Футбольная премьера на пляже

Лета на выхадных парадавала сапраўды летнім надвор’ем – сонца было шчодрым на ласкавыя абдымкі і ўпарта клікала на вуліцу. Падобна, сама прырода вырашыла паспрыяць спартсменам – упершыню ў Астраўцы прайшоў адкрыты турнір па пляжным футболе на прызы асацыяцыі “Федэрацыя пляжнага футбола”.


Праўда, спачатку спаборніцтва пайшло крыху не па плану – як паведаміў арганізатар турніру Вадзім Лебядзевіч, на прапанову пагуляць у пляжны футбол пад астравецкім сонцам спачатку адгукнуліся каманды Ашмянскага, Смаргонскага раёнаў і зборная “БелАЭС”. Аднак форс-мажор унёс свае карэктывы і ў выніку на спаборніцтва атрымалася прыехаць толькі ў ашмянцаў.


Тым не менш нават такі паварот падзей не здолеў сапсаваць настрой удзельнікам – у назначаны час на пляжнае поле каля гарадскога стадыёна выйшлі прывітаць адзін аднаго тры каманды: Ашмянскага раёна, зборная каманда студэнтаў Астраўца і “Меліяратар”.


Гульні праходзілі па кругавой сістэме і па ўсіх правілах пляжнага футбола: удзельнікі гулялі басанож, матч складаўся з трох перыядаў па 12 хвілін кожны.


Першымі на пясчаную пляцоўку выйшлі футбалісты Ашмянскага раёна і студэнты. Поўныя сіл і прагі перамагчы, удзельнікі каманд па чарзе забівалі галы адзін аднаму. Пасля на нейкі прамежак часу лік застыў нічыёй 2:2. А затым яўная перавага перайшла да астраўчан. Не ведаю, які футбольны дух усяліўся ў нашых спартсменаў і адкуль яны чэрпалі энергію, бо нават стаяць пад сонцам было няпроста, але яны неўтаймавана насіліся па полі і адзін за адным забілі ў вароты ашмянцаў яшчэ два галы.


Трэці, апошні, перыяд, на табло 4:2, сонца – у самым зеніце, футбалісты абедзвюх каманд – стомленыя гульнёй. Здаецца, фінал сустрэчы прадказальны. Ды як бы не так! У чарговы раз упэўніваюся, што футбол – азартная гульня, дзе вынік раптам можа змяніцца за некалькі секунд. У апошнім перыядзе ў ашмянцаў адкрываецца другое дыханне і яны зроўніваюць лік. Не буду пераказваць апошнія хвіліны матчу, бо ўсё роўна не змагу перадаць усю вастрыню гульні. Сілы былі на зыходзе, пясок ад удараў па мячы ляцеў ва ўсе бакі, і нават у паветры адчуваліся разрады напружанасці. 5:5 – па-мойму, справядлівы і годны зыход гэтага матчу.


Наступнымі гулялі астравецкія каманды: зборная студэнтаў і “Меліяратар”. Першы перыяд пачаўся з хуткага і прыгожага гола ў вароты “Меліяратара”. На жаль, ён атрымаўся і апошнім. Стомленыя пасля ўпартай гульнявой дуэлі з ашмянцамі, футбалістам “маладзёжкі” было цяжка супрацьстаяць вопытным прафесіяналам “Меліяратара”, якія хутка зраўнялі лік, а затым вырваліся наперад. Хаця, трэба аддаць належнае студэнтам – яны змагаліся да апошняга і гульня атрымалася цікавай. Тым не менш перамаглі мацнейшыя: 4:1 на карысць “Меліяратара”.


У апошнім матчы ў больш выйгрышным становішчы аказаліся футбалісты Ашмянскага раёна – яны паспелі адпачыць, каманда “Меліяратар” толькі крыху перавяла дух. І тым не менш апошняя схватка была дастойнай, прыгожай і відовішчнай гульнёй за перамогу. Галы забіваліся то ў адны, то ў другія вароты, каманды па чарзе вырываліся наперад і гэтак жа зроўнівалі разрыў. А колькі разоў варатары, у літаральным сэнсе зарыўшыся ў пясок, выратоўвалі каманды ад галоў! Але фартуна была на баку каманды Ашмян, якія і выйгралі з лікам 7:5.


Такім чынам, прыгожы кубак пераможцаў адкрытага турніру па пляжным футболе паехаў у Ашмяны. На другім месцы – “Меліяратар”, трэцімі сталі футбалісты зборнай каманды студэнтаў Астраўца.


Акрамя гэтага, лепшым варатаром быў прызнаны Уладзімір Ташчан, лепшым бамбардзірам стаў Яўген Андрушойць, а лепшым іграком – Аляксандр Арлоўскі.


Марына МАЦКЕВІЧ.