Надзея” Гервяцкай СШ, якія выступілі з агітбрыгадай “Школа бяспекі”. Затым надышла чарга папрацаваць педагогу-псіхолагу Веры Шурпіцкай, якая дапамагла ўдзельнікам гульні хутчэй пазнаёміцца.
Спаборніцтвы пачаліся з тэарэтычнай часткі – школьнікам неабходна было паказаць веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці і медыцыне. Па выніках тэстаў лепшымі знаўцамі ў гэтых напрамках сталі Альберт Юргелянец, Алег Пляўга, Арцём Іванцэвіч, Вадзім Мароз, Максім Вінаградаў і Аляксандр Сянюць.
Практычная частка гульні праходзіла ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Удзельнікі выпрабоўвалі свае сілы ў дартсе, армрэстлінгу, перацягванні каната і паласе перашкод. Па выніках праходжання ўсіх этапаў гульні вызначыліся пераможцы, якія атрымалі граматы, дыпломы і падзякі. Усіх удзельнікаў чакаў яшчэ і салодкі прыз – торт ад спонсара мерапрыемства.
Гульня скончылася. Упэўнена, што яе ўдзельнікі паехалі дадому задаволеныя, а тыя ўменні і навыкі, якія яны прадэманстравалі, а таксама набылі падчас мерапрыемства, дапамогуць падлеткам выбраць правільныя арыенціры ў жыцці.
Вольга КАТКОЎСКІС, намеснік дырэктара Гервяцкай СШ.
