В Спондах прошёл районный турнир по мини-футболу

На базе Спондаўскай школы прайшоў раённы турнір па міні-футболе. Удзел у ім прынялі шэсць каманд – юныя футбалісты з Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Міхалішкаўскай, Спондаўскай і Альхоўскай сярэдніх школ, Падольскага НПК і Трокеніцкай базавай школы. Яны сустрэліся на школьным стадыёне Спондаўскай школы, каб добра адпачыць і пазмагацца за званне пераможцы турніру, арганізатарамі якога выступілі аддзел адукацыі, Спондаўская школа, цэнтр творчасці і раённая арганізацыя “Белая Русь”.


Змагацца сапраўды было за што – прызы пераможцам прадаставілі раённая арганізацыя “Белая Русь” і Беларуская федэрацыя па футболе. Спецыяльны кубак турніру заснаваў і старшыня Спондаўскага сельвыканкама Віталій Іванавіч Івашкевіч. Вялікі ўклад у арганізацыю і правядзенне спаборніцтваў унёс настаўнік фізічнай культуры Спондаўскай школы, шчыры аматар футбола, энтузіяст Казімір Бабіч.
На працягу цэлага дня каманды школьнікаў спаборнічалі ў хуткасці, спрытнасці і майстэрстве гульні. Былі і непрадказальныя сітуацыі, калі здавалася, што мяч вось-вось трапіць у вароты саперніка – але ён ляцеў у штангу і не дазваляў атрымаць запаветную перамогу.
У выніку першае месца заваявала каманда футбалістаў з Трокеніцкай базавай школы. На другім месцы – гаспадары, вучні Спондаўскай школы. Трэцяе месца дасталося камандзе спартсменаў з Міхалішак. Усе каманды-пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі, кубкамі і падарункамі.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота з сайта govorim.by.